Грошы грабуць акцыянеры, а не нанятыя работнікі: такая цяпер эканоміка, і будзе яшчэ горш (ці лепш?)
У сучаснай глабальнай эканоміцы асноўныя дывідэнды ад росту ВУП дастаюцца не тым, хто стварае прадукт рукамі ці розумам, а ўладальнікам капіталу — кампаніям, іх акцыянерам і вузкаму колу топ-менеджараў. Гэты трэнд, які пачаўся дзесяцігоддзі таму, сёння выходзіць на новы віток дзякуючы штучнаму інтэлекту.
Вытворчасць. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»
Каб зразумець, наколькі радыкальна змянілася сусветная эканоміка за апошнія дзесяцігоддзі, дастаткова зірнуць на дзве знакавыя карпарацыі розных эпох. У 1985 годзе IBM была самай дарагой і прыбытковай кампаніяй ЗША, забяспечваючы працай амаль 400 000 чалавек. Сённяшняя Nvidia каштуе ў 20 разоў больш і ў пяць разоў больш прыбытковая (з папраўкай на інфляцыю), але ў ёй працуе ўсяго дзясятая частка ад тагачаснага штату IBM, піша The Wall Street Journal.
Рэальная рынкавая капіталізацыя (па вертыкалі) і колькасць супрацоўнікаў (па гарызанталі) найбуйнейшых кампаній у першы гандлёвы дзень асобных гадоў. Блакітны колер — 2026 год. Крыніца: FackSet / WSJ
Гэтае простае, але паказальнае параўнанне выкрывае фундаментальны зрух у сучаснай эканамічнай сістэме: плады эканамічнага росту ўсё больш непрапарцыйна размяркоўваюцца на карысць капіталу, а не працы.
Каб зразумець механіку гэтага працэсу, варта звярнуцца да паняцця валавага ўнутранага прадукту (ВУП), які вымярае ўсю дададзеную вартасць у эканоміцы. Уявіце сабе завод: дададзеная вартасць вытворцы — гэта сума продажаў мінус выдаткі на дэталі і сыравіну. Гэты «пірог» затым дзеліцца на дзве асноўныя часткі: адна ідзе на аплату працы (заробкі і льготы), другая — капіталу (прыбыткі, працэнты, амартызацыя).
Прыбытак карпарацый (злева) і аплата працы ў працэнтах ад валавага ўнутранага даходу. Крыніца: Міністэрства гандлю ЗША / WSJ
Статыстыка няўмольная: дзель, якую атрымлівае праца, скарачаецца ўжо больш за 40 гадоў. Калі ў 1980 годзе работнікі атрымлівалі 58% ад агульнага аб'ёму эканамічнай прадукцыі, вымеранага валавым унутраным даходам (канцэптуальна падобным да ВУП), то да трэцяга квартала мінулага года гэты паказчык абрынуўся да 51,4%. І наадварот, дзель карпаратыўных прыбыткаў за гэты ж перыяд вырасла з 7% да 11,7%.
Гісторыя падзення
Гістарычныя карані гэтага зруху ляжаць у 1980‑х і 1990‑х гадах. Заняпад прафсаюзаў і глабальны аўтсорсінг падарвалі здольнасць работнікаў патрабаваць большую частку «пірага». Адначасова змянілася і сама прырода капіталу. Бізнэс пачаў менш выдаткоўваць на даўгавечныя будынкі і заводы, пераарыентаваўшыся на камп’ютарнае абсталяванне, праграмнае забеспячэнне і інтэлектуальную ўласнасць — актывы, якія патрабуюць пастаяннага абнаўлення.
Аднак самым магутным фактарам стала аўтаматызацыя, першая хваля якой накрыла вытворчы сектар. Машыны, робаты і камп’ютары пачалі масава замяняць людзей на заводах. У 1980 годзе 66% дададзенай вартасці ў прамысловасці ішло на аплату працы, але да 2000‑х гадоў гэтая лічба знізілася да 45%.
Паскуаль Рэстрэпа з Ельскага ўніверсітэта і Даран Аджэмаглу з Масачусецкага тэхналагічнага інстытута падлічылі, што менавіта гэты працэс тлумачыць каля паловы падзення дзелі працы ў перыяд з 1987 да 2016 год.
Безумоўна, гэта павялічыла прадукцыйнасць і дало спажыўцам таннейшыя тавары, але цана была высокай: работнікі, якія раней маглі разлічваць на годны заробак на заводзе, былі выцесненыя ў сектар паслуг з ніжэйшай аплатай.
Сітуацыя абвастрылася пасля пандэміі Covid-19. Хоць кароткачасовы дэфіцыт кадраў вымусіў працадаўцаў падняць заробкі, інфляцыя з’ела большую частку гэтага прыросту. З канца 2019 года рэальныя пагадзінныя заробкі (пасля ўліку інфляцыі) выраслі ўсяго на 3%, а сукупная аплата працы — на 8%. У той жа час карпаратыўныя прыбыткі ўзляцелі на каласальныя 43%.
