Дзядок — апазіцыянерам: Займаючыся дыскрэдытацыяй Офіса Ціханоўскай, вы льяце ваду на млын рэжыму
«Лукашэнка баіцца толькі дзвюх рэчаў. Першая — гэта прызнанае іншымі дзяржавамі палітычнае прадстаўніцтва Беларусі. І другая — гэта альтэрнатыўныя ўзброеныя сілы. І тое, і другое ў Беларусі зараз ёсць», — кажа анархіст пра Офіс Ціханоўскай і пра Полк Каліноўскага.
Мікола Дзядок у Вільні, 14 верасня 2025 года. Фота: spring96.org
Анархіст і былы палітвязень Мікола Дзядок у сваім першым пасля вызвалення стрыме рэзка раскрытыкаваў тых прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, хто займаецца ўнутраным хэйтам, і выказаўся аб неабходнасці пакінуць Лукашэнку акно для размоваў.
«Я магу сказаць, што ні пасля пратэстаў 2006, ні пасля пратэстаў 2010, 2017 гадоў у нас не было і малой долі таго рэсурсу, які ёсць цяпер», — заявіў Мікола Дзядок у сваім стрыме.
Галоўным фактарам, які змяніў сітуацыю, Дзядок лічыць з’яўленне мадэлі альтэрнатыўнага ўраду, які ўзначальвае Святлана Ціханоўская:
«Уявіце сабе, за мяжой Беларусі ёсць фактычна мадэль альтэрнатыўнага ўраду, лідарка якога, Святлана Ціханоўская, нават і не будучы фармальнай кіраўніцай нейкай арміі прыхільнікаў альбо партыі, мае каласальны маральны, сімвалічны аўтарытэт».
Гэты аўтарытэт, паводле словаў Дзядка, дазваляе Ціханоўскай «ездзіць па ўсіх краінах свету, дзе Лукашэнка не лічыцца легітымным лідарам, быць прынятай кіраўнікамі краін, буйных еўрапейскіх, уплывовых краін, кіраўнікамі МЗСаў, кіраўнікамі еўрапейскіх структур. (…) Яна ўваходная ў тыя месцы і ў тыя кабінеты, куды не ўваходны Лукашэнка, а гэта якраз цэнтр цывілізаванага свету».
Дзядок адзначае, што ў самых цывілізаваных краінах свету прымаюць не Лукашэнку, а Ціханоўскую — як лідарку Беларусі.
«Узяўшы да ўвагі менталітэт Лукашэнкі, ягоны погляд на свет, проста ўявіце, да якой ступені яго ад гэтага бамбіць. Да якой ступені гэта для яго небяспечна», —
даводзіць блогер і акрэслівае дзве ключавыя пагрозы, якія найбольш непакояць рэжым:
«Лукашэнка баіцца, па вялікім рахунку, толькі дзвюх рэчаў. Першае — гэта прызнанае іншымі дзяржавамі палітычнае прадстаўніцтва Беларусі. І другое — гэта альтэрнатыўныя ўзброеныя сілы. І тое, і другое ў Беларусі зараз ёсць. Раней гэтага не было».
Дзядок падкрэсліў, што менавіта гэтыя дзве структуры — Офіс Ціханоўскай і Полк Каліноўскага — з’яўляюцца аб’ектамі найбольшага хэйту з боку рэжымнай прапаганды.
Крытыка ўнутранага хэйту
Мікола Дзядок рэзка асудзіў тых прадстаўнікоў апазіцыйнага руху, якія займаюцца дыскрэдытацыяй Офіса Ціханоўскай і абвінавачваюць супрацоўнікаў Офіса ў працы на карысць рэжыму.
«Калі я бачу людзей, якія пачынаюць расказваць, што там карупцыянеры, і гранты крадуць, і там Ціханоўская 170 мільёнаў грантаў прысвоіла… Я хачу ім сказаць, што вы льяце ваду выключна на млын рэжыму».
