Украінскія атакі па расійскіх НПЗ вывелі з ладу каля 17% магутнасцяў
Апошнім часам Украіна ўзмацніла атакі беспілотнікамі на расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы і экспартныя тэрміналы. Гэтыя аб’екты з’яўляюцца ключавымі для эканомікі Расіі, якая шмат у чым трымаецца на экспарце нафты і газу. Паводле падлікаў Reuters, за апошнія дні ўдары па 10 прадпрыемствах вывелі з ладу каля 17% расійскіх перапрацоўчых магутнасцяў — гэта прыкладна 1,1 мільёна барэляў у дзень.
Пасля ўдару па НПЗ у горадзе Сызрань Самарскай вобласці
Такія дзеянні сталі адказам Кіева на наступленне расійскіх войскаў і атакі па ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры.
Аналітыкі адзначаюць: такім чынам Украіна не толькі дэманструе сваю здольнасць даваць адказ, але і павышае стаўкі перад магчымымі мірнымі перамовамі, асабліва пасля нядаўняй сустрэчы прэзідэнтаў ЗША і Расіі Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна на Алясцы.
Пажары і пашкоджанні на заводах супалі з пікавым сезонам спажывання паліва ў Расіі — летнім турыстычным перыядам і актыўнымі сельскагаспадарчымі работамі. Ужо цяпер у некаторых рэгіёнах краіны і на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны адзначаюцца праблемы з забеспячэннем бензінам. Людзі вымушаныя купляць даражэйшыя маркі паліва, бо звычайны А-95 у дэфіцыце.
У акупаваным Севастопалі жыхары скардзяцца, што рост цэн моцна б’е па сямейных бюджэтах. У далёкаўсходнім Уладзівастоку журналісты зафіксавалі вялізныя чэргі на запраўках, дзе ўлады патлумачылі сітуацыю сезонным прытокам турыстаў.
Расія атрымлівае каля чвэрці бюджэтных даходаў ад нафты і газу. У 2025 годзе на вайсковыя патрэбы краіна выдаткоўвае на 25% больш сродкаў, чым раней — гэта рэкордныя паказчыкі з часоў «халоднай вайны». Пры гэтым санкцыі Захаду прымушаюць Маскву прадаваць нафту са зніжкамі, а таксама амаль цалкам спыніць пастаўкі газу ў Еўропу.
Украінскія ўдары ўжо закранулі буйныя прадпрыемствы — НПЗ «Лукойла» ў Валгаградзе, завод «Раснафты» ў Разані, а таксама аб’екты ў Растоўскай, Самарскай, Саратаўскай абласцях і Краснадарскім краі. Пажар пасля атакі па Навашахцінскаму заводу працягваўся некалькі дзён. Таксама пад удары трапілі нафтаправод «Дружба» і экспартны тэрмінал кампаніі «Наватэк» ва Усць-Лузе на Балтыцы.
Чытайце таксама:
«Кроў вайны». Чым важныя атакі Украіны на расійскія НПЗ і ці ёсць ад гэтага эфект
«Сярод расіян назіраецца стома». Летняе наступленне расійскай арміі ва Украіне правалілася
Украінская разведка: Беларусь не хоча пакрываць расійскі паліўны дэфіцыт
У Венгрыі расцанілі ўсмешлівы адказ Зяленскага адносна нафтаправода «Дружба» як пагрозы Будапешту