Грамадства55

«Я наведаў самую ізаляваную краіну Еўропы». Амерыканскі блогер расказаў, як прыязджаў у Беларусь у 2020-м і 2024-м

Блогер са Штатаў быў у Беларусі двойчы: першы раз — восенню 2020 года, калі ў краіне адбываліся масавыя пратэсты, а другі — у жніўні 2024-га. Відэа, прысвечанае гэтым падарожжам, ён выклаў некалькі дзён таму. Далей ён рушыў у Расію — і там яго затрымалі.

Скрыншот: Sabbatical / YouTube

Амерыканцу трапіць у Беларусь няпроста

«Я наведаў самую ізаляваную краіну Еўропы. Гэта было нялёгка» — так амерыканскі блогер Sabbatical (Томас Джон Бірд) назваў сваё відэа пра Беларусь. На першых секундах роліка — кадры з вокнаў апартаментаў на праспекце Незалежнасці, знятыя падчас першага візіту ў Мінск у верасні 2020 года. На ім людзі з нацыянальнымі сцягамі скандуюць «Усе сюды».

Выпуск пра нашу краіну блогер пачынае са словаў: «Беларусь — гэта краіна, поўная савецкай архітэктуры і гісторыі. Краіна з самай працяглай дыктатурай у Еўропе, якая падтрымала Расію ў вайне супраць Украіны».

Блогер тлумачыць, што трапіць у Беларусь было складана: спачатку трэба атрымаць візу, для якой неабходна пацвердзіць бронь гатэля. Акрамя таго, з Еўропы ў Беларусь не лётаюць самалёты, таму ехаць трэба праз сухапутную мяжу — Польшчу, Літву або Латвію. Візу амерыканцу адкрылі тэрмінам на чатыры дні — роўна на тэрмін ягонай броні.

Амерыканец ехаў праз Польшчу. Польская памежніца на рускай мове спытала ў яго, дзе ягоны другі пашпарт — відаць, падумала, што ён мае не толькі амерыканскае, але і, напрыклад, беларускае грамадзянства.

Гутарка з КДБ на англійскай

На беларускім баку мяжы не абышлося без выкліку на гутарку: падарожніка на англійскай мове пачалі распытваць спецслужбы — ці быў ён ва Украіне, ці мае там сяброў, што думае пра «спецыяльную ваенную аперацыю». Таксама папрасілі паказаць фота на тэлефоне. Пасля праверкі змесціва гутарка скончылася, і блогер атрымаў дазвол на ўезд у Беларусь.

«Адна добрая рэч у перасячэнні мяжы з Польшчы ў Беларусь — як толькі ты трапляеш на іншы бок, адразу апынаешся ў вялікім, па беларускіх мерках, горадзе», — адзначае амерыканец пра Брэст. Ён здзівіўся, што ў Еўропе існуюць два гарады з такой назвай.

Экстрэмальна нізкія цэны

Праз нізкія цэны на жыллё падарожнік вырашыў заночыць у Брэсце, хоць меў аплачаны гатэль у Мінску.

«Гатэльны нумар у Еўропе за $30 — цяжка ўявіць, што гэта магчыма», — кажа ён.

Апроч таннасці, амерыканец, як і іншыя замежнікі, адзначае надзвычайную чысціню:

«Беларусь і беларусы славяцца чысцінёй. Гэта частка культуры. Беларусь, мабыць, самая чыстая краіна ў Еўропе».

Беларусь ён называе «шэрай зонай паміж Захадам і Расіяй», дзе ўсё яшчэ працуюць заходнія брэнды і не ўведзеныя жорсткія фінансавыя абмежаванні, як у Расіі. Таму ён усё яшчэ можа карыстацца сваёй банкаўскай карткай.