Змена прыбыткаў і заробкаў з 2019 года з улікам інфляцыі. Блакітны колер — карпаратыўныя прыбыткі, чорны — сукупныя заробкі і сацыяльныя выплаты, шэры — пагадзінная аплата працы. Крыніцы: Міністэрства гандлю; Міністэрства працы; разлікі WSJ
Эпоха «Суперзорак»
Асаблівую ролю ў гэтым працэсе адыгрывае сектар «біг-тэх», чые бізнэс-мадэлі карэнным чынам адрозніваюцца ад індустрыяльных гігантаў мінулага. Іх капітал — гэта алгарытмы, аперацыйныя сістэмы і сеткавыя эфекты, а не фізічныя станкі. Напрыклад, Nvidia распрацоўвае чыпы, але нават не вырабляе іх самастойна.
Сённяшнія кампаніі-«суперзоркі» могуць генераваць велізарныя грошы пры мінімальным штаце. Выручка Alphabet (Google) вырасла на 43% за апошнія тры гады, пры гэтым колькасць супрацоўнікаў засталася практычна нязменнай. Нават Amazon, які валодае велізарнай сеткай складоў, пачаў скарачаць працоўныя месцы.
У такіх кампаніях мяжа паміж капіталам і працай пачынае размывацца. Супрацоўнікі, якія ствараюць ключавыя тэхналогіі, разглядаюцца як унікальны «чалавечы капітал» і атрымліваюць узнагароду ў выглядзе акцый.
Часам карпарацыі купляюць цэлыя стартапы толькі дзеля таго, каб займець канкрэтных людзей — так званыя acquihires (купля дзеля найму). Яскравы прыклад: Meta Platforms заплаціла 14 мільярдаў даляраў за дзель у Scale AI фактычна дзеля таго, каб прыцягнуць заснавальніка Аляксандра Ванга.
Гэтая дынаміка прывяла да таго, што дабрабыт найбольш заможных слаёў насельніцтва цяпер залежыць не ад заробкаў, а ад фондавага рынку. Багацце хатніх гаспадарак, размешчанае ў акцыях, цяпер складае амаль 300% ад іх гадавога наяўнага даходу (супраць 200% у 2019 годзе).
Аб’ём акцый у валоданні хатніх гаспадарак у працэнтах ад наяўнага асабістага даходу. Звесткі за IV квартал 2025 года — ацэнка. Крыніцы: Міністэрства гандлю праз Федэральны рэзервовы банк Сэнт-Луіса (1980—2025); разлікі WSJ (IV квартал 2025 года).
Стратэг BCA Research Даг Пета адзначае, што 10‑працэнтная прыбытковасць акцый стымулюе спажыванне гэтак жа эфектыўна, як і рост даходаў на 18%. Гэта тлумачыць, чаму эканоміка працягвае расці, нягледзячы на слабы рост рэальных заробкаў большасці насельніцтва.
Будучыня з ШІ: «белыя каўнерыкі» пад пагрозай
Цяпер на гарызонце з’яўляецца новая сіла, здольная яшчэ больш паглыбіць гэты разрыў, — штучны інтэлект. Калі аўтаматызацыя мінулага стагоддзя замяніла «сінія каўнерыкі» на заводах, то ШІ б'е па «белых каўнерыках» у офісах.
Дарыё Амадэі, кіраўнік Anthropic, наўпрост называе ШІ «ўніверсальнай заменай чалавечай працы». Гэта можа прывесці да свету, дзе гіганцкія карпарацыі будуць замененыя кампактнымі, высокаэфектыўнымі стартапамі з мінімальнай колькасцю персаналу.
Рынак ужо рэагуе на гэтыя змены. На мінулым тыдні, на фоне навін пра рост звальненняў і змяншэнне колькасці вакансій для прафесіяналаў, індэкс Dow Jones упершыню пераадолеў адзнаку на 50 000 пунктаў. Інвестары разумеюць: укараненне ШІ дазволіць кампаніям скарачаць выдаткі на персанал, павялічваючы прыбытковасць. Эканаміст Рэстрэпа прагназуе, што дзель выручкі, якая ідзе на аплату працы, працягне скарачацца.
Гэтак жа як пацярпелі заробкі рабочых у мінулым, цяпер пад пагрозай апынуцца даходы офісных работнікаў, чые задачы (напісанне кода, аналіз звестак, юрыдычныя паслугі) возьмуць на сябе алгарытмы ШІ.
У гэтай новай рэальнасці, безумоўна, будуць свае пераможцы. Гэта работнікі, чыя дзейнасць патрабуе складаных сацыяльных навыкаў, фізічнай прысутнасці або ручной працы, якую цяжка аўтаматызаваць.
Выйграюць і спажыўцы, якія атрымаюць больш танныя і даступныя паслугі. Але самымі галоўнымі бенефіцыярамі, як і ў папярэднія дзесяцігоддзі, застануцца акцыянеры, да якіх пацячэ асноўны паток грошай ад падвышэння эфектыўнасці.
Чытайце таксама:
У Nvidia праблема: занадта шмат грошай
Стартап з беларускімі каранямі заключыў здзелку з Microsoft на 750 мільёнаў даляраў
«Чалавекам года» па версіі Time сталі адразу васьмёра «архітэктараў штучнага інтэлекту»