Дык што за аб'ект ляціць праз Сонечную, які нагадвае кіраваны касмічны карабель? Навукоўцы далі канчатковы адказ
NASA апублікавала здымкі.
Камета 3I/ATLAS, знятая апаратам Mars Reconnaissance Orbiter 2 кастрычніка. Фота: NASA / JPL-Caltech / University of Arizona
Нацыянальнае ўпраўленне па аэранаўтыцы і даследаванні касмічнай прасторы (NASA) апублікавала выявы міжзорнага аб'екта 3I/ATLAS. Публікацыя была адкладзена з-за 43‑дзённага прыпынення працы ўрада ЗША, што выклікала павышаную грамадскую цікавасць і спарадзіла спекуляцыі пра магчымае штучнае паходжанне аб'екта.
Як паведамляе The New York Times, на прэс-канферэнцыі прадстаўнікі агенцтва абверглі гэтыя здагадкі, пацвердзіўшы, што аб'ект з'яўляецца каметай.
«Хачу адразу развеяць чуткі. Гэты аб’ект — камета. Ён выглядае і паводзіць сябе як камета», — заявіў прадстаўнік NASA Аміт Кшатрыя. Навукоўцы падкрэслілі, што не было выяўлена ніякіх «тэхнасігнатур» — прыкмет, якія б паказвалі на тэхналагічнае паходжанне.
Даныя былі сабраныя некалькімі касмічнымі апаратамі, уключаючы Mars Reconnaissance Orbiter і місію Lucy, якая цяпер на шляху да Юпітэра. Гэта дазволіла атрымаць выявы з розных ракурсаў і стварыць больш поўнае ўяўленне пра аб'ект.
Камета 3I/ATLAS, зафіксаваная місіяй ESA/NASA SOHO 15—16 кастрычніка (злева) і знятая апаратам Lucy 16 верасня. Фота: Lowell Observatory / Qicheng Zhang; NASA / Goddard / SwRI / JHU-APL
3I/ATLAS — трэці вядомы аб’ект, які трапіў да нас з-за межаў Сонечнай сістэмы. Камета праляцела каля Марса ў кастрычніку, паспеўшы даць магчымасць шматлікім апаратам зірнуць на яе зблізку.
Даследаванні паказалі, што камета мае іншыя суадносіны вуглякіслага газу і вады, а таксама прапорцыі нікелю і жалеза. Ад яе пылавога воблака таксама «нетыповым» чынам адбіваецца святло, што сведчыць пра іншы памер яго часціц.
Навукоўцы параўналі гэтыя адрозненні з розніцай паміж гатункамі кавы: «яна іншая, але ўсё адно застаецца кавай».
Выява каметы 3I/ATLAS, створаная шляхам аб’яднання здымкаў STEREO-A, зробленых 11—25 верасня (злева), і зафіксаваная з арбіты Марса апаратам MAVEN 9 кастрычніка. Фота: NASA / Lowell Observatory / Qicheng Zhang; NASA / Goddard / LASP / CU Boulder
Выява з высокім разрозненнем, зробленая з арбіты Марса, хоць і атрымалася крыху змазанай з-за тэхнічных асаблівасцяў камеры, выразна дэманструе каметную прыроду аб'екта — наяўнасць яркага цэнтра і газава-пылавога воблака.
Камета 3I/ATLAS рухаецца з хуткасцю больш за 240 000 км/г, што пацвярджае яе міжзорнае паходжанне. Яна ўжо пакідае межы Сонечнай сістэмы. Назіранні за аб'ектам працягнуцца, у прыватнасці, з дапамогай касмічнага апарата Juno, калі камета будзе пралятаць каля Юпітэра.
Чытайце таксама:
Міжзоркавая камета, якую параўноўвалі з кіраваным касмічным караблём, працягвае здзіўляць навукоўцаў
Праз Сонечную сістэму ляціць аб'ект, паводзіны якога нагадваюць кіраваны касмічны карабель