Грамадства33

Экс-палітвязень расказаў, што адбывалася ў 2020‑м на «Гродна Азоце» і як яго ў калоніі даводзілі да суіцыду

Былы рабочы «Гродна Азота» Максім Сенік выйшаў на волю з вялікай групай палітвязняў 13 снежня 2025 года. Яго гісторыя — гэта шлях ад спробы арганізаваць страйк на прадпрыемстве ў 2020‑м да фізічных і маральных катаванняў у калоніі. Мужчына расказаў «Люстэрку», як адміністрацыя завода пагражала яму КДБ, пра збіццё сукамернікамі праз моцны храп, як холад у калоніі прывёў да энурэзу і спробы суіцыду.

Былы палітвязень Максім Сенік на прэс-канферэнцыі ў Вільні. 22 снежня 2025 года. Фота: lookby.media

«Усе пераглянуліся, спалохаліся і вырашылі працягваць працу»

Максім Сенік працаваў электраманцёрам на «Гродна Азоце» і быў актывістам незалежнага прафсаюзу. У 2023 годзе яго асудзілі да чатырох гадоў калоніі. На судзе абвінавачванне сцвярджала, што мужчына «паддаўся ўплыву лідараў страйкаму» і «перадаваў незалежным СМІ інфармацыю пра тое, што адбываецца ў цэхах».

Аднак усё пачалося раней — у жніўні 2020 года. Максім успамінае, што атмасфера на прадпрыемстве ў тыя дні была крайне напаленая. Людзі адчувалі сябе падманутымі і адкрыта выказвалі сваё абурэнне кіраўніцтву, якое спрабавала згладзіць вуглы.

«Першы раз мы выйшлі ў пятніцу, 14 жніўня, каля «рубанаўкі», будынка інтэрната насупраць завода, каб выказаць сваё меркаванне. Людзі былі вельмі ўзбуджаныя тым, што вычварала начальства і ўлады. Усе разумелі: Лукашэнка, як звычайна, нахабна і подла намаляваў сабе перамогу. На тым стыхійным сходзе прысутнічаў дырэктар, начальнікі цэхаў, іх намеснікі, і ўсе яны чулі, што народ супраць падману».

Са слоў Сеніка, адміністрацыя завода баялася поўнага спынення вытворчасці, але яшчэ больш — агалоскі. Другі сход рабочых дырэктар паспрабаваў правесці ўжо на тэрыторыі завода, каб на ім не маглі прысутнічаць журналісты незалежных СМІ.

«Але людзі пачалі бунтаваць і адмовіліся, заявіўшы, што ў закрытым фармаце ніякага дыялогу не будзе. У выніку дырэктару давялося саступіць і пагадзіцца на сустрэчу каля заводакіраўніцтва, дзе нас маглі чуць усе», — успамінае суразмоўца.

Сход рабочых «Гродна Азот» каля будынка прадпрыемства. Гродна, 14 жніўня 2020 года. Фота: Tut.by

Нягледзячы на незадаволенасць людзей абвешчанымі ўладамі вынікамі выбараў і ўзлаванасць з-за жорсткіх дзеянняў сілавікоў, забастоўка на «Гродна Азоце» не адбылася. Максім Сенік кажа, што рабочыя проста спалохаліся.

«Людзі знайшлі для сябе адгаворку: у нас сем'і, дзеці, крэдыты, і калі мы спынім вытворчасць, то карміць іх не будзе чым. Быў і страх тэхнічнага характару: усе разумелі, што калі завод стане, то запусціць яго зноўку будзе практычна немагчыма або вельмі складана. Ніхто не захацеў браць на сябе такую каласальную адказнасць, асабліва калі дырэктар адкрыта спытаў: «Хто адкажа за наступствы? Я не буду». У выніку ўсё проста пераглянуліся і вырашылі працягваць працу, апраўдваючы гэта тым, што інакш мы застанемся без сродкаў да існавання і знішчым прадпрыемства».

Тым не менш, здаліся не ўсе. Сам Максім узяў невялікі адпачынак, каб не хадзіць на працу. Некаторыя яго калегі спрабавалі выказваць незадаволенасць каля прахадной прадпрыемства. Але з такімі хутка разбіраліся сілавікі.

«Адзін мой калега пасля такога быў як зомбі і наогул перастаў размаўляць, — успамінае Сенік. — Амапаўцы гналі людзей дубінкамі ад прахадной назад на завод, крычучы пры гэтым: «Вы наша кармавая база, вы павінны на нас працаваць». Калега быў у такім шоку ад гэтага, што проста не мог прыйсці да прытомнасці. Гэта было жудасна, мяне дагэтуль пачынае трэсці, калі я ўспамінаю тыя падзеі і стан сваіх калегаў».

Сход рабочых «Гродна Азот» каля будынка прадпрыемства. Гродна, 14 жніўня 2020 года. Фота: Tut.by

«Ты каштоўны чалавек, не хочам, каб цябе пасадзілі»

Максім кажа, што пакуль быў у адпачынку, адзін з начальнікаў паспрабаваў паўплываць на яго ўгаворамі.

«Ён прыехаў да майго дома, папрасіў выйсці на двор і пагаварыць, — сцвярджае Сенік. — Я выйшаў і ён прамым тэкстам сказаў: «Ты ў курсе, што цябе пасуць? Адгадай з трох літар хто». Пачынаў мне расказваць, што я не куру, не п'ю, вяду здаровы лад жыцця і заўсёды хаджу на працу, таму яму б не хацелася са мной расставацца. Спрабаваў пераканаць, што ён не хоча, каб мяне пасадзілі, таму просіць пачуць яго і спыніць актыўнасць. Казаў, маўляў, не хоча, каб я сеў, я патрэбны на заводзе, але калі не спынюся — мной зоймуцца сур'ёзна».

Нейкі час Сенік працягваў працаваць на «Гродна Азоце», але, з ягоных слоў, сітуацыя там станавілася ўсё горшай. Рабочым забаранілі праносіць у цэхі тэлефоны, быў пастаянны кантроль, кіраўніцтва, не саромеючыся, пагражала здаць нязручных рабочых сілавікам.

У пачатку 2022 года Максім Сенік вырашыў звольніцца і выехаць з краіны. Мужчына знайшоў працу ў Польшчы і напісаў заяву па ўласным жаданні, але адміністрацыя завода адмовілася падпісваць яе. Матывавалі гэта тым, што ў Сенніка падпісаны кантракт да 2026 года і ён абавязаны яго адпрацаваць, інакш звольняць паводле артыкула.

«Гродна Азот». Фота: «Веснік Белнафтахіма»

Затрымалі Максіма 15 лістапада 2022 года. У той дзень ён быў дома, займаўся прыбіраннем. Калі выйшаў вынесці смецце, яго ўжо чакалі.

Сілавікі прымусілі вярнуцца ў кватэру, пачаўся ператрус. Максім спадзяваўся, што ягоны тэлефон чысты — у мэтах бяспекі ён з'ездзіў да спецыяліста, які «абнуліў» апарат да фабрычных наладаў.

«Я быў упэўнены, што выдаліў усё незваротна. Але калі ў кабінеце (у сілавікоў. — Заўв. рэд.) тэлефон падключылі да абсталявання, на экране ўсплыло наогул усё, — успамінае ён. — На допыце следчы развярнуў у мой бок манітор кампутара, да якога быў падлучаны мой тэлефон. Там былі перапіскі і фатаграфіі перамяшчэння расійскай вайсковай тэхнікі, якія я рабіў у горадзе: танкі, якія ідуць праз мост, машыны без нумароў, калоны. Аказалася, што нават скіданне наладаў да заводскіх не дапамагло — яны аднавілі ўсё. У той момант я зразумеў, што адмаўляцца бессэнсоўна».

«Білі па нырках, каб я не спаў»

12 чэрвеня 2023 года Гродзенскі абласны суд прысудзіў Максіма Сеніка да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Мужчыну прызналі вінаватым у абразе Лукашэнкі, а таксама садзейнічанні дзейнасці экстрэмісцкай арганізацыі.

