БЕЛ Ł РУС

Вэнс раскрытыкаваў «таргі» паміж Украінай і Расіяй за «некалькі квадратных кіламетраў»

8.04.2026 / 19:52

Nashaniva.com

Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс падчас візіту ў Венгрыю заявіў, што лічыць недарэчнымі таргі паміж Украінай і Расіяй за «некалькі квадратных кіламетраў». Як паведамляе «Еўрапейская праўда», пра гэта ён сказаў 8 красавіка.

Джэй Дзі Вэнс. Фота: Kent Nishimura / Getty Images

Каментуючы перагаворны працэс па ўрэгуляванні расійска-ўкраінскай вайны, Вэнс паставіў пад сумнеў мэтазгоднасць спрэчкі за «некалькі квадратных кіламетраў», відавочна, намякаючы на тое, што Кіеў павінен пайсці на тэрытарыяльныя саступкі.

«Я б сказаў і расіянам, і ўкраінцам: ведаеце, на гэтым этапе мы гаворым пра таргі наконт некалькіх квадратных кіламетраў тэрыторыі ў той ці іншы бок. Ці варта гэта страты соцень тысяч дадатковых расійскіх і ўкраінскіх маладых мужчын? Ці варта гэта дадатковых месяцаў або нават гадоў высокіх цэн на энерганосьбіты і эканамічнага спусташэння? Мы лічым, што адказ адназначна «не», — заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША.

Ён дадаў, што «для танга патрэбны двое», таму расіяне і ўкраінцы павінны самастойна дамовіцца.

«Таму хоць Віктар [Орбан] і прэзідэнт Трамп будуць працягваць працаваць над мірным урэгуляваннем, па сутнасці, мы можам толькі адчыніць дзверы. Расіяне і ўкраінцы павінны самі праз іх прайсці», — заявіў Вэнс.

Варта адзначыць, што супярэчнасці паміж Расіяй і Украінай па тэрытарыяльным пытанні тычацца зусім не «некалькіх квадратных кіламетраў», як сцвярджае Вэнс. Расійскі бок патрабуе, каб Украіна вывела свае войскі як мінімум з так і не захопленай расійскімі войскамі за чатыры гады часткі Данецкай вобласці. Гэта недзе каля 20% тэрыторыі гэтай вобласці, на якой сярод іншага знаходзяцца такія буйныя гарады, як Краматорск і Славянск. Акрамя таго, гэтыя тэрыторыі важныя для Украіны і стратэгічна, бо на іх збудаваныя моцныя лініі абароны. 

Джэй Дзі Вэнс знаходзіцца ў Венгрыі з учарашняга дня. Ён прыехаў туды для таго, каб падтрымаць прарасійскага прэм'ер-міністра краіны Віктара Орбана перад галасаваннем на парламенцкіх выбарах, якое мае адбыцца ў найбліжэйшую нядзелю, 12 красавіка. Віктара Орбана горача падтрымлівае і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

Чытайце таксама:

Пяскоў пракаментаваў словы Зяленскага пра тое, што Расія дала Украіне два месяцы на выхад з Данбаса

Зяленскі: Расія дае Украіне два месяцы на выхад з Данбаса

«Расія цісне на ЗША». Зяленскі раскрыў новыя тэрміны, пастаўленыя расіянамі для захопу Данбаса

ЗША на перамовах з Украінай патрабуюць вываду войск з Данбаса

Замкнёнае кола. Чаму буксуюць перамовы пра мір ва Украіне?

Каментары да артыкула