Калеснікава расказала, у чыёй кватэры і як яна цяпер жыве
На сваёй сустрэчы з журналістамі ў Берліне былая палітзняволеная Марыя Калеснікава сярод іншага расказала, як у яе цяпер наладжаны ў Германіі побыт, піша Deutsche Welle.
Марыя Калеснікава. Фота: Lookby.media
Па словах Калеснікавай, невялікая студыя з прыгожым відам на Берлін, абстаўленая прадметамі мастацтва, належыць сябрам Марыі. Сама былая палітзняволеная пакуль яшчэ шукае сабе ўласнае жыллё ў Берліне. Калеснікава гаворыць, што будзе жыць у сталіцы Германіі, а не ў Штутгарце, дзе жыла раней — усё ж у Берліне больш магчымасцяў.
Паводле слоў Марыі, бюракратычныя пытанні ў Германіі яшчэ не да канца вырашаныя. У Германіі яна знаходзіцца на падставе запрашэння нямецкага ўрада — Марыі ўжо выдалі Reiseausweis (пашпарт для замежнікаў) з візай, які дазваляе ёй падарожнічаць. Але статусу бежанца, як яна ўдакладніла, у яе няма.
«Усе астатнія дакументы ў працэсе, робяцца. Мяне ў гэтым вельмі падтрымлівае нямецкі бок, я ім вельмі ўдзячная. З банкам пытанні таксама вырашаюцца (падчас турэмнага зняволення Марыі заблакавалі рахунак у нямецкім Commerzbank. — Рэд.)».
У Германіі Марыя, па яе словах, адчувае сябе ў бяспецы: «У мяне няма аховы тут, але я прытрымліваюся пэўных правіл». У фінансавым плане яе зараз у першую чаргу падтрымлівае сям'я, дапамогі ад нямецкага ўрада на гэты момант яна не атрымлівае. «У мяне ёсць магчымасць працаваць і, вядома ж, я буду працаваць».
Як і іншыя вызваленыя беларускія палітвязні, Марыя атрымала выплату ад BySol.
Пасля інтэрв'ю нямецкім медыя Марыю сталі часта пазнаваць на вуліцах Берліна, у першую чаргу не рускамоўныя людзі.
«Падыходзяць і кажуць пра падтрымку Беларусі, што яны вераць, што яна будзе свабоднай. Я да гэтага не вельмі прывыкла, хоць, вядома, радуе, што людзі пазнаюць і адразу кажуць пра Беларусь».
Чытайце таксама:
Калеснікава: Крым — украінскі, Пуцін пачаў вайну, кіраўніцтва Беларусі таксама вінаватае
Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала сустрэліся ўпершыню за 5 гадоў ФОТЫ