Эксперымент наглядна паказаў, як лёгка надурыць чалавека праз штучны інтэлект
Мінская міліцыя прадэманстравала эксперымент, які паказвае, наколькі лёгка з дапамогай штучнага інтэлекту можна падмануць чалавека. Для гэтага спатрэбілася ўсяго каля паўхвіліны размовы з добраахвотнай удзельніцай.
Здымак ілюстрацыйны: freepik.com
Дзеянне адбывалася ў пачатку праспекта Пераможцаў. Дзяўчына сказала ў мікрафон некалькі нейтральных фраз пра свой дзень і самаадчуванне. На падставе гэтага супрацоўнік міліцыі з дапамогай ШІ згенераваў паведамленне, нібыта ад імя дзяўчыны, і адправіў яго яе маці.
У тэксце гаварылася, што «дачка» знаходзіцца на манікюры, у яе не працуе банкінг, і яна просіць пералічыць майстру 45 рублёў.
Неўзабаве ў відэа паказалі скрыншот перапіскі: маці ўдакладніла суму, а пасля адправіла грошы і пацвердзіла аплату. Пасля гэтага дзяўчына патэлефанавала маці і растлумачыла, што ўсё гэта было часткай эксперыменту.
Супрацоўнік міліцыі пацікавіўся ў жанчыны, ці ўзнікалі ў яе сумненні, што гэта піша сапраўды дачка. Маці адказала, што ніякіх падазрэнняў не было і яна цалкам паверыла паведамленню.
Напрыканцы роліка міліцыянер паабяцаў вярнуць грошы назад і параіў дзяўчыне правесці з маці прафілактычную размову, каб пазбегнуць падобных сітуацый.
Чытайце таксама:
Канец эпохі цалкам бясплатнага ШІ? У ChatGPT з'яўляецца рэклама, і вось як яна будзе выглядаць
Лукашэнка: Не трэба перажываць з нагоды штучнага інтэлекту — чалавека ён пакуль не заменіць