Парадокс, але прызнанне ЕГУ экстрэмісцкім развяжа яму рукі
абмяркоўвайце!
Прызнанне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта экстрэмісцкім вымушае задумацца пра змены ў яго канцэпцыі, піша Мікола Бугай.
Дзень Волі ў Вільні, 25 сакавіка 2026 года. Фота: «Наша Ніва»
Не сумняюся, што Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт выстаіць. Будзе працягваць вучыць, будзе працягваць набіраць студэнтаў. Так, наборы паменшаюць. Што ж — менш дык менш.
Але пры гэтым ЕГУ стане лягчэй выконваць сваю іншую натуральную місію. Раней універсітэт, каб не наклікаць дадатковыя рэпрэсіі, вымушана трымаў дыстанцыю ад грамадзянскай супольнасці. Зараз жа сама сітуацыя дае ЕГУ шанц зрабіцца даследчым цэнтрам і платформай для грамадзянскіх ініцыятыў.
Скажам, беларусам трэба б мець незалежны Цэнтр гістарычных даследаванняў як альтэрнатыву Інстытыту гісторыі НАН. Чаму б яму не ўзнікнуць на базе гістарычнага кірунку ЕГУ?
Беларусам трэба журфак у выгнанні, каб рыхтаваць кадры для незалежных СМІ — чаму б не стварыць гэта на базе ЕГУ?
Беларусам трэба аналітычныя цэнтры. Чаму б ім не існаваць пад крылом ЕГУ?
Беларусы маюць Музей імя Івана Луцкевіча, культурныя прасторы. Чаму б ЕГУ не быць базай і для іх?
Беларускі гуманітарны хаб, Навукова-практычны цэнтр — спецыялісты правільней сфармулююць назвы для гэтых новых функцый. Бо ж цяпер ЕГУ — у адной з грамадзянскай супольнасцю лізе экстрэмістаў.
І працягваць набор студэнтаў. Колькі будзе набірацца — столькі будзе набірацца. Так у свой час у выгнанні дзейнічаў Украінскі вольны ўніверсітэт.
Мне такая стратэгія падаецца наймацнейшым асіметрычным адказам на крок лукашыстаў. Бо логіка мінскай адміністрацыі — адразаць любыя еўрапейскія ўплывы і прывязкі, не пакінуць беларусам ніякай альтэрнатывы — толькі лукашызм і Расія.
Студэнты зараз не змогуць вяртацца ў Беларусь, але для ідэй і ведаў няма межаў.