БЕЛ Ł РУС

У Італіі разгарэўся скандал з-за выявы на царкоўнай фрэсцы анёла з тварам Мелоні

31.01.2026 / 17:05

Nashaniva.com

У Італіі разгарэўся скандал пасля таго, як у Рыме ў базіліцы Сан-Ларэнца-ін-Лучына на адной з адрэстаўраваных фрэсак анёл, як сцвярджаюць СМІ і карыстальнікі сацсетак, атрымаў рысы твару цэперашняй прэм’ер-міністаркі краіны Джорджы Мелоні.

Фрагмент выявы, які выклікаў жарсці

Як паведамляецца, падабенства заўважылі пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ. Рэктар Пантэона і базілікі Даніэле Мікелеці прызнаў, што пэўнае падабенства сапраўды ёсць, але падкрэсліў, што прычыны такога выніку варта высвятляць у самога рэстаўратара, бо ён не можа растлумачыць, чаму фрэска выглядае менавіта так.

У рымскай епархіі навіна выклікала здзіўленне і збянтэжанасць — адзначаецца, што падобных выпадкаў раней не было.

Сама Джорджа Мелоні з гумарам адрэагавала на сітуацыю ў сацыяльных сетках, напісаўшы, што яна «зусім не падобная да анёла», і дадаўшы смайлік. Яна таксама апублікавала фота фрагмента фрэскі.

Джорджа Мелоні. Фота: Simona Granati / Corbis via Getty Images

Рэстаўратар Бруна Валенцінэці адхіліў усе абвінавачанні, заявіўшы, што ён проста аднавіў вобраз такім, якім ён быў каля 25 гадоў таму, строга прытрымліваўся старых эскізаў і колераў і не ўносіў ніякіх зменаў ад сябе.

На сітуацыю адрэагавала і апазіцыя. Прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі і руху «Пяць зорак» заявілі, што, калі інфармацыя пацвердзіцца, гэта можа быць сур’ёзным парушэннем заканадаўства аб ахове культурнай спадчыны. Яны патрабуюць неадкладнага ўмяшання Міністэрства культуры, расследавання абставін рэстаўрацыі і высвятлення, хто нясе адказнасць за работу.

Апазіцыйныя палітыкі падкрэсліваюць, што мастацтва і культурная спадчына Італіі не павінны станавіцца сродкам прапаганды ці адвольных інтэрпрэтацый, бо гэта пагражае іх аўтэнтычнасці і гістарычнай каштоўнасці.

Чытайце таксама:

Прэм'ерка Італіі заявіла пра неабходнасць размаўляць з Расіяй

У спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўключылі ўсю італьянскую нацыянальную кухню. Гэта першы такі выпадак у гісторыі

На фрэсцы ў касцёле ў Віцебску замалявалі некалькі персанажаў

Кітайскія археолагі аднавілі пазалочаныя даспехі больш чым тысячагадовай даўніны

Каментары да артыкула