ЗША накіруюць у Арменію больш за 13 мільярдаў даляраў інвестыцый. Гэта амаль палова яе гадавога ВУП
ЗША плануюць накіраваць у Арменію інвестыцыі на суму больш за 13 мільярдаў даляраў, што складае амаль палову гадавога ВУП краіны. Паводле інфармацыі Bloomberg, гэтыя сродкі павінны дапамагчы Ерэвану зменшыць шматгадовую залежнасць ад Расіі.
Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс і прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян. Фота: Kevin Lamarque/Pool Photo via AP
Падчас візіту віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса ў Арменію было падпісана пагадненне аб цывільным ядзерным партнёрстве. Яно прадугледжвае выдачу Арменіі да 9 мільярдаў даляраў. Яшчэ 4 мільярды плануецца накіраваць на развіццё праектаў у сферы штучнага інтэлекту. Для армянскай эканомікі, гадавы ВУП якой складае каля 27 мільярдаў даляраў, гэта беспрэцэдэнтныя сумы.
Ядзернае пагадненне адкрывае магчымасць паставак амерыканскіх атамных тэхналогій і ўдзелу кампаній ЗША ў будаўніцтве новай атамнай станцыі замест Мецаморскай АЭС, якая была ўзведзеная ў савецкі час і забяспечвае каля 40% электраэнергіі краіны. Дагэтуль станцыя знаходзілася пад кіраваннем «Расатама», а паліва пастаўлялася з Расіі.
Візіт Вэнса стаў часткай больш шырокай барацьбы за ўплыў на Паўднёвым Каўказе — важным транспартна-энергетычным рэгіёне. Пасля Ерэвана амерыканскі віцэ-прэзідэнт наведаў Баку, дзе з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым была падпісаная Хартыя аб стратэгічным партнёрстве. Дакумент прадугледжвае супрацоўніцтва ў транспарце, энергетыцы, абароне і лічбавых тэхналогіях, а таксама развіццё так званага Сярэдняга калідора і праекта TRIPP — маршруту да Нахічэвані праз тэрыторыю Арменіі.
Актывізацыя ЗША ў рэгіёне адбылася пасля падзей жніўня 2025 года, калі ў Вашынгтоне было падпісана пагадненне паміж Арменіяй і Азербайджанам, якое паклала канец шматгадоваму канфлікту вакол Нагорнага Карабаха.
Збліжэнне Арменіі з ЗША паскорылася пасля вайны пачатку 2020‑х гадоў і страты кантролю над Нагорным Карабахам. Тады Ерэван не атрымаў чаканай падтрымкі ад Расіі і партнёраў па АДКБ, пасля чаго замарозіў удзел у арганізацыі. У 2023 годзе Арменія правяла першыя сумесныя вайсковыя вучэнні з ЗША.
У жніўні 2025 года Арменія і Азербайджан дамовіліся аб рэалізацыі праекта TRIPP, які прадугледжвае будаўніцтва аўтамабільнай, чыгуначнай і нафтагазавай інфраструктуры. У студзені 2026 года кіраўнік МЗС Арменіі заявіў, што ўдзел Расіі ў гэтым праекце не прадугледжваецца.
Чытайце таксама:
Джэй Дзі Вэнс выдаліў твіт пра генацыд армянаў перад візітам у Азербайджан
ЗША і Азербайджан падпісалі хартыю аб стратэгічным партнёрстве
ЗША ўкладуць 9 мільярдаў даляраў у армянскую ядзерную энергетыку