У СІЗА і Бабруйскай калоніі № 2 Максіма чакалі суровыя выпрабаванні. З-за анатамічных асаблівасцяў мужчына моцна храпе. У перапоўненых камерах і бараках гэта стала прычынай нянавісці з боку іншых зняволеных. Адміністрацыя ведала пра праблему, але выкарыстала яе як дадатковы інструмент ціску на палітвязня, дазваляючы іншым здзекавацца з яго.

Максім успамінае, што яму даводзілася выбіраць паміж сном і збіццём.

«Праз тое, што я моцна храпу, у людзей здавалі нервы, і яны пачыналі мяне біць, каб я не спаў. З мяне зрывалі коўдру і выносілі яе, каб я мерз, а калі я спрабаваў сагрэцца і зноў засынаў, удары паўтараліся. Білі жорстка: па нырках, у пахвіну, у жывот, па нагах. Гэта адбывалася рэгулярна, і я знаходзіўся ў стане пастаяннага фізічнага і псіхалагічнага тэрору з боку сукамернікаў».

Яшчэ адным катаваннем стаў холад. У памяшканнях атрада калоніі была нізкая тэмпература, і ў Максіма пачаліся сур'ёзныя праблемы з ныркамі, якія прывялі да нетрымання. Яму цяжка пра гэта расказваць, але мужчына прызнаецца: замест медыцынскай дапамогі ён сутыкаўся з жорсткасцю.

«Я прасіў адміністрацыю перавесці мяне ў іншы атрад. Але і там пачаўся сапраўдны кашмар: мяне сталі проста абліваць вадой, пакуль я спаў, і забіраць коўдру, каб я не мог сагрэцца. З-за холаду я застудзіў мачавы пухір і проста фізічна не мог кантраляваць сябе, але гэта нікога не хвалявала. Людзі не хацелі ўваходзіць у становішча, для іх гэта было проста падставай, каб паздзекавацца з мяне», — з цяжкасцю расказвае Максім.

З-за пастаянных канфліктаў з іншымі зняволенымі ў Сеніка не вытрымалі нервы, і ён зрабіў спробу суіцыду. Кажа, не бачыў іншага выйсця з бясконцага кола псіхалагічных зняваг і фізічных пакут. Але сістэма адрэагавала на крык пра дапамогу чыста бюракратычна — новымі пакараннямі.

«У мяне былі рэальныя спробы пайсці з жыцця: я рэзаў вены, але мяне своечасова спынялі іншыя асуджаныя — літаральна хапалі за рукі, не давалі давесці справу да канца. Адміністрацыя ж замест дапамогі ці доступу да псіхолага проста павесіла на мяне дадатковыя прафулікі. Спачатку мне прысвоілі статус схільнага да дэструктыўнай дзейнасці, а потым дадалі яшчэ адзін пункт — як схільнаму да суіцыду і наўмыснага калецтва».

Сенік спрабаваў дамагчыся хоць нейкай рэакцыі ад начальніка калоніі Яўгена Бубіча, але толькі пагоршыў сітуацыю.

«Ён мяне проста паслаў матам, сказаўшы: «Ідзі на **й адсюль, каб я цябе не бачыў». Ён заявіў, што мае праблемы вырашаць не будзе, а калі я не пайду, то ён мяне проста пасадзіць у штрафны ізалятар. Я спрабаваў растлумачыць, што мяне ў атрадзе заб'юць або зробяць інвалідам, але Бубіч нават слухаць не стаў, проста выгнаў з кабінета з пагрозамі», — успамінае экс-палітвязень свае зносіны з начальствам.

«Ехаў мокры і думаў, што вязуць расстрэльваць»

13 снежня 2025 года Максіму Сеніку раптам загадалі збіраць рэчы і рыхтавацца да выезду з калоніі. Прычын не тлумачылі, што толькі ўзмацняла стрэс.

«Нас вывелі да КПП і доўга трымалі ў ледзяным памяшканні, пакуль чакалі аўтобусаў. Я проста не вытрымаў і абмачыўся проста ў штаны, але ўсім было пляваць. Ехаў у аўтобусе мокры, мяне трэсла ад холаду, і я быў упэўнены, што гэта канец. Мы ж не ведалі маршруту, нам не аддалі дакументы, таму ўсе думалі, што нас вязуць у лес расстрэльваць. Стаўленне было скоцкім да самага апошняга моманту», — успамінае ён, скаланаючыся.

Вызваленыя беларускія палітвязні ў аўтобусе ва Украіне, 13 снежня 2025 года. Фота: праект «Хачу жыць»

Калі аўтобус перасек мяжу, напружанне змянілася шокам. Максім убачыў іншых вызваленых, у тым ліку Марыю Калеснікаву і Віктара Бабарыку. Зразумеў, што яны ва Украіне.

Пасля жахаў калоніі стаўленне ўкраінцаў здалося чымсьці неверагодным, успамінае мужчына.

«Да нас паставіліся вельмі цёпла, я нават не чакаў такога, — з дрыжыкамі ў голасе кажа Сенік. — Вялікі дзякуй украінцам і асабіста Уладзіміру Зяленскаму за ўсё. Пасля мяжы нас перасадзілі ва ўкраінскія аўтобусы, адвезлі ў бальніцу пад Чарнігавам, дзе мы змаглі трохі апамятацца і атрымаць першую дапамогу. Мы прабылі там тры дні. З бальніцы чулі выбухі, уначы бачылі зарыва. Нас часта выводзілі ў бамбасховішча. Бачылі спаленыя дамы — як прыватныя, так і шматпавярховікі. Вам не перадаць, як на гэта балюча і жудасна глядзець».

Цяпер Максім знаходзіцца ў Вільні, але прызнаецца, што апынуўся там амаль выпадкова. У хаосе вызвалення і з-за адсутнасці сувязі з роднымі і знаёмымі ён не змог своечасова скаардынаваць свае дзеянні.

«Я спачатку абраў Польшчу, але потым узнікла блытаніна і мне давялося запісацца ў спіс тых, хто едзе ў Літву. Я чакаў званка ад людзей, якія павінны былі падказаць, як лепш зрабіць, але сувязь з'явілася занадта позна, — кажа мужчына. — Калі я ўжо падпісаў паперы на Літву, мне нарэшце патэлефанавалі і сказалі, што трэба было ехаць у Варшаву, але я ўжо не змог нешта мяняць. Цяпер я тут, але вельмі спадзяюся, што атрымаецца перабрацца ў Польшчу, бо там мяне чакаюць». 

Каментары3

  • ***
    10.01.2026
    Держись! Главное - выжил и все плохое позади! Поправляй здоровье
  • Мля
    11.01.2026
    Якія ж людзі могуць быць пачвары. Беларус беларусу беларус?
    Бубіч, ты думаеш, памрэш ад старасці?
  • Морфеус
    11.01.2026
    Омоновцы гнали людей дубинками от проходной назад на завод, крича при этом: «Вы наша кормовая база, вы должны на нас работать».
    .....
    И ведь работают до сих пор...

Цяпер чытаюць

Адвакат Дзмітрый Лепрэтар расказаў пра белыя плямы ў справе аб тэракце ў метро11

Адвакат Дзмітрый Лепрэтар расказаў пра белыя плямы ў справе аб тэракце ў метро

Усе навіны →
Усе навіны

У Мазамбіку памерла вядомая ва ўсім свеце жанчына, якую называлі «дзіцём-цудам»

Пад Гроднам адкрылі гарналыжную трасу4

Пры вялікім марозе кіпень замярзае імгненна. Ведаючы гэта, людзі ладзяць зімовыя феерверкі ВІДЭА4

Лукашэнка прызнаў, што не можа нічога прадказваць на будучыню10

Мінчук забіў маці і цесця, а пасля 15 гадоў атрымліваў за іх пенсію1

Падчас пажару ў Смалявіцкім раёне загінула былая супрацоўніца «Беларусьфільма»

У Мінску ў сумёце знайшлі слабенькую саву ФОТЫ2

У Францыі падчас пахавання маці застрэлілі былога лідара карсіканскіх нацыяналістаў2

Чым цяперашнія пратэсты ў Іране адрозніваюцца ад папярэдніх7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адвакат Дзмітрый Лепрэтар расказаў пра белыя плямы ў справе аб тэракце ў метро11

Адвакат Дзмітрый Лепрэтар расказаў пра белыя плямы ў справе аб тэракце ў метро

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць