Свет99

Усё, акрамя Данбаса і яшчэ пары пунктаў. Пра што дамовіліся Дональд Трамп і Уладзімір Зяленскі ў Фларыдзе

Прэзідэнты ЗША і Украіны Дональд Трамп і Уладзімір Зяленскі пасля трохгадзінных перамоваў у Фларыдзе заявілі, што дасягнулі вялікага прагрэсу на шляху да міру з Расіяй. Аднак галоўнае пытанне так і засталося нявырашаным: Пуцін патрабуе Данбас, Зяленскі — супраць, а Трамп настойвае на здзелцы. На гэты раз амерыканскі і ўкраінскі прэзідэнты кажуць пра некалькі тыдняў, пасля якіх параметры мірнага пагаднення будуць значна больш выразнымі, піша Бі-бі-сі.

Фота Joe Raedle / Getty Images

Цудоўная размова амаль пра ўсё

Перад сустрэчай з Дональдам Трампам Уладзімір Зяленскі казаў, што гэта будзе «адзін з самых актыўных дыпламатычных дзён года», пры гэтым «многае» можа вырашыцца яшчэ ў 2025-м.

Перамовы амерыканскай і ўкраінскай дэлегацый у прыватнай рэзідэнцыі Дональда Трампа Мар-а-Лага ў Фларыдзе працягваліся каля трох гадзін. Па іх выніках Трамп адразу заявіў, што яны былі «выдатнымі» і што гэта была «цудоўная размова», якая значна наблізіла заканчэнне расійска-ўкраінскай вайны.

Паводле яго слоў, мірнае пагадненне блізка, бакі ўзгаднілі каля 95% умоў. Зрэшты, сам жа ён і дадаў, што не вырашаным засталося ключавое пытанне — каму будуць належаць рэгіёны Данбаса.

Гэтае пытанне Дональд Трамп назваў «найважнейшым», і тут бакі, па яго меркаванні, пакуль яшчэ «набліжаюцца да пагаднення».

Уладзімір Зяленскі па выніках перамоваў даў зразумець, што пытанне Данбаса ўсё яшчэ максімальна актуальнае, і пазіцыя Украіны з гэтай нагоды «ясная і адрозніваецца ад расійскай».

Для Украіны, заявіў пасля перамоваў Зяленскі, «ключавым этапам на шляху да дасягнення трывалага міру» з'яўляюцца гарантыі бяспекі для краіны, а не тэрытарыяльнае пытанне.

Ён удакладніў, што ўкраінская каманда працягне працаваць над гэтым пунктам пагаднення з еўрапейскімі палітыкамі, але там, паводле яго слоў, трэба «завяршыць усе пытанні, якія абмяркоўваліся», а адбыцца гэта можа ў найбліжэйшыя тыдні.

Трамп і пасля перамоваў настойваў, адказваючы на пытанні СМІ, што заключыць здзелку па тэрыторыях лепш як мага хутчэй. Ён сказаў, што Украіна праявіла «вялікую адвагу <…> і нанесла велізарную шкоду [праціўніку]», але канфлікту «пара пакласці канец»

Прэзідэнт ЗША нават сказаў пра гатоўнасць выступіць перад парламентам Украіны, тлумачачы неабходнасць мірнага пагаднення. Уладзімір Зяленскі на гэта дыпламатычна адказаў: «Вам заўсёды рады».

Данбас — і «не марудзячы»

Расія лічыць пытанне прыналежнасці рэгіёнаў Данбаса галоўным для сябе. Уладзімір Пуцін выказаў сваю пазіцыю ў тэлефоннай размове з Дональдам Трампам, якая адбылася ў той жа дзень незадоўга да сустрэчы з Зяленскім.

Пуцін заклікаў Трампа арыентавацца на «разуменні», дасягнутыя паміж імі ў Анкорыджы — хоць пра важныя дамоўленасці тады не паведамлялася. А яго памочнік Юрый Ушакоў агучыў галоўнае патрабаванне расійскага боку: Кіеў павінен прыняць «смелае, адказнае палітычнае рашэнне <…>, якое тычыцца Данбаса».

«Гэтае рашэнне, якое тычыцца Данбаса, з улікам сітуацыі, якая складваецца на франтах, украінскаму рэжыму мела б сэнс прыняць не марудзячы», — заявіў Ушакоў.

Паводле слоў Ушакова, Пуцін і Трамп плануюць стэлефанавацца яшчэ раз — ужо па выніках перамоваў у Фларыдзе.

І Дональд Трамп, і Уладзімір Зяленскі кажуць усяго пра тыдні, па заканчэнні якіх можна чакаць рашэнняў, якія спыняць вайну.

