Лукашэнка на перамовах у Амане ўставіў такое слова, што перакладчыца на арабскую разгубілася
Перакладчыца Яўгенія Лысенка расказала пра невялікую складанасць, з якой яна сутыкнулася, калі перакладала Лукашэнку.
Яўгенія Лысенка. Скрыншот відэа «Беларусь 1»
Лукашэнку на перамовах у Амане перакладала Яўгенія Лысенка. Яна расказала, што працаваць на гэтых перамовах было не надта складана.
Перакладчыца адзначыла, што Лукашэнка дакладна фармулюе свае думкі.
«Асабіста для мяне гэта адны з самых канкрэтных перамоў, было найбольш камфортна перакладаць. Усё структуравана, зразумелы матэрыял, які выкладаецца. Фармулёўкі вельмі ясныя. Так што ўсё зразумела», — падзялілася Лысенка ў эфіры праграмы «Время первого».
Але з адной цяжкасцю перакладчыцы ўсё ж такі давялося сутыкнуцца. Лукашэнка ўставіў слова, якое было не так проста перакласці.
«Мы былі ў Амане. І прэзідэнт расказваў, што беларусы, калі дасягаюць нейкіх дамоўленасцей, яны заўсёды іх выконваюць. Пры гэтым ён казаў, што мы трымаем сваё слова і мы не «выделываемся». Вось слова «не выделываемся» на арабскую мову перакласці ў прынцыпе можна, яно даволі зразумела было мясцовым, што мелася на ўвазе. Але ўсё роўна долю секунды неабходна было падумаць над тым, як гэта трэба перакласці», — расказала перакладчыца.
Лысенка растлумачыла, што трэба было пастарацца захаваць дакладнасць цытаты і пры гэтым перадаць нефармальны кантэкст.
Чытайце таксама:
Хто тая жанчына, якая перакладае Лукашэнку з арабскай мовы ў ягоным турнэ?
«This f*cking AI». Перакладчык Лукашэнкі пры прэзідэнце ААЭ выкарыстаў недыпламатычнае слова
«У Заліве так прынята». Эйсмант апраўдалася, чаму Лукашэнка лётаў у Аман з сынамі
Лукашэнка ў Амане ўжо цэлы дзень, але мясцовыя ведамствы і СМІ пра гэта маўчаць