Вядомы нарвежскі біятланіст пасля заваявання алімпійскага медаля публічна прызнаўся ў здрадзе сваёй дзяўчыне
Нарвежскі біятланіст Стурла Хольм Легрэйд адразу пасля бронзавага для сябе фінішу індывідуальнай гонкі зрабіў нечаканае прызнанне, піша «Трыбуна».
Стурла Хольм Легрэйд. Фота: AP Photo / Andrew Medichini
«Паўгода таму я сустрэў каханне ўсяго свайго жыцця — самую прыгожую і добрую дзяўчыну ў свеце, а тры месяцы таму здзейсніў самую вялікую памылку ў сваім жыцці — здрадзіў ёй.
Гэта быў найгоршы тыдзень у маім жыцці. Магчыма, цяпер многія паглядзяць на мяне інакш, але я думаю толькі пра яе. Я не зусім разумею, пра што цяпер хачу сказаць, але спорт у апошнія дні адышоў на другі план. І шкада, што я не магу падзяліцца з ёй гэтым. Я стараюся быць добрым прыкладам для пераймання, але зрабіў глупства.
Мне няма чаго губляць. У мяне быў шанец на сапраўднае каханне, і я ўсё сапсаваў.
Не абавязкова дараваць мне. Але калі ёсць хоць нейкі шанец сказаць ёй, як моцна я яе кахаю, нават калі гэта медыйна заб’е мяне ў жывым эфіры, я гатовы — абы атрымаць гэты драбнюткі шанец», — сказаў 28‑гадовы спартсмен пасля гонкі.
Для Стурлы Хольма Легрэйда заваяваны ім бронзавы алімпійскі медаль стаў не першым — у 2022 годзе ў Пекіне ён стаў нават алімпійскім чэмпіёнам. Аднак жа сёлетняя бронза ўпершыню заваяваная ім індывідуальна, у той час як тое золата — у складзе нарвежскай эстафетнай чацвёркі. Акрамя таго, ён ажно сяміразовы чэмпіён свету, пяціразовы срэбраны прызёр, а таксама адзін раз атрымаў на сусветных форумах бронзу.
Чытайце таксама:
Нарвежац Ёханэс Клеба стаў сяміразовым алімпійскім чэмпіёнам. Да рэкорда зусім блізка
МАК забараніў украінскаму скелетаністу выступаць у шлеме з выявамі спартсменаў, загінулых на вайне
18‑гадовая сцяганосца зборнай Малдовы аказалася зацятай пуціністкай
Алімпіяда яшчэ толькі пачалася, а заваяваныя медалі ў некаторых прызёраў ужо паламаліся