Скрыншот: Sabbatical / YouTube

Пасля наведвання Брэсцкай крэпасці і ночы ў гатэлі падарожнік накіраваўся цягніком у Мінск. Яго ўразіла, што квіток каштаваў усяго $5, а міні-пончыкі і кава ў гранёнай шклянцы з падшкляннікам — толькі $1,5. Цягнік яму падаўся вельмі савецкім, а шклянку з падшкляннікам ён назваў вельмі дзіўнай, але прыкольнай канструкцыяй.

Скрыншот: Sabbatical / YouTube

Цэны пастаянна здзіўлялі амерыканца. Напрыклад, за таксі ад вакзала да гатэля ён заплаціў менш за $3. Таму ён неаднаразова падкрэсліваў: Беларусь — вельмі танная краіна.

Мінск блогер назваў «вельмі савецкім»: «У Расіі я не быў, але, паводле майго разумення, гэта літаральна самае савецкае месца, якое толькі можна наведаць», — сказаў ён.

Ён адзначыў, што на вуліцах горада вельмі мала людзей і што ў Беларусі шмат увагі надаецца тэме Другой сусветнай вайны:

«Нават у падземным гандлёвым цэнтры ёсць героі Другой сусветнай вайны. Герояў у барацьбе з нацыстамі тут вельмі шануюць».

Скрыншот: Sabbatical / YouTube

У 2020-м уцякаў ад міліцыі

Шпацыруючы па праспекце Незалежнасці, блогер знайшоў дом, дзе жыў чатыры гады таму:

«Вось тут я спыняўся апошні раз, калі быў у Беларусі. Я тады зняў кватэру праз Airbnb. Гэта была вельмі савецкая кватэра. З тых вокнаў уверсе быў выдатны від на ўвесь праспект».

Гэта быў 2020 год — год пандэміі. Амерыканцам было забаронена ехаць у большасць краін, але адкрытымі засталіся Мексіка, Танзанія і Беларусь.

«Тады можна было проста прыляцець у Мінск і атрымаць 30 дзён без візы. Беларусь хацела прыцягваць турыстаў, і можна было забраніраваць жыллё праз Airbnb. Зараз гэта ўжо немагчыма».

Блогер прызнаецца, што не ведаў, у якую сітуацыю трапляе:

«Я прыехаў у Беларусь у верасні 2020-га, калі ўжо адбываліся масавыя пратэсты, але нават не здагадваўся пра гэта».

Па яго словах, паездка ў Мінск была спробай схавацца на месяц ад глабальных каранцінных абмежаванняў: «Я яшчэ не быў ютуберам, ведаў мала пра Беларусь, Расію і Савецкі Саюз. Па-руску размаўляў толькі на самым простым узроўні».

З акна сваёй кватэры на праспекце Незалежнасці ён бачыў, як праходзілі маршы, як збівалі і затрымлівалі людзей. 

Скрыншот: Sabbatical / YouTube

Цэлы месяц амерыканец правёў у Мінску, і напрыканцы верасня ледзь не стаў ахвярай затрымання.

«Гэта было аднойчы ў канцы верасня, у адзін з выхадных. Я ўжо бачыў пратэсты, што праходзілі па галоўным праспекце, але не ведаў, куды яны скіроўваюцца гэтым разам. На той вуліцы было ціха, вельмі ціха. І раптам я азірнуўся і ўбачыў, як людзі бягуць у маім напрамку — зусім не дзеля спорту, а з чыстай, панічнай боязі.

Відавочна, набліжалася міліцыя. І тады мяне працяла думка: калі я застануся тут, мне можа прыйсці канец.

Хто ведае, што магло здарыцца з замежнікам, які выпадкова трапіў у эпіцэнтр падзей? І я таксама пабег. Я быў у жудасным страху. Усё навокал было зачынена. Я бег, пакуль не знайшоў маленькі рэстаран, што яшчэ працаваў. Забег туды, сеў за стол і на сваім пачатковым узроўні рускай сказаў, што проста хачу крыху схавацца. Яны мяне зразумелі.

Я праседзеў там некалькі гадзін, і мне проста прыносілі напоі — бясплатна. Ніхто нічога не патрабаваў.

Скрыншот: Sabbatical / YouTube

І вось тады я зразумеў нешта важнае пра краіны былога СССР: нават калі ты не займаешся палітыкай, дастаткова апынуцца ў няправільным месцы і ў няправільны час — і ўсё можа імгненна перайсці ў нешта значна горшае», — адзначыў ён.

«Гэты ўрок я, нарэшце, засвоіў. Але я ўсё роўна люблю людзей Беларусі і Расіі. Люблю асаблівую атмасферу Беларусі — яна зусім не падобная да астатняй Еўропы. Люблю гасціннасць да чужынцаў у абедзвюх краінах — пра якую, дарэчы, большасць іншаземцаў нават не здагадваецца.

Я ўжо не магу вярнуцца, але спадзяюся: калі-небудзь беларусы змогуць жыць у той краіне, пра якую марылі», — такімі словамі блогер завяршаў свой аповед пра Беларусь.

З Беларусі ён планаваў паехаць у Расію, але даведаўся, што замежнікі з ЕС і ЗША не могуць перасякаць беларуска-расійскую мяжу. Давялося тэрмінова шукаць іншы маршрут і накіравацца ў Літву, а адтуль у Эстонію, каб нарэшце трапіць у Расію.

У Беларусі ўсё скончылася пазітыўна. Аднак у Расіі амерыканца затрымалі — за тое, што ён знаходзіўся без дазволу ў 20-кіламетровай памежнай зоне з Кітаем.

Каментары5

  • Hotel in Brest
    06.06.2025
    По поводу гостинице в Бресте: забыли упомянуть что его ночью покусали клопы. Смотрите оригинал на Youtube.
    И где же та чистота?
  • Малдэр
    06.06.2025
    Hotel in Brest, калі паглядзіце, што было ў Парыжы два гады таму, то зразумееце, што не ў чысціні справа.
  • Žvir
    06.06.2025
    Hotel in Brest, za 30 usd heta narmaļna, klapy tam - heta častka hateļnaha servisu.

    Hateļ pryvatny, heta nie ŭ zalik, ci mala jakaja hrazišča ŭ kahosci ŭ chacie, ci škarpetki smiardziučyja, heta ž nia robić horad hraznym...

Цяпер чытаюць

Учора Мінск зноў затапіла. Чаму сталіца не гатовая да дажджоў?4

Учора Мінск зноў затапіла. Чаму сталіца не гатовая да дажджоў?

Усе навіны →
Усе навіны

«Заказаў больш, чым машын на лініі». Кіраўнік «А1 таксі» — пра цэны і беларускую мову ў дадатку2

Як самыя небяспечныя наркакартэлі свету захопліваюць Еўропу10

Багацце Ілана Маска за адзін дзень скарацілася на $34 млрд пасля сваркі з Трампам4

Намесніца рэдактара «Мінск-Навін» расказала, як змянілася яе жыццё пасля шлюбу з мусульманінам з Сірыі15

У Кіеве пад расійскім ударам загінулі трое ратавальнікаў

«Гісторыя не выклікае даверу». Польшча перадала Літве справу аб міжнароднай абароне беларускі, якая часта ездзіла ў камандзіроўкі7

«Я ведаю, што на гэтай вайне я здохну. Але хачу стварыць нармальны штуршок руху»: выйшла другая частка фільма «Волат. Жыццё на нулі»9

У Казахстане патлумачылі загадкавыя агні ноччу над краінай

Ціханоўская пра высылку з Беларусі ў жніўні 2020: Мне далі на зборы 20 хвілін43

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Учора Мінск зноў затапіла. Чаму сталіца не гатовая да дажджоў?4

Учора Мінск зноў затапіла. Чаму сталіца не гатовая да дажджоў?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць