БЕЛ Ł РУС

З'явіліся версіі, чаму маглі затрымаць каталіцкага святара з-пад Вілейкі

19.04.2026 / 10:24

Nashaniva.com

На фоне адсутнасці якой-небудзь афіцыйнай інфармацыі ў коле каталіцкіх вернікаў Беларусі з'явілася версія адносна таго, што стала верагоднай падставай для арышту святара Анатоля Парахневіча ў Вілейскім раёне, піша Katolik.life.

Анатоль Парахневіч

Супаставіўшы некаторыя факты, пра якія даведаліся вернікі, яны зрабілі выснову, што ксяндза Анатоля Парахневіча маглі абвінаваціць у дапамозе ў справе захавання памяці грамадзян Польшчы, якія загінулі ў ранейшыя гады на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Пра што канкрэтна ідзе гаворка — вернікі пакуль казаць не могуць, каб гэтыя звесткі, магчыма, не былі выкарыстаныя супраць святара і яго добрых спраў.

Таксама вернікам вядома, што ксёндз Анатоль Парахневіч адкрыта выступаў супраць нападу Расіі на Украіну, асуджаў вайну, заклікаў да міру і пакаяння. На адной са старонак захаваліся яго словы з гэтай нагоды, прымеркаваныя да пачатку Вялікага посту ў 2022 годзе, Попельнай серады, якая прыпадала на першыя дні вайны:

«Пасыпаем попелам галовы, просячы ў Бога прабачэння… Бог міласэрны, Ён прабачыць… А ці прабачыць нам наша ўласнае сумленне?»

Ксёндз Анатоль Парахневіч — з дзяцінства сірата. Ён нарадзіўся ў вёсцы ў Жлобінскім раёне, выхоўваўся ў дзіцячым доме. Паколькі ў яго няма родных і блізкіх, то даведацца пра яго сітуацыю вельмі складана. 

Чытайце таксама:

Каталіцкі святар з Вілейшчыны сустрэў Вялікдзень за кратамі. Што пра яго вядома?

Затрыманы два евангельскія прасвітары і ксёндз Анатоль Парахневіч

У Вілейскім раёне святар вымушаны клапаціцца пра катоў, якія засталіся ад памерлай прыхаджанкі

Каментары да артыкула