БЕЛ Ł РУС

Расія заявіла, што больш не лічыць сябе звязанай дамовай аб абмежаванні ядзернага арсенала

5.02.2026 / 00:03

Nashaniva.com

Расія заявіла, што больш не лічыць сябе абавязанай выконваць абмежаванні на ядзерны арсенал у сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння расійска-амерыканскай дамовы СНУ-3, якая афіцыйна спыняе дзейнасць 5 лютага. Адпаведную заяву МЗС РФ апублікавала 4 лютага.

Фота ілюстрацыйнае

У ведамстве адзначылі, што з моманту завяршэння дамовы яе ўдзельнікі больш не звязаныя ніякімі ўзаемнымі абавязкамі, у тым ліку ключавымі палажэннямі аб кантролі над ядзернымі ўзбраеннямі, і могуць самастойна вызначаць далейшыя крокі. Таксама ў МЗС падкрэслілі гатоўнасць Расіі прымаць ваенна-тэхнічныя меры ў адказ на магчымыя пагрозы нацыянальнай бяспецы.

Пры гэтым расійскі бок заявіў, што ў будучыні застаецца адкрытым да палітыка-дыпламатычнага дыялогу і пошуку шляхоў стабілізацыі стратэгічнай сітуацыі, калі для гэтага будуць створаныя адпаведныя ўмовы.

Дамова СНУ-3, вядомая таксама як New START, была апошнім буйным пагадненнем паміж ЗША і Расіяй у сферы скарачэння і абмежавання стратэгічных ядзерных узбраенняў. Яе падпісалі ў 2010 годзе, а моц дамова набыла ў 2011-м. Пасля заканчэння яе дзеяння свет упершыню за многія дзесяцігоддзі застаецца без юрыдычнага механізму кантролю над ядзернымі арсеналамі найбуйнейшых дзяржаў.

Раней расійскія чыноўнікі ўжо заяўлялі пра гатоўнасць краіны існаваць у новых умовах без падобных абмежаванняў. У сваю чаргу, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адзначаў, што дазволіць дамове спыніць дзеянне, але выступаў за заключэнне новага, больш выгаднага пагаднення. У 2023 годзе Уладзімір Пуцін абвясціў пра прыпыненне ўдзелу Расіі ў СНУ-3, хаця сама дамова не прадугледжвае такой працэдуры.

Чытайце таксама:

«Часы змяніліся». У Германіі заклікаюць да стварэння еўрапейскай атамнай бомбы

Разведка ЗША: Беларусь стала перадавым вайсковым плацдармам Расіі

У новай абароннай стратэгіі ЗША назвалі Расію «пастаяннай, але кантраляванай пагрозай»

У Еўропе абмяркоўваюць стварэнне як альтэрнатывы НАТА новага абарончага саюза з удзелам Украіны

Пуцін прапанаваў Трампу пагаварыць пра здзелку па ядзернай зброі

Каментары да артыкула