БЕЛ Ł РУС

Прадстаўнік Трампа адмовіўся ад сустрэчы з Зяленскім у Анкары, бо той не згодны з прарасійскім мірным планам

19.11.2025 / 21:37

Nashaniva.com

Паводле інфармацыі выдання Axios, спецпасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф адмовіўся ад сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у турэцкай Анкары, бо той не прыняў прапанаваны ЗША «мірны план», які ўкраінскі бок называе прарасійскім. Другою прычынай пераносу сустрэчы нібыта стаў унутрыпалітычны карупцыйны скандал ва Украіне.

Стыў Уіткаф і Уладзімір Зяленскі

Крыніцы журналістаў Axios паведамляюць, што ЗША не лічаць меркаваныя тэрытарыяльныя саступкі з боку Украіны на карысць Расіі істотнымі. Паводле слоў чыноўніка Белага дома, Украіна і так рызыкуе страціць Данбас, калі вайна працягнецца, таму нібыта ў яе інтарэсах дамовіцца менавіта цяпер.

План Дональда Трампа нібыта прадугледжвае, што ЗША і шэраг іншых краін прызнаюць Крым і Данбас тэрыторыяй Расіі, але ад Украіны афіцыйнага прызнання патрабаваць не будуць. Акрамя таго, прапануецца скараціць колькасць Узброеных сіл Украіны і абмежаваць колькасць у яе дальнабойнай зброі.

У абмен Вашынгтон абяцае Украіне нейкія «гарантыі бяспекі», аднак што менавіта маецца пад гэтым на ўвазе — невядома.

Паводле даных дзвюх крыніц Axios, над планам таксама працуюць Катар і Турцыя, якія нібыта дапамаглі замірэнню ў Газе.

Паведамляецца, што Зяленскі даручыў сакратару Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Рустэму Умераву правесці перамовы з Уіткафам, падчас гэтых кантактаў былі дасягнутыя шэраг вусных дамоўленасцяў. Аднак Украіна, па словах суразмоўцаў, не згодная з многімі пунктамі плана.

Перад сустрэчай з Умеравым Уіткаф кансультаваўся са спецпасланнікам Пуціна Кірылам Дзмітрыевым. Паводле CNN, у адміністрацыі Трампа лічаць, што Пуцін цяпер гатовы да дамоўленасцяў.

Уіткаф планаваў 19 лістапада прыехаць у Анкару і правесці трохбаковую сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім і міністрам замежных спраў Турцыі Хаканам Фіданам. Але сустрэчу адклалі, калі высветлілася, што Зяленскі адмовіўся ад папярэдніх дамоўленасцяў, дасягнутых Умеравым, і не зацікаўлены ў абмеркаванні плана Трампа. Ён прыбыў у Анкару з альтэрнатыўным планам, падрыхтаваным разам з еўрапейскімі партнёрамі, які Расія, хутчэй за ўсё, не прыме.

Яшчэ адной прычынай скасавання сустрэчы стаў ўнутрыпалітычны карупцыйны скандал ва Украіне, звязаны з іменем аднаго з даўніх супрацоўнікаў Зяленскага Цімура Міндзіча. 

Паводле матэрыялу Axios, Трамп падтрымаў рашэнне Уіткафа не праводзіць сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім. У Белым доме заяўляюць, што цяпер «мяч на баку Зяленскага» — ён можа прыехаць у Вашынгтон і абмеркаваць новы амерыканскі план, калі пажадае.

Чытайце таксама:

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны

Перамовы спецпасланніка ЗША і кіраўніка офіса Зяленскага адмянілі

Axios: ЗША і РФ працуюць над сакрэтным планам па Украіне

Зяленскі едзе ў Турцыю для актывізацыі перамоваў з Расіяй

Трамп запярэчыў, што прымушаў Зяленскага аддаць Расіі ўвесь Данбас

Каментары да артыкула