БЕЛ Ł РУС

Пад праверку баявой гатоўнасці трапілі ВПС і СПА

9.03.2026 / 17:51

Nashaniva.com

Праверка баявой гатоўнасці беларускага войска працягваецца ў вайскова-паветраных сілах і войсках супрацьпаветранай абароны, паведаміў дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч.

Аляксандр Вальфовіч (справа) праводзіць праверку баявой гатоўнасці ВПС і СПА. Фота: БелТА 

Са слоў Вальфовіча, Аляксандр Лукашэнка даручыў правесці поўнамаштабную праверку баявой гатоўнасці войска, якая павінна завяршыцца вучэннямі. Асноўнай задачай для войска ў гэтым годзе вызначана захаванне дасягнутага ўзроўню гатоўнасці, высокай падрыхтоўкі і зладжанасці падраздзяленняў.

Вальфовіч адзначыў, што праверка асабліва актуальная для ВПС і войскаў СПА, бо, маўляў, нават у мірны час яны выконваюць баявую задачу аховы паветранай прасторы і межаў Беларусі. Таму неабходна пераканацца, што ВПС і СПА здольныя супрацьстаяць сучасным пагрозам.

Падчас праверкі будуць ацэньваць здольнасць хутка павялічыць склад дзяжурных сіл, а таксама магчымасць супрацьстаяць магчымым сродкам паветранага нападу. Асобна будуць адпрацоўвацца задачы авіяцыйнай падтрымкі войскаў.

Большасць вайсковых часцей, у тым ліку падраздзяленні сіл неадкладнага рэагавання, высоўваюцца ў вызначаныя раёны, дзе пачнуць умоўнае нясенне баявога дзяжурства. Вайсковая авіяцыя таксама будзе адпрацоўваць перабазаванне на розныя аэрадромы, у тым ліку запасныя і аператыўныя.

Акрамя таго, падчас праверкі ўмоўна будуць дзейнічаць дыверсійна-разведвальныя групы супраціўніка. Будзе правярацца, як войскі арганізуюць ахову, вартавую службу і агульнае забеспячэнне.

Чытайце таксама:

Да канца года ў серыйную вытворчасць збіраюцца запусціць беларускі аўтамат

Вальфовіч пракаментаваў заявы СВР і папрасіў Еўропу не дыктаваць Беларусі, як жыць

Лукашэнка сказаў, што Хрэнін будзе ў маі здаваць нарматывы

Лукашэнка прыехаў на «раптоўную» праверку боегатоўнасці Узброеных сіл. Міністра папярэдзілі а 7‑й раніцы

Вальфовіч упэўнены, што савецкая вайсковая тэхніка ў Беларусі праслужыць яшчэ гадоў з 20

Падчас праверкі баявой гатоўнасці арміі Лукашэнка абышоўся без Хрэніна

Каментары да артыкула