Грамадства3737

«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі

Сяргей Ботвіч атрымаў гіганцкі тэрмін па артыкулах «шпіянаж» і «агентурная дзейнасць», аднак праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. З перададзенага ім з Ваўчыных Нор ліста становяцца вядомымі новыя дэталі ягонай справы. Ён заяўляе пра сваю невінаватасць.

Сяргей Ботвіч. Фота: belsmi.by

61-гадовы Сяргей Ботвіч адбывае свой 13-гадовы тэрмін у папраўчай калоніі №22 пад Івацэвічамі. Яна была збудаваная ў такой глушы, што зняволеныя празвалі яе Ваўчыныя Норы. Пасля пачатку масавых палітычных рэпрэсій у Беларусі Ваўчыныя Норы сталі месцам, дзе ўтрымліваюцца і сотні палітычных зняволеных. Трымаюць там і замежных грамадзян, якіх асудзілі за «шпіянаж» і па іншых падобных артыкулах.

Сяргея Ботвіча затрымалі летам 2021 года. І асудзілі пры канцы 2022 года. Толькі праз дзесяць месяцаў пасля суда інфармацыя пра яго трапіла ў СМІ— працэс быў закрыты, як і ўсе падобныя справы ў Беларусі цяпер. І толькі цяпер, праз чатыры гады пасля затрымання першая інфармацыя пра дэталі справы стала вядомая журналістам.

Ліст Сяргея Ботвіча напісаны шчыльным, роўным почыркам на невялікіх нататнікавых аркушах у клетку. 

З меркаванняў бяспекі людзей, праз якіх гэты дакумент трапіў у «Нашу Ніву», мы не можам назваць іх імёны і спосаб, якім пісьмо выйшла з калоніі. У выпадку ідэнтыфікацыі ім па беларускім заканадаўстве пагражала б да шасці гадоў зняволення.

З ліста вынікае, што Ботвіч настойвае на сваёй невінаватасці і лічыць сябе палітычным закладнікам. «Людзі, будзьце пільныя! — паўтарае ён у канцы ліста зварот чэшскага антыфашыста часоў Другой сусветнай вайны Юліюса Фучака. — У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар Еўрасаюза!» — засцерагае Ботвіч.

Раней СМІ і праваабаронцы меркавалі, што Ботвіч — грамадзянін Расіі. З ліста вынікае, што ён мае грамадзянства Літвы.

«Я быў выкрадзены супрацоўнікамі КДБ РБ і ўзяты пад варту 21.06.21 (будучы этнічным беларусам, я прыехаў праведаць сястру і наведаць магілы бацькоў і сваякоў). Паўтара года трымалі ў адзіночнай камеры. Падвяргалі 10-гадзінным допытам (скрыжаваным), пакідаючы без ежы і піцця на гэты час пры [маіх] хранічных захворваннях: цукроўка, посттрамбозны сіндром, гіпертанія і падагра», — расказвае Ботвіч у пачатку ліста.

Мне прапаноўвалі, піша ён, «ажыццявіць самаагавор пра нібыта шпіёнскую дзейнасць на карысць Літвы і абгавор органаў дзяржбяспекі Літоўскай Рэспублікі. Патрабавалі пацвердзіць той факт, што нібыта я з'яўляюся супрацоўнікам Дэпартамента дзяржбеспекі Літоўскай Рэспублікі. Па ўсіх дакументах я праходзіў як «иноразведчик».

Сяргей Ботвіч сцвярджае, што беларускія контрразведчыкі спрабавалі здабыць інфармацыю праз яго сям'ю ці шантажаваць яе.

«Адпачатку пагражалі маёй жонцы Вользе Ботвіч (Volha Botvich) і патрабавалі спешна прыехаць з дзіцем у Беларусь і прывезці мой службовы тэлефон, што нібыта я трапіў у бяду і такім чынам можна мне дапамагчы.

Ботвіч сцвярджае, што 27 красавіка 2022 года на памежным пераходзе «Прывалка» затрымалі грамадзяніна Літвы Валянціна Казлоўскага і ён «агаварыў мяне, сцвярджаючы, што з'яўляюся супрацоўнікам літоўскай спецслужбы. Таксама Казлоўскі быў папярэджаны, што не павінен расказваць пра гэты факт у Літве».

Ботвіч называе фрагмент асабістага нумара гэтага чалавека.

13 чэрвеня 2022 года, піша Ботвіч, быў праведзены іншы аператыўны эксперымент. «Нібыта ад майго імені пасярэдніцтвам мабільнай праграмы Тэлеграм спрабавалі развесці маю жонку Вольгу і пацвердзіць факт маёй працы ў LR VSD. У прыватнасці, прасілі (ад майго імя) пераслаць у Беларусь мой службовы тэлефон, а таксама пацвердзіць факт знаёмства з нейкім Томасам. На шчасце, мая жонка ўсё абвергла. Аднак беларускія спецслужбы выкарысталі гэты інцыдэнт, каб па-свойму інтэрпрэтаваць гэты факт. У прыватнасці, яны сцвярджаюць, што я настолькі заканспіраваны супрацоўнік, што нават жонка не ў курсе маёй прыналежнасці да LR VSD».

«Не маючы ніякіх доказаў, беларускія спецслужбы незаконна ўжылі да мяне арт. 358 і 358-1 і пры адсутнасці складу шпіянажу прысудзілі мяне да 13 гадоў пазбаўлення волі. (Каментаром да гэтага прысуду сталі словы прадстаўніка цэнтральнага апарата КДБ РБ: «Мы вас адпусціць не можам, вы дасцё інтэрв'ю ўсім міжнародным каналам)», — сцвярджае Ботвіч.

Ботвіч называе імёны супрацоўнікаў беларускіх спецслужбаў, якія вялі ягоную справу: падпалкоўнік М.В. Чаргейка, маёр Ю.С. Мароз, капітан Кухарчык.

«Я звяртаюся да ўсёй еўрапейскай дэмакратычнай грамадскасці, каб падтрымалі мяне і маю сям'ю, бо ў такой сітуацыі можа апынуцца любы жыхар Еўрасаюза. Гэты спрут з назвай з камуністычнага мінулага цынічна і нахабна прысутнічае на еўрапейскай тэрыторыі, урываецца ў прыватнае жыццё, запалохвае і вярбуе еўрапейскіх грамадзян, а таксама праслухоўвае іх тэлефонныя размовы».

«Людзі, будзьце пільныя! — вялікімі літарамі падсумоўвае свой ліст вязень. — Свабоду Сяргею Ботвічу і ўсім іншым палітычным закладнікам беларускага рэжыму!»

Публікацыя гэтага ліста можа прывесці да жорсткага ціску на Сяргея Ботвіча і ўзмацнення рэжыму, але чалавек, які перадаў зварот у Рэдакцыю «Нашай Нівы», настойліва прасіў яго апублікаваць. Па яго словах, гэта было свядомае жаданне зняволенага — расказаць пра сябе і перадаць вестку на волю.

Прызнанне палітвязнем

Беларускія праваабаронцы 27 верасня 2024 года прызналі Сяргея Ботвіча палітвязнем — разам з групай іншых асоб, якія былі асуджаныя па абвінавачванні ў агентурнай дзейнасці і шпіянажы.

«У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога выстаўленага яму крымінальнага абвінавачвання на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом, — гаварылася ў іх заяве. — Суды маюць права не дапускаць усю публіку або частку яе згодна з меркаваннямі маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або — у той меры, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, — пры асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных абставінаў разбіральніцтва павінна быць адкрытым для шырокай публікі, уключна з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, і не павінна, напрыклад, абмяжоўвацца пэўнай катэгорыяй асоб. Нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўленая доступу на судовае разбіральніцтва, судовую пастанову, уключна з асноўнымі высновамі, доказамі і прававой аргументацыяй варта даводзіць да агульнай галоснасці. Гэтыя патрабаванні не выкананыя судом у справе названых асоб».

Вызваленне палітвязняў: ніводзін грамадзянін Літвы не выйшаў

21 чэрвеня 2025 года беларускія ўлады ў адказ на візіт Кіта Келага, спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША, вызвалілі 14 палітзняволеных. Акрамя слынных Сяргея Ціханоўскага і Наталлі Дулінай, там былі менш вядомыя грамадзяне ці жыхары шасці краін, у тым ліку Польшчы, Латвіі, Эстоніі, але сярод не было ніводнага грамадзяніна Літвы. У літоўскіх СМІ выказвалася меркаванне, што гэта быў сігнал таго, што Мінск злы на Вільню за яе пазіцыю па пытанні санкцый і падтрымкі беларускай апазіцыі.

Як упершыню даведаліся пра Ботвіча

Нагадаем, як «Наша Ніва» ў 2023 годзе ўпершыню даведалася пра Сяргея Ботвіча і што пра яго вядома.

Тады прайшла інфармацыя пра чалавека, на якога наляцелі некалькі ўзброеных сілавікоў і паклалі тварам у асфальт. Гэта быў 32-гадовы Сяргей Ботвіч з Гродна, які працаваў кухарам у піцэрыі. Пазней яго асудзілі на 5 гадоў зняволення па абвінавачванні ў нібыта «арганізацыі масавых беспарадкаў» у 2020 годзе. «Наша Ніва» спрабавала высветліць яго лёс і наткнулася на інфармацыю пра суд над нейкім Сяргеем Ботвічам, які праходзіў у Гродзенскім абласным судзе. Артыкулы — «шпіянаж» і «агентурная дзейнасць». Той самы Ботвіч?

Не, выявілася, што гаворка пра ягонага цёзку — рэдкі выпадак, бо вельмі ж рэдкае прозвішча. 59-гадовы на той момант мужчына, як высветлілі мы, хоць і не мае беларускага грамадзянства, але вырас і жыў у Беларусі. Гэты Сяргей Іванавіч Ботвіч валодаў кампаніямі, агульны абарот якіх складаў сотні тысячаў даляраў, а частка іх была зарэгістраваная ў ЕС. 

Хто такі «шпіён» Сяргей Ботвіч?

Сяргей Ботвіч нарадзіўся ў аграрадку Новы Двор, які ў Свіслацкім раёне Гарадзенскай вобласці. Ён скончыў Мінскі інстытут замежных моваў — цяпер гэта Лінгвістычны ўніверсітэт. На чацвёртым курсе, яшчэ ў часы СССР, мужчына з'ездзіў у Францыю на стажыроўку.

Мы лічылі, што мужчына мае расійскае, а не беларускае грамадзянства, якое ён атрымаў у 1994 годзе.

Сяргей займаўся бізнэсам у Беларусі, Расіі, Францыі і Літве — у асноўным, гэта быў турызм і аптовы экспарт вугалю з Усходняй Еўропы ў краіны Балтыі і Заходняй Еўропы. 

Агульны абарот кампаній Ботвіча ў тлустыя гады складаў некалькі соцень тысяч даляраў у год. Гэта не вельмі вялікі бізнэс, але і не малы.

У 2014-м Ботвіч паўдзельнічаў у праекце будаўніцтва завода па вытворчасці драўнянага вугалю пад Свіслаччу. Дзяржаўная газета паведамляла, што на завод «прыцягнулі інвестыцыяў на 967 тысяч даляраў». Завод мусіла будаваць ААТ «БСПэнерджы», фірма з літоўскімі каранямі. Адным з ключавых інвестараў стала фірма са Свіслацкага раёна «Эрабль Груп», якая таксама экспартавала вугаль з Беларусі ў Францыю і Літву.

Яшчэ адзін ягоны буйны праект — купля маёнтка Багудзенкі каля Свіслачы за 30 тысячаў даляраў. Гэта драўляная сядзіба, якая была пабудаваная на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў і некалі належала Тадэвушу Бутаўт-Андрайковічу, мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Ботвіч дэклараваў амбітныя планы: стварыць там цэлы комплекс з дзвюма гасцініцамі і стайняй, а маёнтак адрэстаўраваць. Маўляў, там будуць цэлыя сафары-туры для багатых турыстаў, якія прынясуць раёну сотні тысячаў даляраў. Для турыстаў «папрасцей» меркавалася прапанаваць эка-забавы кшталту пешых вандровак. Ботвіч абяцаў навезці туды «сусветных зорак і прадстаўнікоў сусветных медыя», называў, у прыватнасці, імя футбаліста Златана Ібрагімавіча.

Маёнтак Багудзенкі. Фота: holiday.by

Праўда, нічога гэтага не ажыццявілася: Ботвіч звазіў туды толькі пару невялікіх груп замежных турыстаў, а абяцаныя рэстаўрацыйныя работы так і не пачаў. Гасцініца таксама не адкрылася.

У нейкі момант бізнэс пачаў сыпацца. Невядома, што менавіта адбылося, але вугальны завод так і не пабудаваўся, а на Ботвіча ў чэрвені 2018-га завялі крымінальную справу. Згодна са звесткамі з базаў, здабытых «Кіберпартызанамі», фабула крымінальнай справы супраць мужчыны гучала так:

«Ботвіч Сяргей… наўмысна, з карыслівых намераў, не збіраючыся выконваць узятыя на сябе абавязацельствы, шляхам падману і злоўжывання даверам, на падставе ўдзелу ў інвестыцыйным праекце па будаўніцтве завода па вытворчасці вугалю, завалодаў грашовымі сродкамі ТАА «Эрабль груп» у суме 734 тысяч еўра».

Вытворчасць па ёй была спыненая згодна п. 5 ч. 1 ст. 246 УПК — хутчэй за ўсё, мужчына выехаў за мяжу.

