БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка пра выкраданне Мадура: Гэта саступка Трампа вайскоўцам за Афганістан

8.01.2026 / 19:25

Nashaniva.com

Уручаючы ў Мінску прэміі «За духоўнае адраджэнне», Аляксандр Лукашэнка ўпершыню асабіста выказаўся пра выкраданне амерыканскім спецназам кіраўніка Венесуэлы Нікаласа Мадура і дастаўку яго на суд у ЗША.

Нікалас Мадура з Аляксандрам Лукашэнкам на саміце БРІКС у Казані, 2024 год. Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Лукашэнка назваў венесуэльскі народ «сяброўскім» і нагадаў пра свае шчыльныя адносіны як з Нікаласам Мадура, так і з ягоным папярэднікам Уга Чавесам. Грунтуючыся на гэтым, ён лічыць сябе экспертам па Венесуэле і нібыта спрабаваў сваю пазіцыю данесці да амерыканцаў:

«Напярэдадні я сказаў, што калі вы, амерыканцы, хочаце другі В'етнам, вы яго атрымаеце. Як бы там ні складвалася сітуацыя, мне здаецца, яны гэта пачулі. І тое, што яны пагражаюць цяпер Венесуэле нейкай наземнай аперацыяй, я думаю, яны выдатна разумеюць, што гэтая аперацыя скончыцца не на іх карысць. Тысячы загінуць ужо. І амерыканцы. Думаю, ні Дональд, ні іншыя гэтага не хочуць».

Прычыну ж таго, што амерыканцы ўсё ж выкралі Мадура, ён бачыць у патрэбе Трампа кінуць пернік сваім сілавікам, якія перад тым нібыта былі прыніжаныя:

«Вы павінны дакладна разумець: Амерыка — вельмі складаная краіна. Гэта не так, як у нас, нават у Расіі і іншых краінах. Я думаю, гэта хутчэй за ўсё саступка Дональда Трампа вайскоўцам. Памятаеце, як уцякалі з Афганістана, чапляючыся за шасі самалётаў, падалі на ўзлётна-пасадачнай паласе? Ганьба! Ну трэба ж было паказаць, што на нешта здольныя».

«Я хачу, каб вы разумелі: там было ўсё. І дамоўленасць, і грошы, якія былі аплачаныя ў тым ліку людзям у Венесуэле. І вайскоўцам, і цывільным. Там была змова, і там была здрада. Усё там было», — падкрэсліў Лукашэнка.

На ягоную думку, Трамп мог бы дасягнуць у Венесуэле сваіх мэтаў і без такой прыніжальнай для яе аперацыі:

«Я толькі ўдзячны Дональду за тое, што ён адкрыта кажа: «Нафта, нам патрэбна нафта!» Я гэта з болем кажу пра тое, што быў у нейкай ступені ўцягнуты ў гэтую сітуацыю ў самым пачатку. І амерыканцаў інфармаваў, што венесуэльцы гатовыя з вамі супрацоўнічаць. Не трэба рабіць гэтыя глупствы, з якіх будзе вельмі складана выйсці. […] Усё, што хочуць амерыканцы, можна было зрабіць без захопу», — сцвярджае ён.

Учарашні захоп амерыканцамі расійскага танкера Лукашэнка ацэньвае як толькі «спектакль»:

«Я ім заўсёды казаў, аднак і свайго старэйшага брата папярэджваў, і проста напярэдадні гэтага гідкага мерапрыемства: не было б толькі спектакля з боку амерыканцаў і ўсяго Захаду, не разыгралі б яны нас у чарговы раз. І сёння я абсалютна перакананы, што гэта так. Навошта было захопліваць зусім нядаўна пусты расійскі танкер пад сцягам Расіі? Навошта гэта трэба было рабіць, калі вы хочаце міру ва Украіне?»

Чытайце таксама:

Зяленскі прапанаваў ЗША захапіць Кадырава па прыкладзе Мадура

У Каракасе амерыканскія спецназаўцы «бачылі» праз сцены. Што гэта за супертэхналогія?

За Мадура сачылі мікрадроны памерам з насякомае?

Дзярждэп ЗША па-руску заявіў пра небяспеку гульняў з Трампам

Трамп: У наступныя 30 дзён выбары ў Венесуэле немагчымыя — «спачатку мы павінны навесці парадак у краіне»

Каментары да артыкула