Ён адзначыў, што калі ў кагосьці ёсць прэтэнзіі да Офіса, існуюць цывілізаваныя спосабы іх данесці, а не выносіць у публічную сферу.
«Калі ў вас ёсць прэтэнзіі да Офіса, у вас ёсць тысяча і адзін спосаб данесці гэтыя прэтэнзіі да Офіса. Не трэба паліваць іх лайном, выносіць гэта ў публічную сферу, радаваць тым самым рэжым, выконваць ягоную працу».
Дзядок падкрэсліў, што рэжымныя СМІ гадамі атакуюць менавіта Ціханоўскую і Полк Каліноўскага, што сведчыць пра тое, хто з’яўляецца іх найбольш небяспечным праціўнікам.
«Я, ведаеце, сядзеў, чытаў гадамі саўбелку («СБ-Беларусь сегодня» — «НН»), і я бачу, каго яны мочаць, хто ім праціўны найбольш. Гэта Святлана Ціханоўская і полк Каліноўскага. Яны там проста тоны бруду, хэйту на іх выліваюць, з нумара ў нумар, адно і тое. І пасля гэтага я выходжу, а мне хтосьці кажа, піша, што Ціханоўская — праект КДБ, што яна скрала 170 мільёнаў даляраў… Ну, хлопцы, прабачце, мне хочацца сказаць, [у вас] кукуха ад'ехала ці што?
Дзядок адзначае, што ён разумее, што частка крытыкі можа зыходзіць ад расчаравання людзей, якія пакінулі Беларусь у 2020 годзе і спадзяваліся на хуткае падзенне рэжыму.
«Я разумею па-чалавечы гэтых убер-крытыкаў. (…) Магчыма, гэта яны кажуць ад расчаравання, што яны, з'язджаючы ў 2020 годзе, меркавалі, што гэта ненадоўга, што вось літаральна паўгодзіка, годзік, потым яшчэ паўгодзіка — і Святлана Ціханоўская скіне рэжым і на белым кані заедзе ў Беларусь».
Аднак былы палітвязень дае цвярозую ацэнку сітуацыі і ролі Ціханоўскай:
«Дык вось, я вам адкрыю сакрэт. Я хачу, каб мяне ўсе пачулі. Святлана Ціханоўская вам не скіне Лукашэнку. Але яна робіць добры кавалак працы для таго, каб гэта магло быць здзейснена ў будучым».
Узмацняць ці не санкцыі?
У сваім стрыме Дзядок таксама падтрымаў меркаванне аб неабходнасці гарманізацыі санкцый супраць Беларусі з санкцыямі, уведзенымі ў дачыненні Расіі.
У той жа час, на яго погляд, «трэба пакідаць для Лукашэнкі акенца для размоваў, даваць яму зразумець, што калі ён будзе выпускаць палітвязняў, то можна гэтыя санкцыі і не пагаршаць».
Паводле блогера, разглядаючы пытанне ўзмацнення санкцый, у першую чаргу неабходна думаць аб вызваленні палітвязняў. У гэтым ён салідарны з Таццянай Хоміч:
«Я згодзен зараз з групай Таццяны Хоміч і іншых, якія лічаць, што першачарговая задача для беларускага дэмакратычнага руху — гэта вызваленне палітвязняў. Калі для вызвалення палітвязняў трэба ўзмацніць санкцыі, і гэта будзе дзейнічаць, я за ўзмацненне. Калі ёсць варыянт не ўзмацняць, а проста папужаць яго ўзмацненнем, каб ён выпусціў палітвязняў — ну, значыцца так».
Чытайце таксама:
Мікола Дзядок параіў, што рабіць, каб наблізіць перамены
Чаму мы прайгралі ў 2020 годзе? Развагі Міколы Дзядка
Дзядок патлумачыў, чаму вызвалілі менавіта тых палітвязняў, каго вызвалілі