Зяленскі, Макрон і Стармер падпісалі дэкларацыю аб разгортванні ва Украіне замежнага кантынгенту
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер падпісалі дэкларацыю аб намерах разгарнуць у Украіне пасля заканчэння вайны шматнацыянальны вайсковы кантынгент. Пра гэта стала вядома пасля сустрэчы так званай «кааліцыі ахвотных».
Падчас падпісання дакумента. Скрыншот з відэа
Эмануэль Макрон паведаміў, што ўдзельнікі саміту дамовіліся пра механізмы кантролю за выкананнем рэжыму спынення агню, і падкрэсліў, што ключавую ролю ў гэтым будуць адыгрываць Злучаныя Штаты Амерыкі.
Ён таксама адзначыў, што асноўнай сілай стрымлівання расійскай агрэсіі застануцца Узброеныя сілы Украіны. Паводле яго слоў, пасля спынення агню ўкраінская армія будзе налічваць каля 800 тысяч вайскоўцаў, а заходнія партнёры абавязаліся аказваць ёй падтрымку.
Макрон дадаў, што замежныя сілы з краін «кааліцыі ахвотных» плануецца размясціць на сушы, у паветры і на моры, каб забяспечыць выкананне дамоўленасцяў аб спыненні агню.
У сваю чаргу Уладзімір Зяленскі заявіў, што дакументы, якія тычацца гарантый бяспекі для Украіны, ужо падрыхтаваныя і будуць падпісаныя ў найбліжэйшы час.
Раней паведамлялася, што ў выпадку спынення агню колькасць замежнага міратворчага кантынгенту ва Украіне можа скласці ад 15 да 20 тысяч чалавек, а некаторыя ўдзельнікі перамоў разлічваюць, што яна можа наблізіцца і да 30 тысяч.
Чытайце таксама:
Залужны прапануе размясціць ва Украіне ядзерную зброю — як гарантыю бяспекі
У Еўропе не ведаюць, адкуль узяць салдат для адпраўкі міратворцаў ва Украіну
Лідар Еўрапейскай народнай партыі заклікаў накіраваць еўрапейскія войскі ва Украіну
Туск: Польшча не адправіць войскі ва Украіну, гэта канчатковае рашэнне
Прэм'ер Брытаніі прапануе Трампу размяшчэнне 30 тысяч еўрапейскіх вайскоўцаў ва Украіне