Тэмпы прасоўвання расійскай арміі ва Украіне ўпалі да мінімуму з вясны мінулага года
Паводле даных праекта DeepState, за перыяд з 1 па 25 студзеня расійскія войскі захапілі каля 152 квадратных кіламетраў украінскай тэрыторыі. Гэта амаль утрая менш, чым у снежні 2025 года. Асабліва прыкметнае запаволенне адбылося ў апошні тыдзень, калі хуткасць прасоўвання ўпала да ўзроўню сакавіка мінулага года. Такая сітуацыя аслабляе пазіцыі Расіі на фоне актывізацыі перамоў, піша выданне «Агенство».

Найбольш актыўныя баявыя дзеянні ў студзені расійскія войскі вялі на ўчастку паміж Северскам і Канстанцінаўкай на поўначы Данецкай вобласці, дзе ім удалося заняць каля 59,6 квадратных кіламетраў. Яшчэ 37,6 квадратных кіламетраў былі захопленыя ў раёне Пакроўска, а каля 36 квадратных кіламетраў — на паўднёвым участку фронту, пераважна таксама ў Данецкай вобласці.
Аднак у перыяд з 19 па 25 студзеня прасоўванне Расіі рэзка запаволілася: за гэты тыдзень пад яе кантроль перайшло толькі 30,4 квадратных кіламетра — гэта найменшы паказчык з вясны 2025 года. Для параўнання, у сярэдзіне сакавіка мінулага года за тыдзень Расія заняла 22,5 квадратных кіламетра. У канцы студзеня расійскія войскі прасунуліся на 10,7 квадратных кіламетра ў раёне Канстанцінаўкі, на 6,4 — каля Пакроўска і на 7 — на паўднёвым участку фронту.
У цэлым студзень паказаў значна горшыя вынікі для расійскага наступлення, чым папярэднія месяцы. У снежні, паводле DeepState, Расія захапіла 423 квадратныя кіламетры, а ў лістападзе — 489.
Заснавальнік Conflict Intelligence Team (CIT) Руслан Лявіеў адзначыў, што своеасаблівая «ўмоўная паўза» на фронце пачалася яшчэ ў канцы снежня. На яго думку, у пачатку лютага можа быць зафіксаваны антырэкорд, калі за ўвесь месяц расійскае прасоўванне будзе амаль незаўважным.
Аналітыкі тлумачаць запаволенне наступлення ў першую чаргу зімовымі ўмовамі. Вайсковы эксперт Кірыл Міхайлаў адзначыў, што маразы не спрыяюць дзеянням пяхоты, хоць і робяць умовы больш зручнымі для выкарыстання дронаў. Падобную ацэнку даў і Лявіеў, падкрэсліўшы, што зімой, пры кароткім светлавым дні і замаразках, баявыя дзеянні традыцыйна запавольваюцца.
Акрамя таго, у снежні расійская армія актыўна наступала ў Запарожскай вобласці ў кірунку Гуляйполя, але цяпер гэтае прасоўванне амаль спынілася. Адзін з аналітыкаў CIT выказаў меркаванне, што ўкраінскі Генштаб мог узмацніць абарону гэтага ўчастка і выправіць ранейшыя памылкі.
Фінскі OSINT-праект Black Bird Group таксама звязвае зніжэнне тэмпаў наступлення з надвор’ем, баямі ў раёнах Мірнаграда, Пакроўска і Гуляйполя, а таксама з паспяховымі контрнаступальнымі дзеяннямі Украіны каля Купянска.
Запаволенне наступлення адбываецца на фоне актывізацыі мірных перамоў. У мінулыя выхадныя ў Абу-Дабі прайшла першая трохбаковая сустрэча, якая не прынесла канкрэтных дамоўленасцяў, але, паводле назіральнікаў, паказала прыкметы асцярожнага прагрэсу.
Раней Расія выкарыстоўвала поспехі на фронце як аргумент на перамовах, дамагаючыся перадачы ёй усяго Данбаса. Увосень Уладзімір Пуцін неаднаразова сустракаўся з вайскоўцамі, пасля чаго заяўляў, што Расія здольная дасягнуць сваіх мэтаў ваенным шляхам. Аднак апошнім часам такія заявы з яго боку не гучалі.
Замест нарошчвання наступлення на фронце Расія ўзмацніла ўдары па энергетычнай інфраструктуры Украіны. Пасля пачатку перамоў у ААЭ расійскія войскі нанеслі самы магутны за месяц удар па Кіеве, што прывяло да крытычнай сітуацыі ў энергасістэме краіны, блізкай да гуманітарнай катастрофы.
Марк Рутэ заклікаў краіны Еўрасаюза, якія «сядзяць на запасах перахопнікаў», перадаць іх Украіне
Былы кіраўнік «Укрэнерга» загінуў ад удару току. Ён наладжваў сістэму пасля расійскіх удараў
«Сёння ў кватэры ўжо цяплей, +5». Як Кіеў зноў жыве без ацяплення пасля расійскай атакі
Пасля расійскіх удараў ва Украіне не засталося ніводнай цэлай электрастанцыі
Каментары