Сакрэтная кафедра Баўманаўскага ўніверсітэта Расіі цяпер рыхтуе хакераў і дэзынфарматараў для ГРУ — расследаванне
Ва ўніверсітэце імя Баўмана дзейнічае фактычна закрытая школа ГРУ, дзе студэнтаў вучаць узлому камп’ютарных сетак, электроннай разведцы, псіхалагічным аперацыям і стварэнню дэзынфармацыйных кампаній. Выпускнікі праграмы трапляюць у падраздзяленні, якія Захад звязвае з кібератакамі на крытычную інфраструктуру ў Еўропе і ЗША.
Галоўны корпус МДТУ імя Баўмана. Фота: Wikimedia Commons
Журналісты The Guardian, Der Spiegel, Le Monde, The Insider, Delfi і VSquare атрымалі больш за дзве тысячы ўнутраных дакументаў МДТУ імя Баўмана. Сярод іх — навучальныя праграмы, кантракты выкладчыкаў, экзаменацыйныя матэрыялы і звесткі пра размеркаванне выпускнікоў.
Гэтыя матэрыялы ахопліваюць перыяд да 2025 года і дазваляюць даведацца падрабязнасці таго, як у Расіі арганізавана сістэма падрыхтоўкі будучых супрацоўнікаў ГРУ на базе «Кафедры №4», вядомай таксама як «Спецыяльная падрыхтоўка».
Навучальная праграма
Згодна з дакументамі, Кафедра №4, інтэграваная ў вайсковы навучальны цэнтр універсітэта, падзелена на тры спецыялізаваныя кірункі. Самы значны з іх пад кодам 093400 мае назву «Спецыяльная служба разведкі».
З дакументаў вынікае, што прадстаўнікі ГРУ непасрэдна кантралююць адбор студэнтаў, прымаюць экзамены і вырашаюць, куды выпускнік будзе накіраваны пасля заканчэння вучобы.
Былы высокапастаўлены чыноўнік расійскага Міністэрства абароны апісаў гэту сістэму як своеасаблівы «канвеер»: перспектыўных школьнікаў адбіраюць яшчэ ў юным узросце, пасля яны паступаюць у Баўманаўскі ўніверсітэт, а адтуль трапляюць у спецслужбы.
Кіраўніком кафедры называецца падпалкоўнік Кірыл Ступакоў — спецыяліст па радыёэлектроннай разведцы. Паводле дакументаў, у 2022 годзе ён падпісаў кантракт з вайсковай часцю №45807, якая ўваходзіць у структуру ГРУ.
На сваіх занятках Ступакоў выкладае методыкі электроннага сачэння і тайнага назірання. На слайдах прэзентацый у PowerPoint, распрацаваных для яго лекцый, дэманструюцца схаваныя камеры пад выглядам датчыкаў дыму, прылады для перахопу націсканняў клавіш і кабелі манітораў, здольныя тайна рабіць скрыншоты экрана.
Сярод выкладчыкаў згадваецца і генерал-маёр Віктар Нятыкша — чалавек, якога Захад лічыць адным з кіраўнікоў хакерскай групы Fancy Bear.
Гэтае падраздзяленне ГРУ амерыканскія ўлады абвінавачвалі ва ўмяшанні ў прэзідэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе.
Як вынікае з навучальных матэрыялаў, якія трапілі да журналістаў, адзін з асноўных курсаў, разлічаны на 144 гадзіны, называецца «Абарона ад тэхнічнай разведкі». На працягу двух семестраў студэнты вывучаюць методыкі атакі на камп’ютарныя сеткі, уразлівасці праграмнага забеспячэння, перабор пароляў і выкарыстанне траянскіх праграм.
Для здачы курса неабходна правесці практычныя атакі на сеткі, а таксама самастойна распрацаваць камп’ютарны вірус.
Асобныя лекцыі прысвечаныя структуры амерыканскіх і брытанскіх спецслужбаў, заходняй разведцы ў вайне ва Украіне і выкарыстанню беспілотнікаў.
Акрамя тэхнічнай падрыхтоўкі, праграма ахоплівае інфармацыйную вайну. Студэнты старэйшых курсаў павінны прайсці семінар па распрацоўцы кампаніі дэзынфармацыі.
Ім ставіцца задача стварыць відэа для сацыяльных сетак з выкарыстаннем «маніпуляцый, ціску і прыхаванай прапаганды». Будучых аператыўнікаў вучаць механізмам псіхалагічнага маніпулявання і таму, як навязаць аўдыторыі «правільнае» ўспрыманне інфармацыі.
Пры гэтым навучальныя матэрыялы насычаныя афіцыйнай крамлёўскай рыторыкай. У іх сцвярджаецца, што вайна супраць Украіны была «непазбежнай», у Кіеве нібыта знаходзяцца ва ўладзе «нацыяналісты і неанацысты», а рускія ў Данбасе нібыта сутыкаюцца з «генацыдам», які падтрымліваюць еўрапейскія краіны.
З аўдыторыі ў хакерскія падраздзяленні
Дакументы дазваляюць прасачыць і далейшы лёс выпускнікоў. Сярод 69 студэнтаў, якія скончылі кафедру ў 2024 годзе, згадваецца Данііл Поршын. За шэсць гадоў навучання ён меў амаль бездакорныя адзнакі і гуляў за футбольную каманду факультэта. Пасля выпуску яго накіравалі ў Fancy Bear. Яшчэ 15 чалавек з таго ж выпуску таксама атрымалі прызначэнні ў структуры ГРУ.
Адзін з выпускнікоў трапіў у вайсковую часць №74455 у Анапе на Чорным моры. Заходнія спецслужбы лічаць, што менавіта там базуецца вядомая хакерская група Sandworm.
Абвестка ФБР пра вышук шасці ўдзельнікаў падраздзялення ГРУ №74455, вядомага пад назвай Sandworm, 2023 год. Фота: FBI
Яе звязваюць з гучнымі расійскімі кібератакамі апошняга дзесяцігоддзя: узломам украінскай энергасістэмы ў 2015 годзе, атакамі на штаб Эмануэля Макрона перад выбарамі ў Францыі, аперацыямі супраць зімовай Алімпіяды ў Паўднёвай Карэі і спробамі сарваць расследаванне атручвання ў Солсберы.
Пры гэтым не ўсе студэнты праходзяць адбор. У дакументах сустракаюцца жорсткія характарыстыкі ад куратараў з ГРУ. Аднаму з навучэнцаў, напрыклад, паставілі ў віну «недастатковае разуменне таго, як ажыццяўляць дыстанцыйную сеткавую атаку».
Як адзначаюць аўтары, на фоне нарошчвання Расіяй «гібрыдных» атак на краіны Еўропы раскрытая імі праграма ў Баўманаўскім універсітэце выглядае як частка доўгатэрміновай дзяржаўнай сістэмы падрыхтоўкі кадраў для кібервайны. Паводле дакументаў, чарговы набор студэнтаў скончыць навучанне ў 2027 годзе.
Аднак суразмоўцы журналістаў сцвярджаюць, што Баўманаўскі ўніверсітэт — толькі адна з некалькіх элітных ВНУ, праз якія расійскія спецслужбы адбіраюць і рыхтуюць будучых хакераў і разведчыкаў. Яшчэ больш важную ролю, паводле іх слоў, адыгрывае ўніверсітэт МІРЭА ў Маскве.