Ціханоўская прапанавала Трампу, як далей дзейнічаць у пытанні Беларусі
Святлана Ціханоўская апублікавала артыкул у выданні Foreign Affairs, у якім звярнулася з прапановамі да Дональда Трампа. Прыводзім асноўныя тэзісы.
Святлана Ціханоўская. Фота: Офіс Ціханоўскай
У сваім праграмным тэксце лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская не толькі аналізуе шлях, пройдзены з 2020 года, але і фармулюе план дзеянняў. Яе заклікі адрасаваныя як міжнароднай супольнасці, так і прадстаўнікам рэжыму Лукашэнкі.
Прапанова дыялогу
Ціханоўская падкрэслівае, што беларускія дэмакратычныя сілы ўжо стварылі жыццяздольную структуру кіравання, гатовую ўзяць на сябе адказнасць у пераходны перыяд. Гэта не проста рух пратэсту, а «ўрад у чаканні».
Разумеючы, што любыя змены ў краіне патрабуюць унутранай падтрымкі, Ціханоўская пасылае сігнал элітам. Яна прапануе механізм, натхнёны гістарычным досведам Польшчы:
«Мы прапануем арганізаваць круглы стол паміж прадстаўнікамі дэмакратычных сіл і тымі ў рэжыме, хто гатовы размаўляць пра перамены. Мэта такога круглага стала — дасягнуць нацыянальнага прымірэння і спыніць палітычны крызіс праз мірны пераход улады шляхам перамоваў».
Заклік да міжнароднай дапамогі і ціску
«Мы не просім старонніх людзей змяніць нашу краіну за нас. Гэта наша праца, наша місія і наш абавязак. Але мы просім дапамогі, каб зрабіць гэтую трансфармацыю дасягальнай», —
адзначае лідарка дэмакратычных сіл і падкрэслівае, што свабодная Беларусь — у інтарэсах усяго рэгіёна.
«Калі Беларусь будзе свабоднай, у Расіі больш не будзе такога ж ваеннага балкона ў Еўропе, і гэта зменшыць ціск на ўсходні фланг НАТА і знізіць выдаткі блока на абарону».
Яе заклік мае два асноўныя кірункі: узмацненне падтрымкі грамадзянскай супольнасці і ўзмацненне ціску на рэжым.
«Часам я чую, як аналітыкі заклікаюць вярнуцца да супрацоўніцтва з Лукашэнкам як сродку ізаляцыі Крамля, быццам іх можна раздзяліць.
Замест гэтага Злучаныя Штаты і Еўропа павінны падвоіць сваю падтрымку народа Беларусі праз тэхнічную дапамогу грамадзянскай супольнасці Беларусі, незалежным СМІ, праваабаронцам, культурным арганізацыям, інструментам лічбавай бяспекі і сеткам дыяспары. Яны — кісларод супраціву. Гэтая падтрымка павінна быць распаўсюджана на эмігрантаў і нашы інстытуты», — піша Ціханоўская.
Яна прызнае, што некаторыя эксперты могуць сумнявацца ў магчымасці змены рэжыму пры моцнай падтрымцы Лукашэнкі з боку Масквы, але падкрэслівае: маральна будучыня Беларусі не павінна вырашацца ў Крамлі. На самой справе многае будзе залежаць ад сілы Расіі падчас крызісу і выніку яе вайны супраць Украіны.
Калі Расія аслабне і будзе стрыманая, у Беларусі з’явіцца шанец. Таму Захад не павінен выключаць Беларусь з абмеркаванняў пра спыненне агню, будучыню Украіны і рэгіянальную бяспеку, а «іншыя дзяржавы павінны гарантаваць, што Масква не будзе ўмешвацца, калі пачнуцца змены ў Беларусі, і што Беларусь не стане суцяшальным прызам для пераможанага Пуціна».
Ціханоўская прапануе Вашынгтону і ЕС узмацніць санкцыйны ціск на Мінск, напрыклад, ужыць больш другасных санкцый і абмежаваць гандаль грузамі праз мяжу Беларусі з ЕС, што з'яўляецца адной з ключавых крыніц даходу рэжыму.
Непазбежнасць адказнасці за злачынствы
Другім важным напрамкам ціску на рэжым з'яўляецца выкарыстанне міжнародных прававых інструментаў:
«Мы павінны павышаць цану для Мінска за кожны акт рэпрэсій і кожнае злачынства, якое ён здзяйсняе. Таму мы таксама заклікаем іншыя краіны падтрымаць ініцыятыву Літвы ў Міжнародным крымінальным судзе і Міжнародным судзе ААН, каб прыцягнуць рэжым да адказнасці за яго злачынствы».
