Любчанскі замак больш за год аднаўляюць без праекта. Паспелі пабудаваць вежу і глухія сцены
Тое, што помнік архітэктуры нацыянальнага значэння ўзводзяць без зацверджанага праекта, высветлілася толькі пасля звароту актывістаў.
Металічны каркас пад глухую сцяну з бярвення, якая закрые від на Нёман. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына».
Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына».
Актывісты звярнулі ўвагу на тое, што новыя збудаванні на тэрыторыі замка істотна адрозніваюцца ад таго, што было паказана на рэндарах узгодненага праекта.
За апошні час узведзены паўночная вежа з фігурным купалам і мураваная паўночна-заходняя сцяна, якая злучае яе з брамай-вежай. Акрамя таго, у поўную вышыню вымуравана паўночна-ўсходняя, «драўляная» вежа, і пачалі будаваць ад яе.
Паўночная вежа і суседняя сцяна, якія выклікалі падазрэнне ў актывістаў, паводле Міністэрства культуры, узведзены па праекце. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына».
Паводле актывістаў, паўночная і ўсходняя сцены павінны былі быць паўпразрыстымі, жалюзійнымі, каб не разбураць візуальную сувязь замка з прыродным атачэннем і далінай Нёмана. Але замест гэтага з’явіліся глухія сцены з металічнага каркасу, закладзенага бярвеннем, а прапорцыі і дэталі вежаў далёкія ад гістарычных.
Глухія сцены з металічнага каркасу і бярвення, замест якіх мусілі быць паўпразрыстыя жалюзійныя. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына».
Каб высветліць, ці ўсё робіцца паводле праекта, актывісты звярнуліся ў Міністэрства культуры. У ведамстве адказалі, што працы па паўночна-заходняй сцяне і паўночнай вежы адпавядаюць узгодненаму праекту першай чаргі.
Паўночна-ўсходняя («драўляная») вежа, была вымуравана з цэглы на поўную вышыню без узгодненага праекта. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына».
Аднак уся астатняя частка — другая чарга, гэта значыць сцены з боку Нёмана і «драўляная» вежа — нават не была пададзеная на ўзгадненне. Іншымі словамі, усё, што цяпер узведзена, не мае ніякага дачынення да навуковай рэстаўрацыі і робіцца па ініцыятыве ўласніка, паводле яго асабістых уяўленняў пра тое, якім мусіць быць замак.
У выніку Любчанскі замак паступова ператвараецца ў фантазію Івана Пячынскага. Нягледзячы на выяўленае парушэнне, актывісты апасаюцца, што ўзведзены «самапал» могуць легалізаваць, узгадніўшы тое, што набудаваў уласнік постфактум.
Рэндар Любчанскага замка, якія паказвалі раней. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына».
Чытайце таксама:
Рэстаўратары аднавілі капліцу ў сядзібе Агінскіх. Яе раскрытыкавалі за недакладнасці
Архітэктар назваў тое, што зрабілі ў Нясвіжы, «карным упарадкаваннем»
Новыя сцены і страчаныя маляўнічыя далягляды. Як выглядае Навагрудскі замак пасля рэканструкцыі