БЕЛ Ł РУС

«Для нацыянальнага міфа дастаткова таго, што «мы перамаглі іх, адстаялі сваю зямлю». Адказ на непапулярнае меркаванне Антося Жукава

8.09.2025 / 22:26

Nashaniva.com

Не разумею, навошта ўвогуле дзень вайсковай славы, але што тычыцца аргументаў супраць бітвы пры Оршы, то мушу не пагадзіцца, адрэагаваў у фэйсбуку на непапулярнае меркаванне Антося Жукава адзін з адміністратараў беларускай Вікіпедыі Уладзіслаў Чаховіч.

Па-першае, трэба забыць пра тое, што «нацыі з'явіліся толькі ў XIX стагоддзі» — гэта ўсё навуковая тэорыя, а мы гаворым пра нацыянальны міф, дзе няма такіх умоўнасцяў. І скандынавы Рагвалодавічы, і літоўцы Гедзімінавічы ўцягваюцца ў нацыянальны міф беларусаў, не зважаючы на этнічнае паходжанне, веру і даўнасць гадоў, калі ніякіх беларусаў не існавала. Гэтак жа робяць абсалютна ўсе нацыі.

Мы ступілі на слізкую сцежку «нацый не існавала да XIX стагоддзя» ў спробе пераадолець супярэчнасці і канфлікты з літоўцам вакол спадчыны ВКЛ.

На жаль, наша саманазва саслужыла кепскую службу, што цяпер, з'яўляючыся нашчадкамі тых людзей, якія жылі ў ВКЛ, кіравалі ВКЛ і ваявалі за ВКЛ, жывучы ў межах, якія супадаюць з межамі ВКЛ, і размаўляючы на мове, якая з'яўляецца натуральным працягам дзяржаўнай мовы ВКЛ, вымушаныя яшчэ камусьці нешта даказваць пра свае правы і, што самае ганебнае — апраўдвацца і выбачацца ў размовах пра спадчыну ВКЛ.

Мы самі сябе заганяем у пастку маладой нацыі. Паспрабуйце патлумачыць палякам, што ў Грунвальдскай бітве перамаглі не яны, што ў бітве пад Венай Еўропу ад асманаў выратавалі нейкія іншыя палякі, бо «сучасныя нацыі з'явіліся толькі ў XIX стагоддзі».

Паспрабуйце англічанам патлумачыць, што кароль Артур і каралева Боўдыка гэта не яны, што ў бітве пры Азенкуры ў 1415 годзе перамаглі нейкія іншыя англічане. Паспрабуйце ім, англічанам і французам, патлумачыць, што гэта проста феадальныя войны, якія не маюць да іх ніякага дачынення, што гінулі за манарха, а не за свой народ і да т.п.

Раскажыце італьянцам, што іх не існавала да XIX стагоддзя, бо і дзяржавы такой не было, што Арчымбольда міланец, Берніні неапалітанец, а Мікеланджэла фларэнціец, але ніякія не італьянцы «ў сучасным разуменні гэтага слова». І даруй Божа вам сказаць, што італьянцы не маюць ніякага дачынення да Старажытнага Рыма, бо гэта было вельмі даўно і італьянцамі яны сябе не называлі, а тыя, хто называліся італікамі — былі на другіх ролях і ваявалі з рымлянамі. Ва ўсіх выпадках суразмоўца пакруціць пальцам каля скроні.

Нацыі не ўзнікаюць у паветры, ім папярэднічаюць канкрэтныя народы і канкрэтныя дзяржавы, у межах якіх яны выспяваюць.

Калі вам цяжка казаць пра тое, што перамогі пад Грунвальдам і Оршай — гэта перамогі беларускай нацыі, бо «нацыі ў сучасным разуменні з'явіліся толькі ў XIX стагоддзі», то думайце пра беларусаў не як пра нацыю, а як пра народ ці этнас (хоць гэта ўсё бакі аднаго медаля). У якім часе б вы ні зрабілі гістарычны зрэз, на любым з іх будзе адзін і той жа народ. Ён можа змяняць назвы, рэлігію, культуру і побыт, але пераемнасць пакаленняў захоўваецца на працягу тысячагоддзяў.

Па-другое, бітва пад Оршай пазітыўная. Прапануюць ганарыцца Слуцкім збройным чынам, але вось там сапраўды пытанне: а чым? Гэта гісторыя пра ўласную слабасць і паражэнне перад Масквой, бітва пад Оршай — гісторыя перамогі над пераўзыходнымі сіламі маскоўцаў.

Гэта гісторыя перамогі не сілы, а таленту, гэта гісторыя перамогі не колькасці, а тэхналогій, гэта, урэшце, гісторыя самога Астрожскага, які змагаўся з Масквой нягледзячы на адзінства веры і прыгнёт праваслаўя ў Рэчы Паспалітай — вельмі дыдактычная гісторыя для маладых пакаленняў. Гісторый перамог вельмі бракуе ў беларускім наратыве, але калі б іх было шмат, то мы б і не былі там, дзе ёсць сёння. Таму, калі трэба заглыбіцца на 500 гадоў у гісторыю, каб знайсці такую пазітыўную перамогу — мы мусім гэта зрабіць.

Праўдзівая яна ці не, ці тыя былі суадносіны, ці іншыя, мела бітва нейкае вырашальнае значэнне для вайны ці не — гэта пытанні для навукоўцаў, для нацыянальнага міфа дастаткова таго, што «МЫ перамаглі ІХ, адстаялі СВАЮ зямлю».

Ці вы думаеце, у іншых гісторыях шмат праўды? Многія з іх вынайдзеныя і рамантызаваныя ў XIX стагоддзі, калі розныя народы будавалі свае нацыі.

Не трэба дапамагаць сцярвятнікам, якія з розных бакоў кружаць над беларусамі, выцягваць са свайго ўласнага целы жылы.

Калі там перамагло войска ВКЛ, то я з лёгкасцю магу ўявіць, што там біліся і перамаглі дзясяткі і сотні маіх продкаў — ну за нешта ж яны ўсе атрымалі шляхецтва ў выніку. Чаму б мне не ганарыцца дасягненнем сваіх дзядоў? У мяне іншых дзядоў няма.

Магчыма, матэматыка дазволіць вам зразумець, што бітва пад Оршай — гэта пра вас. Калі сярэдні ўзрост аднаго пакалення 25 гадоў, то бітва была ад мяне на адлегласці 19 пакаленняў, а гэта 524 288 продкаў!

Зразумела, што насамрэч менш, а палова жанчыны, але з улікам тагачаснага насельніцтва верагоднасць таго, што вы проста генетычны нашчадак пераможцаў пад Оршай, вылічыць вельмі лёгка.

Абсалютна не выключана, што сярод вашых продкаў былі і маскоўцы, якія біліся на іншым баку, але сёння вы, як частка беларускай нацыі, якая вырасла з крыві і плоці тых ваяроў, на баку пераможцаў.

@nashaniva 8 верасня 1514 года Дзень беларускай вайсковай славы. Яе традыцыі працягваюць добраахвотнікі-каліноўцы #гомель #могилев #беларусь #новостибеларуси #белорусы ♬ оригинальный звук - Наша Ніва. Навіны

Чытайце таксама:

Вельмі непапулярнае меркаванне, але чым мы тут ганарымся з бітвай пад Оршай?

Сёння Дзень беларускай вайсковай славы. Яе традыцыі працягваюць добраахвотнікі-каліноўцы

«Перамога будзе за тымі, хто шануе свабоду і праўду». Ціханоўская павіншавала з Днём беларускай вайсковай славы

Каментары да артыкула