«Міліцэйская дзяржава». Прарасійская актывістка Мірсалімава скардзіцца, што міліцыя не пакідае яе ў спакоі
Пасля трапляння ў поле зроку міліцыі чалавек у Беларусі сутыкаецца з пастаянным ціскам: бясконцыя выклікі ў міліцыю, званкі, «прафілактычныя» гутаркі, канстатуе ў тэлеграме рускамірная актывістка з Віцебска Эльвіра Мірсалімава.
Эльвіра Мірсалімава
«Калі вас тут «узялі на аловак» у міліцыі, то вас ужо не пакінуць у спакоі. Вам будуць пастаянна званіць, запрашаць на «бяседы», пастаянна трымаць у напружанні», — піша яна.
Сёння яе зноў выклікалі з нагоды былога парушэння.
«Зноў хочуць са мной «пабяседаваць». Мяне кожны раз выклікаюць у розныя ўчасткі, кожны раз удакладняюць адрас, і кожны раз ён аказваецца няправільным. Адзінай базы ў іх, відаць, няма», — піша жанчына.
Свой допіс яна азагаловіла «Міліцэйская дзяржава».
У сакавіку 2024 года Эльвіру Мірсалімаву судзілі па двух артыкулах: прапаганда нацысцкай сімволікі (частка 1 артыкула 19.10 КаАП) і парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў (частка 1 артыкула 24.23 КаАП). Па першым артыкуле Мірсалімава правяла два дні ў ізалятары. Актывістка рэпоснула публікацыю Z-блогера Уладлена Татарскага. Шляхам частковага складання прысудаў суд аштрафаваў актывістку на 2600 рублёў.
Чытайце таксама:
Рускамірная актывістка Эльвіра Мірсалімава вінаваціць віцебскія ўлады ў «змагарстве»
Прарасійская актывістка Мірсалімава абурылася, што сілавікі дапыталі яе дачку