Ці сапраўды карычневыя яйкі больш карысныя за белыя?
Карычневыя яйкі многія лічаць больш натуральнымі і, адпаведна, больш карыснымі за белыя. Гэта ўяўленне падтрымліваюць і маркетынг, і асартымент у крамах, дзе «экаяйкі» часта маюць менавіта цёмную шкарлупіну. Але ці ёсць у гэтым хоць доля праўды?
Як тлумачыць нутрыцыёлаг Увэ Кноп парталу Fitbook, уяўленне пра тое, што «карычневае — значыць лепшае», не ўнікальнае для яек. Падобная логіка часта працуе і з іншымі прадуктамі: напрыклад, карычневы цукар або цёмны хлеб многія таксама лічаць больш карыснымі. Аднак у рэчаіснасці колер нярэдка можа ўводзіць у зман: хлеб бывае падфарбаваны, а карычневы цукар мае тыя ж каларыйнасць і склад, што і белы.
З яйкамі сітуацыя падобная. Колер шкарлупіны не з'яўляецца вынікам рацыёну або «натуральнасці» ўмоў утрымання, а залежыць ад пароды курыцы.
Больш за тое, яго можна нават прадказаць па знешнім выглядзе птушкі — у прыватнасці, па колеры так званых «вушных дыскаў» (невялікіх ўчасткаў голай скуры за вачыма курыцы каля вушных адтулін). Калі яны белыя — курыца, як правіла, нясе белыя яйкі; калі чырвоныя — карычневыя.
Асобную катэгорыю складаюць светла-зялёныя яйкі, якія нясуць куры пароды араўкана — яна паходзіць з Паўднёвай Амерыкі і была завезена ў Еўропу яшчэ ў XIX стагоддзі.
Нягледзячы на гэта, у пакупнікоў сфармавалася выразная асацыяцыя: калі яйка мае карычневую шкарлупіну, то яго знесла курыца з эка-фермы або з вольнага выгулу, а белае — нясушка з інтэнсіўнай, часта клетачнай вытворчасці. Тым больш што на ўпакоўках карычневых яек часта малююць зялёныя лугі і курэй на вольным выпасе. Так узнікае асацыяцыя: карычневае = фермерскае = здаровае.
На гэта накладваюцца і асаблівасці саміх курэй. Пароды, якія нясуць карычневыя яйкі, часта лепш прыстасаваныя да ўмоў адкрытага ўтрымання — яны больш устойлівыя да стрэсу і холаду. «Белыя» ж куры, як правіла, больш прадуктыўныя і патрабуюць менш корму, таму іх часцей выкарыстоўваюць у масавай вытворчасці.
І толькі калі паглядзець на пытанне з пункту гледжання навукі, становіцца зразумела: сам колер яйка нічога не кажа пра яго пажыўнасць. Паводле Увэ Кнопа, і карычневыя, і белыя, і нават зялёныя яйкі ўтрымліваюць аднолькава каштоўныя бялкі і тлушчы. Рацыён курыцы можа нязначна ўплываць на склад, але не робіць яйка «больш здаровым» у прынцыпе.
Куды больш важным фактарам з’яўляюцца ўмовы ўтрымання. Бія-яйкі, незалежна ад колеру, звычайна ўтрымліваюць менш рэшткаў пестыцыдаў і лекаў, а патрабаванні да дабрабыту жывёл у такіх гаспадарках значна вышэйшыя.
Паводле слоў Увэ Кнопа, нават колер жаўтка, які часта ўспрымаецца як знак якасці, не дае надзейнай інфармацыі: яго можна змяніць як натуральным кормам, так і спецыяльнымі дабаўкамі.
Што да халестэрыну, эксперт адзначае: арганізм здаровага чалавека рэгулюе яго ўзровень самастойна, і няма пераканаўчых доказаў шкоды прадуктаў, якія яго ўтрымліваюць. Таму есці толькі бялок, выкідваючы жаўток, зусім не абавязкова.
Чытайце таксама:
Здаровая ежа — шэрая, прэсная, непрыгожая, нясмачная? Гутарка з аўтаркай кнігі пра сняданкі
У Мінску сталі прадаваць «фіялетавы» хлеб. Ці сапраўды ён фіялетавы і які на смак?