Цыклон «Леоні» не парушыў працу мінскага аэрапорта
Нягледзячы на складанае надвор’е, Нацыянальны аэрапорт Мінск працягвае працу ў звычайным рэжыме. Як паведамілі ў прэс-службе аэрапорта, напярэдадні персанал і тэхніка былі пераведзеныя ў рэжым павышанай гатоўнасці, каб забяспечыць бесперабойнае абслугоўванне рэйсаў.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: MinskNationalAirport
У аўторак Беларусь апынулася ў зоне дзеяння цыклона «Леоні», які прынёс мокры снег і ледзяны дождж. Непагадзь, паводле прагнозаў, захаваецца да серады, 28 студзеня. У раёне аэрапорта фіксуецца ледзяны дождж, аднак гэта не паўплывала на рытм яго работы.
Для забеспячэння палётаў праводзіцца пастаянная ачыстка ўзлётна-пасадачнай паласы, рулёжных дарожак і перона ад галалёду з адначасовым выкарыстаннем хімічных рэагентаў. У работах задзейнічана больш за 20 адзінак спецыяльнай тэхнікі, якія за мінулыя суткі выкарысталі каля 50 тон вадкіх і грануляваных сродкаў.
Таксама самалёты апрацоўваюцца супрацьабледзяняльнай вадкасцю. У аэрапорце адзначылі, што маюць дастатковыя рэсурсы для бяспечнага правядзення ўзлётна-пасадачных аперацый нават у складаных метэаўмовах і строга выконваюць стандарты бяспекі і якасці.
Разам з тым пасажырам і тым, хто іх сустракае, раяць загадзя планаваць паездку ў аэрапорт з улікам надвор’я і сітуацыі на дарогах.
Чытайце таксама:
«Проста люстэрка». Беларусы паказалі, у што ператварыў дарогі цыклон з ледзяным дажджом
У Беларусь прыйшоў новы цыклон — «Леоні». Ён прынёс ледзяны дождж
«Белавія» паведаміла пра затрымку рэйсаў праз непагадзь
«Белавія» накрыў маштабны збой у расійскай сістэме браніравання авіяквіткоў