Пры гэтым яна пакідае прастору для магчымага ўрэгулявання, дэманструючы стратэгічную гнуткасць:
«Мы разумеем, што для спынення рэжыму Лукашэнкі можа спатрэбіцца нейкае ўрэгуляванне: калі б Лукашэнка добраахвотна сышоў у адстаўку, (…) іншыя дзяржавы маглі б разгледзець пытанне аб прадастаўленні яму і яго сям'і гарантый асабістай бяспекі».
Выкарыстанне палітычнага ўплыву для вызвалення палітвязняў
Асаблівую ролю ў стратэгіі ціску на рэжым адыгрывае персанальнае лідарства сусветных палітыкаў. Асобна Ціханоўская выдзяляе прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Яна пачынае з пахвалы рашучых дзеянняў яго першай адміністрацыі, «якія ў значнай ступені сфармавалі трансатлантычны падыход да Беларусі», а затым адзначае, што падчас другога тэрміну ён працягнуў актыўную лінію, у тым ліку праз місію Кіта Келага, якая дамаглася вызвалення шэрагу палітвязняў, сярод іх і Сяргея Ціханоўскага.
Запэўніваючы Трампа ў «вечнай удзячнасці» за вызваленне мужа, Святлана адзначае:
«Гэта была не толькі гуманітарная місія, але і відавочная дэманстрацыя амерыканскага ўплыву. Лукашэнка баіцца непрадказальнасці Трампа, таму ён вырашыў вызваліць Сяргея каб пазбегнуць больш жорсткіх санкцый і іншых крокаў з боку ЗША, якія маглі б паставіць пад пагрозу яго ўладу. Ён нічога не атрымаў ад Вашынгтона ўзамен».
Лідарка дэмакратычных сіл заклікае Трампа «пайсці яшчэ далей і выкарыстаць той жа ўплыў, каб дамагчыся вызвалення астатніх 1150 палітвязняў, што «можа азнаменаваць пачатак дээскалацыі паміж беларускім рэжымам і дэмакратычнымі сіламі».
Ціханоўская ўпэўнена — калі намаганні Трампа ўвянчаюцца поспехам, ён можа атрымаць «найвялікшую гуманітарную перамогу для Беларусі ў сучаснай гісторыі».
Яна ўпэўнена, што такі ціск на рэжым з боку ЗША можа мець максімальны эфект пры мінімальнай рызыцы:
«Трампу не трэба баяцца наступстваў больш глыбокага ўмяшання. У адрозненне ад многіх глабальных крызісаў, у Беларусі няма грамадзянскай вайны, этнічных канфліктаў або глыбокіх ідэалагічных рознагалоссяў. Яна знаходзіцца ў шматгадовым супрацьстаянні, якое караніцца ў нястомнай хватцы аднаго чалавека за ўладу. Для Трампа гэта магчымасць з нізкімі выдаткамі і высокім эфектам. Беларусь магла б стаць яго гісторыяй поспеху ў знешняй палітыцы».
Прызначэнне спецпрадстаўніка ЗША па Беларусі
Для каардынацыі ўсіх намаганняў і надання палітыцы па Беларусі сістэмнага характару Ціханоўская прапануе канкрэтны дыпламатычны крок — прызначыць спецыяльнага пасланніка ЗША па Беларусі.
«Гэты пасланнік можа цесна супрацоўнічаць з партнёрамі Вашынгтона ў ЕС і нашым рухам у пытаннях вызвалення палітвязняў, сінхранізацыі санкцыйнай палітыкі, і забеспячэння таго, каб Беларусь рухалася па шляху рэформ».
«Барацьба за свабоду — гэта не спрынт, а марафон. Тым не менш, яна патрабуе гатоўнасці ў любы момант. Нават самыя ўкаранёныя дыктатуры могуць раптоўна ўпасці. На шчасце, беларусы гатовыя. (…) Мы не здадзімся. Пытанне не ў тым, ці адбудуцца змены ў Беларусі. Пытанне ў тым, хто будзе гатовы, калі яны адбудуцца», — даводзіць лідарка дэмакратычных сіл Беларусі.
Чытайце таксама:
Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды пятай гадавіны пратэстаў
Ціханоўская адказала, чаму дагэтуль не вывучыла літоўскую мову