БЕЛ Ł РУС

Венгрыя вярнула Украіне канфіскаваныя сродкі і каштоўнасці Ашчадбанка

6.05.2026 / 16:14

Nashaniva.com

Пра вырашэнне праблемы з украінскімі грашыма і каштоўнасцямі, затрыманымі ў Венгрыі падчас перадвыбарчай кампаніі, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Фота ілюстрацыйнае

«Важны крок у адносінах з Венгрыяй: сёння былі вернутыя сродкі і каштоўнасці Ашчадбанка, якія захапілі венгерскія спецслужбы ў сакавіку гэтага года. Тады венгерскі бок неправамерна затрымаў украінскіх інкасатараў. Людзей мы вярнулі хутчэй, а зараз ужо на ўкраінскай тэрыторыі і сродкі, і каштоўнасці ў поўным аб’ёме. Удзячны Венгрыі за канструктыў і цывілізаваны крок» — напісаў Уладзімір Зяленскі.

Інцыдэнт адбыўся 5 сакавіка, калі ў Венгрыі затрымалі ўкраінскіх інкасатараў, што ехалі на службовых машынах з Аўстрыі ва Украіну і перавозілі наяўныя грошы ў межах супрацоўніцтва паміж дзяржаўнымі банкамі. Венгерскія ўлады заявілі, што канфіскацыя сродкаў стала адказам на нібыта блакаванне Украінай працы нафтаправода «Дружба», і што інкасатары падазраюцца ў адмыванні грошай.

10 сакавіка ўрад Венгрыі прыняў рашэнне, якое дазваляла захоўваць канфіскаваныя грошы і залатыя зліткі не менш як 60 дзён. Дакумент падпісаў прэм’ер-міністр краіны Віктар Орбан.

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга ў адказ заявіў, што дзеянні венгерскіх уладаў можна разглядаць як дзяржаўны эканамічны ціск і фактычна «дзяржаўны тэрарызм».

Вырашыць праблему ўдалося толькі тады, калі партыя Віктара Орбана «Фідэс», якая пабудавала выбарчую кампанію ў значнай ступені на антыўкраінскай рыторыцы, 12 красавіка ўчыстую прайграла парламенцкія выбары і днямі мусіць саступіць уладу партыі «Ціса» на чале з Петэрам Мадзьярам.

Чытайце таксама:

Венгрыя вярнула Украіне інкасатарскія аўтамабілі, але без грошай

Затрыманыя ў Венгрыі грамадзяне Украіны будуць высланыя з краіны

У Венгрыі патлумачылі затрыманне супрацоўнікаў украінскага Ашчадбанка адмываннем грошай

Затрыманыя ў Будапешце інкасатарскія машыны ўкраінскага Ашчадбанка знаходзяцца на тэрыторыі Антытэрарыстычнага цэнтра Венгрыі

У Будапешце затрымалі сем супрацоўнікаў украінскага Ашчадбанка з дзясяткамі мільёнаў даляраў

Каментары да артыкула