БЕЛ Ł РУС

«Антыдэпрэсант, які павінны прапісваць у рэцэптах спецыялісты». Што новае можна вычытаць у коласаўскай «Новай зямлі»

19.04.2026 / 14:56

Nashaniva.com

Людзі ездзяць у Тыбет, каб знайсці сябе, а маглі б прачытаць «Новую зямлю». Новае прачытанне паэмы Коласа — як удар маланкай, піша журналіст Дзмітрый Гурневіч.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Гэта ніякі не твор пра сялян. Гэта ўніверсальная рэч пра «пошук Грааля». Давайце прачытаем яго як твор пра людзей на фрылансе, найманых рабочых, офісны планктон, выпаленых працай супрацоўнікаў карпарацый, людзей з крызісам сярэдняга ўзросту:

«Бо людзі кажуць: «Хлеб служачы
Не надта добры хлеб — сабачы!» 

Жывуць людзі ў паэме, мараць шмат што змяніць, магчыма пра ўласную справу, працу на сябе, як цяпер — пра іпатэку, хуткую сплату і пасля, маўляў, зажыву. Але не паспяваюць.

«Новая зямля» — пра тых, хто шукае ў жыцці спакой, ідылію, але не можа знайсці. Абсалютную большасць з нас. 

Розныя народы прыдумляюць цэлыя філасофіі: датчане Hygge і Lykke, фіны Sisu, шведы Lagom, японцы 侘び寂び (Wabi-sabi). А беларуская, як па мне, запісаная ў «Новай зямлі». Праслухаў амаль 8 гадін аўдыёкнігі.

Тэкст Коласа — тэрапеўтычны. Гэта антыдэпрэсант, які павінны прапісваць у рэцэптах спецыялісты. 

Дзівосна, што гэтым разам я ўспрыняў твор зусім інакш, чым у школе ці прачытаўшы яго раз гадоў з 15 таму. Мой настаўнік белмовы называў «Новую зямлю» энцыклапедыяй беларускага жыцця. Ён сам быў з Мікалаеўшчыны і прыходзіўся Коласу далёкім сваяком.

Усё гэта праўда, «Новая зямля» — геніяльны нацыянальны эпас. Але не толькі. Твор нібыта аўтабіяграфічны, пра сям’ю Коласа, бацьку-лясніка, які працаваў на Радзівілаў і марыў пра ўласную зямлю. І памёр, так і не рэалізаваўшы сваю мару. Перад смерцю Міхал (бацька Коласа) кажа брату:

«— Aнтocькa!.. poдны мoй! кaнaю… 
Пepaгapэў, aдcтaў, знiкaю… 
Bядзi ж ты pэй, вядзi… aдзiн… 
Бoг нe cyдзiў мнe бaчыць вoлi 
I кiдaць зepнi ў cвae poлi… 
Зямля… зямля… тyды, тyды, бpaт, 
Бyдyй яe… ты дaй ёй выгляд…»

У герояў Коласа гэтая мара ў сваёй зямлі, бо яна гарантыя свабоды ад пана, каб не гнуць ні перад кім карак. Але тагачасны HR, аддзел кадраў лясніцтва, кідае сям’ю Міхала туды-сюды. А ён марыць пра свой кавалак зямлі, а не бясконцы рост па прафесійнай лесвіцы, новыя пасады. Ён хоча, каб праца была адразу пры хаце, як толькі выйдзеш на ганак. Каб за ляском была рэчка, каб усё сваё і каб ніхто да цябе не чапляўся.

Героі мараць пра біяпрадукцыю, сваю капусту, агуркі, каб усё вырошчваць самім. Бы тыя айцішнікі, што мараць пераехаць з гарадоў у вёскі. У горадзе героям паэмы няўтульна, яны хочуць бліжэй да натуры, у сваю схованку. Натура для Коласа гэта ключ ідыліі. Жыццё побач з ёй дае яго героям шчасце. 

Найбольшы спакой героям дае прырода. Таму Колас так смачна пра яе піша. Японцы аформілі цэлую філасофію назірання за галінкамі, адчуванне ветру на скуры. Людзі добрыя, Колас гэта ўсё апісаў сто год таму.

«Бывала, ўлетку, ў час рабочы
Не раз там чуўся крык вясёлы:
— Го, тата! дзядзька! выйшлі пчолы!
На вішні селі каля плоту! —
Мужчыны кідалі работу,
Касьбу над рэчкай за кустамі,
І беглі шыбка, каб часамі
На лес дзе пчолкі не зляцелі,
Дык іх там пільненька глядзелі».

Гэта ж чыстая медытацыя. Мужыкі кідалі косы і беглі слухаць пчолаў, а не скроліць смартфон. Натура для Коласа гэта ключ ідыліі. Жыццё побач з ёй дае яго героям шчасце. 

Але таксама і штодзённыя рытуалы (сумесныя сняданкі, абеды), ежа (апісанне яе проста фантастычае), блізкія людзі (сям’я, сябры), хобі (рыбалка), падарожжы (дзядзька ў Вільні) і рэлігія (вельмі асабістае стаўленне да Бога). У горадзе героям няўтульна, яны хочуць бліжэй да натуры, у сваю схованку. Для іх Хюге — гэта лясок, плот са збанамі, цабэрчыкі ў падпаветцы, дрэўцы ў двары, крынічка за хатай. Гэта дае ім пачуццё сэнсу.

І асабліва мяне ўразіла, як людзі ў паэме ставяцца адзін да другога з павагай. «Новая зямля» — рай для эмпатаў. Дзеці сядзяць з бацькамі за сталом, дзядзька Антось гаворыць з імі як з дарослымі. Усе дбаюць адзін пра другога. Няма абыякавасці. Практычна нуль таксічнасці. 

У школе нас вучылі, што галоўнае пасланне паэмы ў гэтых радках:

«Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,
Каб з панскіх выпутацца пут,
І там зажыць сабе нанова:
Свая зямля — вось што аснова!»

Насамрэч, гэта ўніверсальны твор пра кожнае пакаленне беларусаў. Ён значыць больш чым проста пра кавалак зямлі. Гэта твор пра пошук месца, дзе табе добра.

«Панскія путы» — не проста бюракратыя. Я б сказаў, што гэта любыя абмежаванні, якія не даюць пражыць жыццё так як хочацца. Са сваімі людзьмі. З прыродай, якая дае табе адчуванне дзэну. З заняткамі, якія цябе захопліваць. Гэта не толькі пра месца, але і стан духу, калі адчуваеш, што гэта менавіта тое, дзе хочацца зрабіць апошні ўздых.

Чытайце таксама:

Беларусы выкупілі пад Мінскам дзевяць участкаў, каб жыць цеснай кампаніяй. Адно месца яшчэ вакантнае

Якуб Колас як галоўны антыкрызісны аўтар для беларусаў. Новае відэа на канале Андрэя Хадановіча

Сапраўдная прычына, чаму моладзь усё часцей мае патрэбу ў псіхатэрапіі

Каментары да артыкула