Сяргей Ботвіч у 2017-м, акурат тады дзяржаўныя органы пачалі яму дакучаць за тое, што на сядзібе не вядуцца работы. Фота: Беларусь сегодня

Штосьці дзіўнае адбывалася і з усімі іншымі фірмамі Ботвіча, якія мы адшукалі. Літоўскія амаль усе збанкрутавалі, французская і расійская дзейнасці не вядуць. Сядзібу Багудзенкі ў яго забралі, па стане на 2023 год яна безнадзейна прадавалася.

Мужчына ў апошні раз абнаўляў свой фэйсбук у ліпені 2021-га — гэта была аб'ява аб продажы машыны. За год да гэтага ён пісаў, што «беларусы маюць тысячагадовую гісторыю» ў адказ на нейкую рускамірскую публікацыю.

Далей мужчыну затрымалі. Ботвіча абвінавацілі па двух артыкулах — «шпіянаж» і «агентурная дзейнасць». Суд адбыўся ў кастрычніку 2022-га, судзіў яго Гродзенскі абласны суд.

Што датычыць яго 32-гадовага цёзкі-кухара, то яго ў выніку асудзілі па артыкуле за ўдзел у масавых беспарадках. Тое, што ў турму папалі два чалавекі з аднолькавым рэдкім прозвішчам, нагадвае нам пра масавы характар рэпрэсій. І пра тое, што справы аб «здрадзе радзіме» і «шпіянажы» множацца.

* * *

У цяжкі для Беларусі час «Наша Ніва» застаецца голасам усіх беларусаў, незалежна ад таго, хто яны і дзе жывуць, і перадусім голасам тых, хто не можа гаварыць унутры краіны.

Наша праца немагчымая без вашай падтрымкі. Ці вы беларусы, ці вы літоўцы: калі вы прачыталі гэты артыкул і вам важна тое, што мы робім, падтрымайце нас праз Патрэон, праз Пэйпол, або перадаўшы Рэдакцыі іх любым іншым зручным для вас спосабам, праз тых рэдактараў і журналістаў «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце асабіста.

А яшчэ — падказвайце нам, на што звярнуць увагу, і перадавайце інфармацыю знутры Беларусі праз сакрэтны чат у тэлеграме @nn_editor або на мэйл [email protected]. Або ў Сігнал ці іншым спосабам тым з рэдактараў і журналістаў «НН», якіх ведаеце асабіста.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары37

  • І сьмех і грэх
    27.07.2025
    Літоўская разведка не можа разабрацца з кадэбоўскімі правакацыямі на сваей тэрыторыі а тут прам літоўскі масад - у вачах беларускіх кадэбістаў
  • Фрагмент артыкула НН з 2001 года
    27.07.2025
    "Агульную ўвагу выклікаў выступ доктара гістарычных навук Н.Пятровай. Яна заклікала беларусаў не паддавацца на правакацыі і рацыянальна глядзець на падзеі апошняй вайны, то бок усенародную барацьбу савецкага народу, ненавідзець калябарантаў, лічыць Сталіна стратэгічным геніем, а Чэрчыля й Рузвэльта – прайдзісьветамі й здраднікамі.

    Не абышлося й без рытуальнага цытаваньня Юліюса Фучака: “Людзі, будзьце пільнымі!” Гэта ўжо што да пашырэньня NАТО."

    Яшчэ: Фучік не быў "антыфашыстам", а дзеячам Камуністычнай партыі Чэхаславакіі і ў часы камуністычнага таталітарызму стаў іконай рэжыму.

    Беларусы і так яшчэ не асэнсавалі камунізм, а Вы падтрымліваеце камуністычныя наратывы, навошта?
  • даведка
    27.07.2025
    Надеемся, это письмо узника прочтут лязгающие гусеницами у границы танки NATO.

«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі37

«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі

Усе навіны →
Усе навіны

На Міншчыне заўважылі два магчымыя тарнада

«Я страціла сэнс жыцця». Спявачцы Рыце Дакота забаранілі выступаць у Расіі30

У Будславе археолагі адкапалі старажытны падмурак касцёла

Былы беларускі ваяр суткі катаваў свайго сябра, а пасля забіў сябе40

Сёлета кляшчы кусаюць беларусаў амаль на 11% часцей, чым летась

Столькі праблем, а тут Стрыжак з яго падлеткавымі гульнямі40

Катар прыгразіў Еўропе скарачэннем паставак газу3

Колькасць пацверджаных расійскіх ваенных страт перавысіла 120 тысяч чалавек12

У цэнтры Брэста паставілі гіганцкі помнік гузіку9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі37

«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць