На перамовах у Абу-Дабі прадстаўнікі Пуціна зноў патрабуюць ад Украіны аддаць увесь Данбас
Паводле інфармацыі агенцтва Reuters, расійская дэлегацыя на перамовах з Украінай і ЗША, якія праходзяць у Абу-Дабі (ААЭ), зноў настойвае на перадачы Расіі ўсяго Данбаса, у тым ліку тых тэрыторый, якія Масква не змагла ўзяць пад кантроль за амаль чатыры гады вайны. Пра гэта агенцтву паведаміла крыніца, набліжаная да Крамля.
Уладзімір Пуцін. Фота: Vyacheslav Prokofyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Па словах гэтай крыніцы, расійскі бок прасоўвае так званую формулу Анкорыджа, якую ў Маскве лічаць узгодненай паміж прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным падчас саміту ў жніўні мінулага года.
Паводле гэтай схемы, Расія павінна атрымаць увесь Данбас, а на іншых участках усходу і поўдня Украіны прапануецца замарозіць наяўныя лініі фронту. Украінскі бок раней неаднаразова заяўляў, што такія ўмовы з’яўляюцца для яго непрымальнымі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што напярэдадні трохбаковай сустрэчы ў ААЭ правёў кансультацыі з украінскай дэлегацыяй і падкрэсліў, што каманда разумее, як дзейнічаць. Паводле яго слоў, падчас размовы абмяркоўваліся рамкі перамоў і чаканы вынік. Ён таксама адзначыў, што фармат дыялогу можа змяняцца ў працэсе сустрэчы, а рашэнні будуць прымацца непасрэдна па ходзе перамоў, паколькі такі фармат выкарыстоўваецца ўпершыню за доўгі час.
Раней Зяленскі заяўляў, што ключавой тэмай перамоваў Украіны, ЗША і Расіі ў Абу-Дабі стане тэрытарыяльнае пытанне, перадусім лёс Данбаса. У Крамлі гэта пацвердзілі. Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што пазіцыя Масквы заключаецца ў тым, каб Узброеныя сілы Украіны пакінулі тэрыторыю Данбаса. Памочнік Пуціна Юрый Ушакоў, у сваю чаргу, адзначаў, што без дыпламатычнага вырашэння тэрытарыяльнага пытання Расія гатовая дамагацца пастаўленых мэтаў ваенным шляхам.
Чытайце таксама:
На трохбаковай сустрэчы ў Абу-Дабі сёння будзе абмяркоўвацца пытанне тэрыторый
Перамовы Пуціна з Уіткафам і Кушнерам завяршыліся
Трамп запрасіў у Раду па Газе 50 краін, у тым ліку Расію, Украіну, Кітай, Польшчу і Беларусь