21‑гадовы сын Захара Прылепіна ваюе штурмавіком ва Украіне
Ігнат Прылепін уступіў штурмавіком у падраздзяленне «Радня», якое ўваходзіць у склад інтэрнацыянальнай брыгады «Пятнашка», і ўдзельнічае ў вайне супраць Украіны на Славянскім напрамку. Пра гэта паведаміў сам пісьменнік і прапагандыст Захар Прылепін Z-ваенкару Сямёну Пегаву. Відэа выкладзена ў тэлеграм-канале апошняга WarGonzo.
Захар Прылепін другі злева, Ігнат Прылепін — другі справа. Скрыншот з відэа
«Мы тут ужо назвалі гэтую сустрэчу «бацькі і дзеці». Таму што, адпаведна, перад вамі два бацькі і два сыны. Бацькі дарослыя, не скажу, што гераічныя, але пажыўшыя. А дзеці ўжо дакладна гераічныя, таму што тут са мной стаіць Грыгорый «Санька» Цішын, шчыра кажучы, апалчэнец 14—15 года, які вярнуўся на СВА. І акрамя ўсяго іншага яшчэ і прататып галоўнага героя рамана «Санькя».
Вось, далей стаіць мой сын Ігнат — цяпер таксама штурмавік, удзельнік СВА і г. д. і т. п. Побач стаіць адзін з нашых настаўнікаў — чалавек, які ў лімонаўскай партыі быў для нас бацькам і «старшаком» і, пакуль Лімонаў сядзеў у турме, кіраваў па сутнасці партыяй. Чалавек, якога ўся партыя паважала і любіла, які мусіў яе ў выніку ўзначаліць, але не ўзначаліў, гэта Анатоль Цішын. Таксама адзін з герояў рамана «Санькя», адзін з цэнтральных персанажаў», — сказаў на відэа Захар Прылепін.
Інтэрбрыгада «Пятнашка» і яе камандзір, абхаз Ахра Авідзба, абвінавачваюцца ў здзяйсненні шэрагу цяжкіх злачынстваў: марадзёртве, выкраданнях, катаваннях украінскіх ваеннапалонных і незаконным удзеле ў баявых дзеяннях у Данецкай вобласці.
У кастрычніку 2025 года пісьменнік і прапагандыст Захар Прылепін заявіў пра сваё вяртанне на фронт пасля аднаўлення ад траўмаў і раненняў, атрыманых пасля падрыву ў аўтамабілі на міне ў Ніжагародскай вобласці.
У маі 2023 года ў Ніжагародскай вобласці быў падарваны аўтамабіль Захара Прылепіна. У выніку сам ён атрымаў цяжкія раненні, а ахоўнік Аляксандр Шубін загінуў на месцы. У той жа дзень недалёка ад месца замаху быў затрыманы Аляксандр Пермякоў. У верасні 2024 года вайсковы суд прыгаварыў яго да пажыццёвага зняволення.
Чытайце таксама:
Прылепін: Могілкі ва ўсіх нашых гарадах сталі вялізныя
У Тэатры беларускай драматургіі збіраюцца ставіць ідэолага «рускага свету» Захара Прылепіна
«Прылепін застаўся жывы, але без геніталій» — кіраўнік СБУ расказаў падрабязнасці спецаперацый