«Выслухаю ваша ныццё. Дорага». Дыпламаваны спецыяліст Ілля Дабратвор прапануе псіхалагічныя кансультацыі
Былы актывіст БНФ Ілля Дабратвор, які ў апошнія гады працуе таксістам у Варшаве, прапануе паслугі ў яшчэ адной сферы.
Ілля Дабратвор. Фота: фэйсбук
Пра тое, што гатовы браць кліентаў, Дабратвор напісаў у фэйсбуку. Вось як ён апісаў сваю магчымую працу:
«Зусім не талерантны псіхолаг. Выслухаю ваша ныццё, дапамагу знайсці рашэнні вашых праблем, але ныць з вамі не буду. Ні разу не ліберал. Дорага, але гэта таго вартае […] Калі няма грошай, то вам псіхолаг не патрэбны, вы — абсалютна нармальны чалавек».
Дабратвор расказаў «Нашай Ніве», што і раней ладзіў прыватныя кансультацыі, але апошнім часам больш займаўся палітычнымі тэхналогіямі — ён называе іх памежнай галіной паміж псіхалогіяй і палітыкай.
Цяпер Ілля вырашыў працаваць псіхолагам публічна і паспрабаваць знайсці новых кліентаў:
«Адсочваю розныя псіхалагічныя суполкі ў сеціве і даўно назіраю, што ў плане кансультацый прысутнічае крызіс. Большасць людзей, якія спрабуюць дапамагчы [у гэтай галіне], не маюць нармальнай псіхалагічнай адукацыі. Большасць так званых псіхолагаў — гэта людзі, якія скончылі нейкія курсы, гэта інфацыганы.
Мне як прафесійнаму псіхолагу асабліва балюча глядзець на тое, што кажуць тыя з іх, хто мае шмат падпісчыкаў у фэйсбуку ці інстаграме, хто мае вялікую аўдыторыю. Людзі проста бачаць іх і думаюць, што гэта прафесійныя псіхолагі, але на самой справе гэта інфацыганы».
Ілля лічыць, што трэба мець універсітэцкую адукацыю ў галіне псіхалогіі, каб называць сябе псіхолагам:
«Ён мусіць мець дыплом, дзе напісана, што ён псіхолаг, а не паперку, выдадзеную невядома кім, ці дыплом, набыты ў пераходзе. Але я бачу, што большасць з тых, хто займаецца псіхалогіяй, не з’яўляюцца псіхолагамі, яны працуюць хутчэй як шарлатаны ці сектанты. Яны проста недзе нешта прачыталі і чамусьці пайшлі працаваць. Гэтыя псіхолагі з кухняў павыходзілі ў людзі і чамусьці пачалі кансультаваць іншых людзей. Некаторыя мае знаёмыя звярталіся да псіхолагаў, і я не бачыў у іх станоўчых вынікаў ад той працы. Так, яны бралі грошы. Гэта, напэўна, іх галоўная мэта, гэта яны добра ўмеюць».
У самога Іллі ёсць адукацыя па спецыяльнасці «Псіхолаг, выкладчык псіхалогіі». Атрымаў ён яе ў прыватным Міжнародным гуманітарна-эканамічным інстытуце, яго дыплом выдадзены ў 2004‑м годзе. Ілля ўдакладняе, што там працавалі выкладчыкі з БДУ і БДПУ.
Фота: архіў суразмоўцы
Ці была ў Дабратвора праца па гэтай спецыяльнасці? Кажа, што так:
«У нас кожныя паўгода [навучання] была практыка, і гэта была практыка ва ўсіх галінах, дзе можа працаваць псіхолаг — школа, дзіцячы садок, псіхіятрычная бальніца.
Калі гутарыў з палякамі, звярнуў увагу, што польская псіхалагічная адукацыя на галаву ніжэйшая, чым беларуская. Мы вывучалі і псіхааналіз, і гештальт-тэрапію, і біхевіярызм, то-бок розныя падыходы, вывучалі розныя метады ў той жа сацыяльнай псіхалогіі. А ў Польшчы такога няма, там вывучаюць толькі адзін падыход, зацверджаны Еўропай ці Еўракамісіяй, іншага меркавання ў іх быць не можа. І псіхолагі з Усходу на галаву мацнейшыя, чым тыя, хто атрымаў польскую адукацыю».
Дабратвор расказвае пра тое, што пасля атрымання дыплома працаваў у школе як сацыяльны педагог, потым меў два-тры кліенты на год як псіхолаг. Паводле яго слоў, гэта была індывідуальная праца і кліенты, якіх ён вёў шмат гадоў.
Апошні кліент у яго быў у мінулым годзе. Праўда, шмат папрацаваць з ім не атрымалася, бо ў чалавека быў занадта складаны псіхалагічны стан, Дабратвор парэкамендаваў яму звярнуцца да псіхіятра.
Колькі ж каштуюць псіхалагічныя сесіі з Дабратворам?
«Ад 200 злотых за гадзіну (каля $55 — «НН»). Гэта нармальны кошт. Танныя псіхолагі каштуюць 80‑100 злотых за гадзіну ($22‑28 — «НН»), але я цаню свой прафесіяналізм, свой час, і не гатовы працаваць за 100 злотых», — кажа таксіст.
Ілля гатовы працаваць і з сямейнымі праблемамі, пры гэтым вядома, што некалькі гадоў таму яго ўласная сям'я развалілася. Ці не паўплывае гэта на яго магчымую дапамогу парам?
Дабратвор упэўнены, што паўплывае:
«Мой досвед — якраз тое, што трэба, бо я ўжо ведаю на сябе ўсе магчымыя акалічнасці. І сям'я развалілася ў тым ліку праз непрафесійных псіхолагаў і ініцыятывы».
Чытайце таксама:
Беларус наладзіў у Польшчы вытворчасць хатніх бункераў для абароны ад ракет і дронаў
Былога кіраўніка БРСМ з Іўя кінулі ў СІЗА па палітычным артыкуле і залічылі ў тэрарысты