Наступны раўнд перамоў паміж Расіяй і Украінай пройдзе без ЗША
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа паведаміў, што чарговы раўнд перамоў паміж Расіяй і Украінай, запланаваны на 1 лютага, пройдзе без удзелу Злучаных Штатаў і ў двухбаковым фармаце. Пра гэта ён заявіў падчас слуханняў у камітэце па замежных справах Сената ЗША.
Падчас апошніх перамоў у Абу-Дабі. Фота: ТАСС
Па словах Рубіа, амерыканскі бок тэарэтычна можа далучыцца да перамоў, але нават у такім выпадку ў іх не будуць удзельнічаць спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер, якія раней бралі ўдзел у трохбаковай сустрэчы з Расіяй і Украінай у канцы студзеня.
Асноўнай тэмай перамоў застаецца пытанне тэрытарыяльных прэтэнзій, у першую чаргу вакол Данбаса. Цяпер бакі спрабуюць высветліць, ці магчыма наблізіць свае пазіцыі, аднак, як адзначыў Рубіа, да згоды па гэтым пытанні яны пакуль не дайшлі. Ён таксама падкрэсліў, што для ўкраінскага боку нават разгляд магчымасці тэрытарыяльных саступак з’яўляецца палітычна вельмі складаным.
Папярэдні раўнд трохбаковых перамоў у Абу-Дабі ўдзельнікі ацанілі як канструктыўны і змястоўны. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўляў, што там абмяркоўваўся шырокі спектр пытанняў, звязаных з магчымым спыненнем вайны, і колькасць спрэчных пунктаў у мірным плане ўдалося скараціць. Аднак тэрытарыяльнае пытанне застаецца нявырашаным, бо Расія працягвае патрабаваць перадачы ўсяго Данбаса.
Чытайце таксама:
Тэмпы прасоўвання расійскай арміі ва Украіне ўпалі да мінімуму з вясны мінулага года
Працяг трохбаковых перамоў па Украіне запланаваны на наступны тыдзень