УСУ нанеслі ўдар па вайсковым заводзе ў Таганрогу
Украінскія ракеты пацэлілі ў завод «Атлант Аэра» ў расійскім Таганрогу, дзе вырабляюць ударна-разведвальныя дроны «Маланка» і кампаненты для дронаў «Арыён».
Губернатар Растоўскай вобласці Юрый Слюсар паведаміў, што пасля начнога ракетнага ўдару УСУ па Таганрогу пачаўся пажар на тэрыторыі складскіх памяшканняў, пацярпела камерцыйная інфраструктура.
Ён удакладніў, што тры чалавекі звярнуліся па медыцынскую дапамогу. На месцы працуюць экстранныя службы, даныя пра разбурэнні ўдакладняюцца.
Таксама ўночы 19 красавіка ўкраінскія БПЛА атакавалі порт у Ейску Краснадарскага краю. Мясцовыя ўлады сцвярджаюць, што абломкі дронаў упалі, але ўзгаранняў няма, аднак на фота і відэа відаць, што над тэрыторыяй порта падымаецца дым.
Ейскі марскі порт — універсальны порт на Азоўскім моры. Праз яго штогод праходзіць ад 3 да 4,5 млн тон грузаў, пераважна збожжа, вугаль, нафтапрадукты, а таксама металы і наліўныя грузы. Праз невялікую глыбіню Азоўскага мора порт прымае судны абмежаванага танажу. Ён адыгрывае важную ролю ў лагістыцы Азова-Чарнаморскага басейна. Таксама грузы з Ейскага марскога порта дастаўляюцца ў краіны Міжземнага мора, напрыклад, у Егіпет.
У расійскім Мінабароны паведамілі, што за ноч сілы СПА збілі над рэгіёнамі Расіі 13 беспілотнікаў.
Чытайце таксама:
У ГУР заявілі, што Расія рыхтуе вяснова-летні наступ і хоча захапіць Данбас да верасня
Расія ў страху перад новым амерыканскім ударным дронам, які дае Украіне вырашальную перавагу