У новай абароннай стратэгіі ЗША назвалі Расію «пастаяннай, але кантраляванай пагрозай»
У дакуменце Пентагона «Нацыянальная стратэгія абароны», апублікаваным 23 студзеня, адзначаецца, што Масква і ў найбліжэйшай будучыні будзе заставацца фактарам пагрозы для НАТА.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас сустрэчы на Алясцы 15 жніўня 2025 года. Фота: Andrew Harnik/Getty Images
Паводле стратэгіі, Расія надалей будзе пастаяннай, хоць і кіраванай пагрозай для ўсходніх краін — членаў НАТА. Нягледзячы на дэмаграфічныя і эканамічныя праблемы, вайна ва Украіне, як падкрэсліваецца, сведчыць пра тое, што Расія ўсё яшчэ мае значны вайсковы і прамысловы патэнцыял.
Амерыканскае абароннае ведамства таксама лічыць, што Расія застаецца небяспечнай і для саміх Злучаных Штатаў. Прычына — найбуйнейшы ў свеце ядзерны арсенал, які, паводле даных Стакгольмскага інстытута даследаванняў праблем міру (SIPRI), налічвае каля 5 580 боегаловак і працягвае мадэрнізавацца.
Акрамя таго, у дакуменце згадваюцца падводныя, касмічныя і кібераперацыйныя магчымасці Расіі, якія тэарэтычна могуць быць выкарыстаныя супраць тэрыторыі ЗША. У сувязі з гэтым Вашынгтон заяўляе пра намер падтрымліваць гатоўнасць сваіх войскаў да абароны ад магчымых расійскіх пагроз.
Разам з тым Пентагон адзначае, што Расія не здольная дамагчыся дамінавання ў Еўропе. Еўрапейскія сілы НАТА, як сцвярджаецца, значна пераўзыходзяць Расію па эканамічным патэнцыяле, колькасці насельніцтва і, адпаведна, па агульнай вайсковай моцы. Аднак пры гэтым падкрэсліваецца, што расійская дзяржава прадэманстравала гатоўнасць весці працяглую вайну ў суседніх рэгіёнах.
Асобны акцэнт у стратэгіі зроблены на ролі Еўропы ў падтрымцы Украіны. У дакуменце гаворыцца, што хоць вайна павінна завяршыцца, асноўная адказнасць за гэта кладзецца на еўрапейскія краіны. Забеспячэнне і захаванне міру, на думку Пентагона, запатрабуе лідарства і актыўнай пазіцыі саюзнікаў па НАТА.
Гэтыя падыходы адпавядаюць і палажэнням стратэгіі нацыянальнай бяспекі ЗША, апублікаванай у снежні 2025 года. У ёй, сярод іншага, гаварылася пра неабходнасць заканчэння вайны ва Украіне, аднаўлення стратэгічнай стабільнасці ў адносінах з Расіяй і адмову ад далейшага пашырэння НАТА.
Чытайце таксама:
Беларусь выводзяць з ізаляцыі не проста так — Зянон Пазняк пра палітыку Трампа
Пуцін прапанаваў узяць мільярд за членства Расіі ў Радзе міру з замарожаных актываў
«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай