БЕЛ Ł РУС

Новай прэм’еркай Літвы мае стаць 44-гадовая прафсаюзніца

6.08.2025 / 18:27

Nashaniva.com

Літоўскія сацыял-дэмакраты вылучылі на пасаду прэм'ер-міністра цяперашнюю кіраўніцу Міністэрства сацыяльнай абароны і працы, колішнюю прафсаюзную актывістку Інгу Ругінене.

Інга Ругінене

Інга Ругінене працуе на пасадзе міністра сацыяльнай абароны і працы Літвы са снежня 2024 года, яна дэпутатка Сейма ад партыі сацыял-дэмакратаў.

Новая меркаваная прэм'ерка нарадзілася 24 мая 1981 года ў Троках, як кажуць, у рускамоўнай сям'і. Па адукацыі яна магістарка аховы здароўя і юрыстка ў сферы працоўнага права, а таксама вывучала кіраванне лясной гаспадаркай.

З 2018 па 2024 год яна ўзначальвала Літоўскую канфедэрацыю прафсаюзаў. Была віцэ-прэзідэнткай Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (ITUC) і Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў (ETUC).

Кандыдатура Ругінене павінна быць узгодненая з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам. Пасля гэтага ён павінен прадставіць кандыдата на зацвярджэнне Сейму.

Пасада прэм'ер-міністра Літвы вызвалілася пасля таго, як 4 жніўня ранейшы кіраўнік урада Гінтаўтас Палуцкас пайшоў у адстаўку на фоне карупцыйнага скандалу.

Чытайце таксама:

У дроне, які заляцеў з Беларусі ў Літву, было выбуховае прыстасаванне

Летась у Вільні ў беларусаў нарадзілася каля 100 дзяцей

Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы: Расце рызыка затрымання літоўцаў у Беларусі

Прэм'ер Літвы Палуцкас падаў у адстаўку

Каментары да артыкула