БЕЛ Ł РУС

Ад закрыцця мяжы з Польшчай вялікія страты нясе не толькі Беларуская чыгунка, але і «Беларуськалій»

22.09.2025 / 16:16

Nashaniva.com

З 12 верасня 2025 года польскія ўлады цалкам закрылі мяжу з Беларуссю. Гэта рашэнне было звязана з буйнымі ваеннымі вучэннямі «Захад-2025» і магчымымі пагрозамі бяспецы Польшчы. Пад забарону трапілі і ключавыя чыгуначныя пераходы, у тым ліку брэсцкі, што прывяло да фактычнага спынення транзітнага руху па маршруце Кітай — Еўропа праз беларускую тэрыторыю. «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» ацэньвае страты, якія пры гэтым нясуць беларускія прадпрыемствы.

Фота ілюстрацыйнае

Для Беларускай чыгункі такая сітуацыя адразу азначала вялікія страты.

Кожны кантэйнерны цягнік перавозіць у сярэднім каля 120—130 кантэйнераў, і хоць беларускі бок атрымлівае толькі 10—15 % ад кошту перавозкі, агульныя недаатрыманыя даходы могуць дасягнуць 40—50 мільёнаў даляраў ужо да канца верасня.

На чыгуначных станцыях Беларусі сабралася некалькі дзясяткаў саставаў, якія не могуць перайсці мяжу. Частка з іх афіцыйна лічыцца «кінутымі» цягнікамі, але цягнікі, якія стаяць у Брэсце, у такі статус яшчэ не перавялі, адпаведна яны не пераведзеныя ў зону адстою і таму павялічваюць фактычную нагрузку.

Дадатковыя цяжкасці стварае ўнутраная сітуацыя на самой Беларускай чыгунцы. З-за вялікіх запазычанасцяў перад «Белнафтахімам» пастаўкі дызельнага паліва былі абмежаваныя, і ўжо некалькі тыдняў галіна працуе ў «рэжыме эканоміі». Гэта ўплывае на рух цеплавозаў і ўскладняе эксплуатацыйную дзейнасць у цэлым.

Закрыццё мяжы закранула і інтарэсы галоўнага беларускага экспарцёра — «Беларуськалія». Кампанія выкарыстоўвала пустыя кантэйнеры, што вярталіся з Еўропы, каб адпраўляць угнаенні ў Кітай. Цяпер гэты паток спыніўся, і ўзнік дэфіцыт тары.

У выніку прадпрыемства павінна альбо набываць кантэйнеры ў Расіі па больш высокіх цэнах, альбо скарачаць экспарт. Гэта робіць пастаўкі менш гнуткімі і павялічвае сабекошт прадукцыі, што пагаршае пазіцыі беларускага калію на азіяцкім рынку, дзе ўжо і так існуе моцная канкурэнцыя з боку Расіі і Канады.

Хоць на ўзроўні чутак называюцца магчымыя даты частковага аднаўлення руху праз брэсцкі пераход ў канцы верасня ( 26‑28 чысла), афіцыйнага пацвярджэння гэтаму пакуль няма. Калі ж блакада зацягнецца, то праблема можа перарасці з часовай у сістэмную: Беларусь страціць частку транзітных кантрактаў, якія пераарыентуюцца на іншыя маршруты, а «Беларуськалій» будзе яшчэ мацней залежаць ад расійскіх партоў і інфраструктуры.

Такім чынам, закрыццё польскай мяжы стала ўдарам адразу па двух важных напрамках — транзіце паміж Кітаем і Еўропай і беларускім экспарце калійных угнаенняў. А для эканомікі краіны гэта азначае рост выдаткаў, страту гнуткасці і яшчэ большую залежнасць ад Расіі.

Чытайце таксама:

Лагістычныя кампаніі знайшлі альтэрнатыву закрытай мяжы паміж Польшчай і Беларуссю

Да чаго прывядзе поўнае закрыццё мяжы з Польшчай

Беларусь адчувае адказ на затрыманне польскага манаха — намеснік кіраўніка МЗС Польшчы

«Рэч тут не ў Беларусі». Лукашэнка назваў закрыццё Польшчай мяжы недружалюбным палітычным крокам супраць Кітая

У Беларусь з Грэцыі прыбыла прадстаўнічая кітайская дэлегацыя

Каментары да артыкула