БЕЛ Ł РУС

У Літве затрымалі групу людзей, якія абвінавачваюцца ў арганізацыі падпалаў і выбухаў у Еўропе

17.09.2025 / 21:35

Nashaniva.com

У Літве Генеральная пракуратура разам з Бюро крымінальнай паліцыі паведамілі пра затрыманне групы асоб, якіх падазраюць у арганізацыі выбухаў і падпалаў у розных краінах Еўропы. Паводле следства, за гэтымі злачынствамі стаялі людзі, якія маюць сувязі з расійскай вайсковай разведкай.

Фота: Генеральная пракуратура Літвы

Асноўным фігурантам справы стаў грамадзянін Літвы А. Ш., 1973 года нараджэння. Яго абвінавачваюць у тым, што ён адпраўляў за мяжу пасылкі з самаробнымі выбуховымі прыладамі праз міжнародныя службы дастаўкі DHL і DPD. Усяго ён нібыта высылаў чатыры такія пасылкі:

Паводле інфармацыі пракуратуры, выбуховыя прылады былі замаскаваныя пад масажныя падушкі, дзе ўсталёўваліся электронныя таймеры. Дадатковыя гаручыя рэчывы хаваліся ў касметычных і гігіенічных тубах.

Следства мяркуе, што А. Ш. дзейнічаў не адзін. Усяго выстаўленыя абвінавачанні 15 асобам — грамадзянам Літвы, Расіі, Латвіі, Эстоніі і Украіны. Каардынацыя і арганізацыя дыверсій, паводле афіцыйных даных, адбывалася з боку расійскіх грамадзян, звязаных з разведвальнымі структурамі.

Асобна падкрэсліваецца, што некаторыя ўдзельнікі гэтай сеткі датычныя да падпалу гандлёвага цэнтра IKEA у Вільні 9 мая 2024 года. Да гэтай справы спрычыніліся: грамадзянін Украіны Данііл Громаў (1988 г. н.), грамадзянін Літвы і Расіі Томаш Доўгань Стабачынскас (1971 г.н.), а таксама грамадзянін Расіі Андрэй Бабураў (1962 г. н.). Усе трое абвешчаныя ў міжнародны вышук.

Данііл Громаў (Яраслаў Міхайлаў), Томаш Доўгань Стабачынскас і Андрэй Бабураў. Фота: Генеральная пракуратура Літвы

Расследаванне вядзецца не толькі ў Літве: у яго ўключаныя праваахоўныя і разведвальныя органы Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, Нідэрландаў, Латвіі, Эстоніі, ЗША і Канады. Крымінальная справа вядзецца па артыкулах аб дзейнасці арганізаванай тэрарыстычнай групы і здзяйсненні тэрарыстычных актаў.

Гэта не першы падобны інцыдэнт. У кастрычніку 2024 года польская пракуратура ўжо паведамляла пра затрыманне чатырох чалавек у сувязі з выбуховымі пасылкамі і падпаламі ў Польшчы, Германіі і Вялікабрытаніі. Заходнія СМІ, у тым ліку Wall Street Journal, пісалі, што гэта маглі быць «тэставыя дыверсіі», арганізаваныя расійскімі спецслужбамі. У Польшчы нават заявілі, што мэтай групы было адпрацоўванне каналаў перасылкі, каб у будучыні дасылаць падобныя пасылкі ў ЗША і Канаду.

Акрамя таго, літоўская пракуратура яшчэ ў сакавіку 2025 года абвінаваціла расійскую разведку ў арганізацыі пажару ў IKEA ў Вільні. Тады ў справе фігуравалі два грамадзяніны Украіны, адзін з якіх быў непаўналетні. Паводле The New York Times, 17‑гадовы хлопец з Херсона атрымаў абяцанне ўзнагароды ў 11 тысяч долараў і аўтамабіль BMW за ўдзел у падпале.

Афіцыйная Масква ўсе абвінавачанні адкідае. Прэс-сакратарка МЗС Расіі Марыя Захарава назвала іх «беспадстаўнымі» і «прадыктаванымі русафобіяй».

Чытайце таксама:

Абвінавачаны ў падпале IKEA ў Вільні ўкраінец прызнаў віну

Падпал у віленскай IKEA летась зладзіў украінскі падлетак. Ён захоўваў на вакзале сумку з выбухоўкай, тэлефонамі і вібратарамі

У Польшчы трох беларусаў судзяць за падпалы гандлёвых цэнтраў

Заходнія спецслужбы фіксуюць зніжэнне колькасці расійскіх дыверсій у Еўропе

Польшча абвінаваціла расійскія спецслужбы ў падпале гандлёвага цэнтра, які згарэў год таму

Беларусу выставілі абвінавачанне ў падпале гіпермаркета ў Варшаве па заданні расійскіх спецслужбаў

Каментары да артыкула