У Беларусі хочуць будаваць гарызантальную версію шматпавярховікаў-«свечак»
Дамоў М111-90, або так званых «свечак», апошнім часам у Мінску з'явілася нямала. Але цяпер прадпрыемства «МАПІД» збіраецца ўнесці ў гэты працэс інавацыі, паведаміў у інтэрв'ю выданню «На стройках Минска» яго дырэктар Леанід Астрэйка.
Дамы М 111‑90 ў Мінску. Фота Дзяніса Блішча
Гаворка ідзе пра шматпавярховыя дамы серыі М111-90, якія ўжо даўно з’явіліся ў беларускіх гарадах і сталі звыклымі для жыхароў. Аднак забудоўшчык плануе паступова адмовіцца ад традыцыйных «панэлек» з-за зменаў на рынку жылля.
«Кан’юнктура рынку такая, што дамы ў 19 паверхаў мы можам будаваць толькі ў Мінску, і пляцоўкі абмежаваныя. У гарадах-спадарожніках рэалізуюцца праекты да 7‑8 паверхаў. Таму мы даўно шукаем магчымасць замены вышынных будынкаў, прапрацоўваем варыянт гарызантальнага размяшчэння серыі М111-90», — сказаў Астрэйка.
Пакуль невядома, як менавіта будуць выглядаць новыя гарызантальныя «свечкі» і ці плануюць распаўсюдзіць такую практыку на абласныя цэнтры. Але Астрэйка паведаміў, што ўжо цяпер у серыі М 111‑90 «МАПІД» адмовіўся ад так званага тэхнічнага паверха.
Дакладныя тэрміны рэалізацыі праекта таксама не агучваюцца, аднак забудоўшчык спадзяецца прыступіць да будаўніцтва эксперыментальнага дома напрыканцы 2026 года.
Чытайце таксама:
На месцы прамысловай зоны на вуліцы Гурскага ў Мінску з’явіцца квартал панэлек
Завяршаецца будоўля на Валгаградскай. Як там усё выглядае цяпер
«Казахстанскі квартал» і новабудоўлі ў Чыжоўцы, Масюкоўшчыне, Лошыцы. Як будзе забудоўвацца Мінск
У Мінску скончыліся вольныя месцы для новабудоўляў
Школы, садкі і слупкі дамоў. Што новага чакае Каменную Горку?