БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка пра заяву Расіі аб «атацы дронаў» на рэзідэнцыю Пуціна: Найдзічэйшы тэрарызм, але Пуцін не адмовіцца ад міру

31.12.2025 / 12:44

Nashaniva.com

«Я падазраю, хто там стаіць за Уладзімірам Аляксандравічам Зяленскім».

Фота: Sergey Bulkin, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Лукашэнка адкаментаваў заяву Расіі пра спробу атакі ўкраінскіх дронаў на рэзідэнцыю Пуціна. Ён зрабіў гэта ў Мінску падчас наведвання «Гарызонта», піша БелТА.

«Вядома, гэта найдзічэйшы тэрарызм на самым высокім дзяржаўным узроўні. Калі гэта так, як цяпер гэта падаюць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Я якраз думаю пра тое, каму гэта было трэба, да чаго гэта магло прывесці. Ну, каму трэба — я падазраю, хто там стаіць за Уладзімірам Аляксандравічам Зяленскім. Думаю, што калі ён да гэтага і прыцягнуты, то ён не ведаў, што робіць. Гэта па-першае», — дадаў ён.

«Магчыма, яны хацелі справакаваць Пуціна ў момант, калі мір ужо, можна сказаць, побач. Каб сарваць гэты перагаворны працэс. Ёсць і такі пункт гледжання. Што Пуцін пойдзе на нейкую эскалацыю, што ён адмовіцца ад нейкага мірнага шляху. А сёння раніцай я ўжо заўважыў: нічога падобнага. У гэтым увесь Пуцін. Ён не мітусіцца. І ён мае рацыю. Не трэба спяшацца. Ёсць мірны трэк — ідзём па ім», — заявіў ён.

У панядзелак, 29 снежня, міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў, што аб нібыта атацы 91 украінскага беспілотніка на рэзідэнцыю Пуціна на Валдаі ў Наўгародскай вобласці.

Лаўроў, які акрэсліў гэта як «канчатковы пераход кіеўскага рэжыму да палітыкі дзяржаўнага тэрарызму», дадаў, што цяпер перамоўная пазіцыя Расіі будзе перагледжаная, хоць увогуле яна не мае намеру выходзіць з перамоўнага працэсу.

Уладзімір Зяленскі абвергнуў словы міністра, назваўшы іх хлуснёй.

На думку Зяленскага, Масква спрабуе стварыць інфармацыйны фон для эскалацыі, бо прагрэс у стасунках Украіны і ЗША з'яўляецца «правалам для расіян».

«Расіяне не хочуць закончыць гэтую вайну. Сваёй заявай, што атакаваная была нейкая рэзідэнцыя, яны проста рыхтуюць глебу для таго, каб нанесці ўдары па сталіцы [Украіны] і па дзяржаўных будынках», — падкрэсліў кіраўнік Украіны.

У сваю чаргу выданне «Можем объяснить» выявіла шэраг фактаў, якія не супадаюць з карцінай, намаляванай Крамлём.

Журналісты «МО» апыталі 14 жыхароў Наўгародскай вобласці, у тым ліку тых, хто жыве непасрэдна каля Валдая. Ніхто з іх не заўважыў прыкмет маштабнай паветранай бітвы.

«Не было ніякага гудзення гэтай ноччу, выбухаў — тым больш. Калі б было штосьці падобнае, увесь горад гэта б абмяркоўваў сто адсоткаў», — цытуе выданне аднаго з мясцовых жыхароў. Для горада з насельніцтвам 14 тысяч чалавек пралёт і збіццё амаль сотні дронаў не маглі прайсці незаўважна.

Жыхары Валдая адзначаюць, што заўсёды чуюць нават шум верталётаў, якімі карыстаецца Пуцін, аднак у ноч і раніцу нібыта атакі ў сацыяльных сетках і мясцовых чатах не з’явілася ніводнага паведамлення аб выбухах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула