Жыхар Латвіі ехаў у Беларусь і пазнаёміўся з умовамі беларускага ізалятара для палітычных
Мужчына нядаўна прыязджаў у Беларусь, каб пабачыцца з сынам, але яго спынілі на мяжы — у пункце пропуску «Грыгароўшчына». Прычына затрымання — падпіска на «забаронены канал», верагодна, на расійскі тэлеканал «Дождь», піша латвійскае выданне «Чайка».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: суполка «Очереди на границе Латвия-Беларусь» у фэйсбуку
Мужчына сам не памятае, калі ён падпісаўся на гэты канал, і ўвогуле не хоча каментаваць сітуацыю — пра яе расказала ягоная знаёмая.
Пасля затрымання жыхара Латвіі на тры дні змясцілі ў ізалятар. Умовы там былі вельмі цяжкія, як і заўсёды ў тых, каго затрымліваюць па палітычным артыкуле: без падушкі, матраца, коўдры, з рэгулярнымі праверкамі.
Пасля суда мужчыну прысудзілі штраф, ён вярнуўся ў Латвію. Але судовае рашэнне яму не выдалі, таму ён мае намер ізноў паехаць у Беларусь, каб атрымаць дакументы і аплаціць штраф.
Латвійскі МЗС не раіць жыхарам Латвіі ездзіць у Беларусь дзеля меркаванняў бяспекі. Аднак, нягледзячы на гэта, турфірмы з Даўгаўпілса працягваюць прапаноўваць такія паездкі.
Чытайце таксама:
Палітвязень зрабіў сэлфі проста ў камеры СІЗА на Валадарскага