БЕЛ Ł РУС

Былы топ-менеджар «Гродна Азота» ўзначаліў філіял расійскага «Уралхіма»

22.01.2026 / 17:45

Nashaniva.com

Сяргей Сілівонік, які быў першым намеснікам генеральнага дырэктара і галоўным інжынерам «Гродна Азота», перайшоў працаваць у расійскую карпарацыю «Уралхім» і стаў дырэктарам яе філіяла ў горадзе Беразнікі. Пра гэта паведамляецца на сайце кампаніі, заўважыў Office Life.

Фота: belchemoil.by

Сяргей Сілівонік нарадзіўся ў 1982 годзе. У 2004‑м ён скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «хімічная тэхналогія вытворчасці і перапрацоўкі неарганічных матэрыялаў і рэчываў, тэхналогія мінеральных угнаенняў, соляў і шчолачаў». У 2018‑м атрымаў адукацыю ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі па спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве прамысловасці».

Сваю кар’еру ў «Гродна Азот» Сілівонік пачаў у 2004 годзе. У 2014‑м стаў начальнікам цэха, а ў 2018‑м — начальнікам упраўлення па рэалізацыі будаўніцтва азотнага комплексу. З 2019 года працаваў галоўным інжынерам прадпрыемства, а з 2021 года — першым намеснікам генеральнага дырэктара і галоўным інжынерам.

20 студзеня 2026 года ён узначаліў філіял «Азот» ААТ «АХК «Уралхім» у Беразніках. На гэтай пасадзе Сілівонік будзе адказваць за аперацыйную эфектыўнасць, прамысловую бяспеку, якасць прадукцыі і выкананне планавых паказчыкаў.

Філіял «Уралхіма» ў Беразніках Пермскага краю — адзіны ў Расіі вытворца вышэйшых аліфатных амінаў, натрыевай селітры і крышталёвага нітрыту натрыю. Асноўная прадукцыя — аміячная селітра, тэхнічны аміяк, аміячная вада і іншае. «Уралхім» з’яўляецца адным з найбуйнейшых сусветных вытворцаў і экспарцёраў азотных угнаенняў.

Чытайце таксама:

Экс-палітвязень расказаў, што адбывалася ў 2020‑м на «Гродна Азоце» і як яго ў калоніі даводзілі да суіцыду

Былога работніка «Гродна Азоту» збівалі ў калоніі за храпенне. КДБ пры затрыманні спрабаваў яго вербаваць

Ці спыніліся звальненні па палітычных матывах? Вось што расказалі ў некалькіх дзяржаўных арганізацыях

На «Гродна-Азот» расказалі, як супрацоўнікаў правяраюць на паліграфе. Гэта толькі пагаршае сітуацыю з дэфіцытам кадраў

Каментары да артыкула