Але гэта зноў не тычыцца Данбаса — Уладзімір Зяленскі настойвае на сваім, кажучы, што гэтае пытанне павінна быць вырашана народам Украіны або яго выбранымі прадстаўнікамі.

Гэта патэнцыйна ставіць бакі ў тупік — Украіна патрабуе спынення агню на час падрыхтоўкі і правядзення галасавання, Расія адмаўляе ёй у гэтым, а Пуцін ужо некалькі разоў паўтараў, што атрымання гэтых тэрыторый ён можа дамагчыся і ваенным шляхам.

Украінскі прэзідэнт дадаў, што любы з пунктаў мірнага пагаднення, якое абмяркоўваецца цяпер, можа быць вынесены як на рэферэндум, так і на разгляд парламентам краіны.

Трамп не выключыў, што непрадбачаныя праблемы яшчэ могуць узнікнуць. Паводле яго слоў, любы пункт з мірнага плана «магчыма, акажацца вельмі важным» і сапсуе ўсю дамову цалкам.

Адказваючы на пытанне, як хутка можа скончыцца вайна, Трамп зноў сказаў пра яснасць, якая павінна наступіць на працягу некалькіх тыдняў. Паводле яго слоў, у найбліжэйшай будучыні цалкам верагодная ўжо трохбаковая сустрэча паміж ЗША, Украінай і Расіяй: «Пуцін хоча, каб гэта адбылося. Ён мне вельмі выразна сказаў, я яму веру».

Як рэагуюць іншыя бакі на сустрэчу Зяленскага і Трампа

  • Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен пасля відэаканферэнцыі з Дональдам Трампам і Уладзімірам Зяленскім напісала ў сацсетцы X: «Еўропа гатова працягваць працу з Украінай і нашымі амерыканскімі партнёрамі, каб замацаваць прагрэс [дасягнуты на перамовах]. Галоўнае ў гэтых намаганнях — гэта каб з першага дня былі жалезныя гарантыі бяспекі».
  • Прэс-сакратар прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Кіра Стармера, які таксама прымаў удзел у відэаканферэнцыі, заявіў, што і Стармер, і еўрапейскія лідары «падкрэслілі важнасць цвёрдых гарантый бяспекі і зноў заявілі пра неадкладнасць спынення гэтай варварскай вайны як мага хутчэй». «Прэм'ер-міністр падкрэсліў прыхільнасць Злучанага Каралеўства цеснай працы з партнёрамі, з тым каб захаваць набраны тэмп у найбліжэйшыя дні», — дадаў прадстаўнік Даўнінг-стрыт.
  • З расійскага боку рэакцыя пакуль абмежавалася пастом у X спецпрадстаўніка прэзідэнта Кірыла Дзмітрыева, які падзякаваў прэзідэнту Трампу. «Увесь свет шануе мірныя намаганні прэзідэнта Трампа і яго каманды», — напісаў Дзмітрыеў па-англійску.

Каментары9

  • Интересная интерпритация...
    29.12.2025
    Вообще-то Трамп сказал что если Зеленский не согласиься то к сожалению пртдется дальше воквать и умирать...ему решать...
    Этото разве договоркнности? Это называется принужнние силой, только сила в безразличии
  • бабруйчанін
    29.12.2025
    І там на працягу яшчэ 3.5 год
    Вытрымкі Моцы..
    Але усё бывае на гэтым свеце
  • ваван
    29.12.2025
    Кто с кем о чем договорился? Ни Трамп ни Зеленский, даже если они между собой договорятся НЕ могут остоновить войну. Остановить войну может только Путин. И что то его совершенно НЕ видно на переговорах.... И,кстати, он озвучил свою позицию публично - война до ПОБЕДЫ над Украиной.

Цяпер чытаюць

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне15

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Усе навіны →
Усе навіны

Лосік: Умовы ў камерах у спёку — гэта душагубка1

Дзім Дзімыча больш не будзе7

Нехта падобны да Лукашэнкі рэкламуе дровы ў Літве ФОТАФАКТ8

Забойца з Мінска падпісаў кантракт проста ў расійскай калоніі. Паваяваць да палону атрымалася два дні2

Што танная нафта прынясе Беларусі?6

20‑гадовы мінчук адважна і перпендыкулярна выехаў перад трамваем4

Гомельскага прадпрымальніка прызналі дармаедам, калі ён квартал спрацаваў без прыбытку6

«Я папрасіла сваю сястру раздрукаваць фотаздымкі з майго акаўнта і прыслаць мне ў калонію». Ларыса Шчыракова расказвае пра фотасесіі ў этнастылі1

У Беларусі запрацаваў медпартал. Зараз звесткі сваёй медыцынскай карты можна праглядаць анлайн7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне15

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць