Пад Дзяржынскам валанцёры зрабілі жыллё для бяздомных катоў. Мясцовыя жыхары гэта не ацанілі
З рэдакцыяй выдання Blizko.by звязаліся валанцёры грамадскай арганізацыі «Выратаванне жывёл» і расказалі, з якой праблемай яны сутыкнуліся, паспрабаваўшы палепшыць жыццё бяздомным жывёлам каля садовага таварыства «Пяцігор'е-5» Дзяржынскага раёна.
Валанцёры паставілі дзве ўцепленыя пенаплексавыя хаткі для катоў. Яны просценькія, але абароненыя ад ветру і ападкаў.
Па словах валанцёраў, у таварыстве распладзілася шмат бяздомных катоў. Раней там ужо стаяла адна простая пластыкавая хатка, і некаторыя дачнікі пакідалі для катоў ежу. Цяпер такіх хатак стала тры.
Хаткі паставілі на невялікім «пятачку» з дрэвамі і кустамі за мастком праз канал, у верхняй частцы карты.
У мінулую нядзелю ў валанцёраў адбылася сутычка з мясцовымі жыхарамі, пасля чаго хаткі былі цалкам разбураныя.
Валанцёры падзяліліся з Blizko.by відэаздымкай. На адным з відэа спачатку ў кадры з'яўляецца жанчына, якая абвінавачвае валанцёраў у тым, што тыя кормяць бяздомных катоў:
«Што вы робіце? Калі іх не карміць, іх тут не будзе. Дык навошта вы іх корміце, калі яны не вашы?! […] Што вы, б***, тут нарабілі?!»
Таксама жанчына сцвярджае, што ёсць закон, які забараняе карміць бяздомных жывёл. І што ад гэтых катоў няшчасці:
«Тут людзі, вось іх сабака, вось іх дзіця, — захварэла мікраспарыяй».
Жанчына паабяцала выклікаць участковага.
На другім відэа жанчына ў кадры з мужчынам, які заявіў, што ён старшыня садовага таварыства, але свайго імя не назваў. Пазней валанцёры высветлілі, што сапраўднага старшыню клічуць Аляксандр Рапінскі.
«Значыць, я вам прадстаўляюся. Я старшыня гэтага таварыства, гэтая тэрыторыя замацаваная за нашым таварыствам».
Ён заявіў, што каціныя хаткі размешчаныя на іх тэрыторыі. У якасці доказу гэтага ён расказаў, што таварыства плаціла 1 мільён рублёў (без удакладнення, за што менавіта). Пасля чаго мужчына адправіўся здымаць каціныя хаткі на відэа са словамі, што відэафайл і будзе сведкам.
Мяркуючы па карце Нацыянальнага кадастравага агенцтва, тэрыторыя з кацінымі хаткамі за каналам з мастком не належыць садоваму таварыству.
Як кажуць валанцёры, яны вярнуліся да каціных хатак праз паўтары гадзіны і заспелі іх цалкам разбуранымі.
Таксама яны расказалі, што раней у чаце валанцёраў з'яўлялася інфармацыя, што ў тым месцы бачылі расстаўленыя на жывёл петлі, а некалькі гадоў таму катоў атруцілі.
Валанцёры напісалі заяву ў Дзяржынскі РАУС.
Чытайце таксама:
Міліцыя абвяргае, што ў гібелі катоў у Мінску вінаваты скуралуп
Мінчук стрэліў у бяздомнага ката і пашкодзіў яму спінны мозг
У Мінску пенсіянер засумаваў па паляванні і стрэліў у ката
Пад Мінскам камунальнікі забілі сабаку і з'ехалі. У ЖКГ ва ўсім абвінавацілі «канапных крытыкаў»
Пенсіянеркі ў Брэсце рашылі разабрацца з бяздомнымі катамі, бо тыя «гадзілі на кветкі»