У Германіі за год падстрэлілі каля 3 тысяч радыеактыўных дзікоў
У мінулым годзе нямецкія паляўнічыя застрэлілі прыкладна тры тысячы дзікоў, якія падвергліся ўздзеянню радыеактыўнага цэзію-137. Пра гэта інфармуе газета Bild са спасылкай на даныя, пададзеныя Федэральным адміністрацыйным ведамствам.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com
Bild піша, што «радыеактыўныя» дзікі з’яўляюцца ў лясах федэральных земляў Баварыя, Рэйнланд-Пфальц, Бадэн-Вюртэмберг, Цюрынгія і Саксонія з-за павышанага радыяцыйнага фону. Ён стварыўся ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе.
Супрацоўнік Федэральнага ўпраўлення па радыялагічнай абароне расказаў выданню, што цэзій-137 мае перыяд паўраспаду каля 30 гадоў. Пры гэтым у лясных экасістэмах расліны, асабліва грыбы, якімі харчуюцца дзікі, здольныя назапашваць гэты радыеактыўны элемент з глебы.
«У агульным ліку 2927 дзікоў, у тым ліку парасят, падстрэленых паляўнічымі ў Германіі, былі ўтылізаваныя з-за празмернага апраменьвання», — піша газета.
Паводле інфармацыі ад Bild, у мясе дзікоў, адпраўленым на ўтылізацыю, выяўлена павышанае ўтрыманне радыеактыўнага цэзію-137. Паляўнічыя, якія здабылі гэтых жывёл, не змаглі рэалізаваць іх мяса на рынку, таму атрымалі ад уладаў кампенсацыі: прыкладна 204 еўра за дарослую асобіну і каля 102 еўра за парася.
Чытайце таксама:
На трасе ў Віцебскай вобласці зробяць масты-тунэлі для дзікіх жывёл
Пра жывёл на дарогах пачне папярэджваць штучны інтэлект
У Германіі хочуць забараніць начное кашэнне газонаў, бо гэта шкодзіць вожыкам