«Вагнер» завербаваў людзей у Лондане, каб тыя выкралі расійскага бізнэсмена Чычваркіна. Адзін з іх перапісваўся з «Minsk KGB»
У сакавіку 2024 года на ўсходзе Лондана адбыўся падпал, які на першы погляд мог здавацца звычайным злачынствам. Але, як высветліла следства, ён быў часткай маштабнай праграмы сабатажу, арганізаванай расійскай групай «Вагнер» у Еўропе. Выявіўся і беларускі след.

Як паведамляе The Times, у сакавіку 2023 года трое маладых мужчын — 23-гадовы Джэйкім Роўз, 20-гадовы Угніюс Асмена і 23-гадовы Ніі Менса з паўднёвага Лондана — падпалілі склад у прамысловай зоне сталіцы Вялікабрытаніі.
Пажар, які тушылі 60 пажарных і восем машын, нанёс страты прыкладна на 1 мільён фунтаў. Склад выкарыстоўваўся для збору і адпраўкі дапамогі ва Украіну.
Арганізатарамі злачынства былі два раней судзімыя гандляры наркотыкамі — 20-гадовы Дылан Эрл і 23-гадовы Джэйк Рыўз. Яны былі затрыманы вясной мінулага года і самі прызналіся следству ў здзяйсненні падпалу на загад ПВК «Вагнер».
Як высветліла следства, гісторыя з падпалам пачалася ў сакавіку 2024 года, калі Дылан Эрл праз Telegram паспрабаваў знайсці магчымасць уступіць у шэрагі ПВК «Вагнер».
Пад нікам «Baba Yaga» (спасылка на выдуманы вобраз кілера Джона Уіка, якога сыграў Кіану Рыўз) ён пачаў актыўна сачыць за прарасійскім каналам Grey Zone — галоўным рэсурсам групы «Вагнер» па вярбоўцы наёмнікаў.
The Times публікуе скрыншот часткі перапіскі Эрла з ананімным кантактам у Telegram пад нікам «Minsk KGB», якая датавана 3 сакавіка 2024 года.

Невядомы паведамляе англічаніну, што збіраецца падпісаць кантракт і пайсці на вайну. Эрл у сваю чаргу просіць узяць яго з сабою і заўважае, што «Вагнер» не рэкламуе сваёй дзейнасці нідзе, акрамя Афрыкі. Але ён даўно хоча паехаць у Расію.
«Ты можаш дапамагчы мне туды трапіць? І ці прымуць яны мяне, калі я не грамадзянін Расіі?» — пытаецца Эрл.
«Бро, пасля таго, як адслужыш 6 месяцаў, атрымаеш расійскае грамадзянства», — адказвае Minsk KGB.
«Мне патрэбны новы пачатак», — заўважае Эрл.
Але, як піша The Times, замест таго, каб паехаць у Расію, 20-гадовы Эрл атрымаў інструкцыі ад куратара з акаўнта «Privet Bot» — заставацца ў Вялікабрытаніі для правядзення дыверсій.
Першы загад — падпал лонданскага склада, які належаў украінскаму бізнэсмену Міхаілу Бойкаву. Ён выкарыстоўваў гэтыя памяшканні для збору і захоўвання гуманітарнай дапамогі для Украіны, у тым ліку тэрміналаў Starlink і іншых важных матэрыялаў, што адпраўляліся на фронт.
Паводле звестак, грузавікі з дапамогай выязджалі 1-2 разы на тыдзень, і кожны рэйс змяшчаў у сярэднім ад 1500 да 1800 пасылак.
Эрл даручыў Рыўзу арганізаваць дыверсію, той у сваю чаргу завербаваў Менса і Асмена, а яны далучылі да аперацыі Роўза, асуджанага раней за гандаль наркотыкамі.
Аперацыя была праведзена позна ўвечары 20 сакавіка.
24 сакавіка Эрл атрымаў новы загад — правесці разведку двух рэстаранаў Hide і Hedonism Wines на захадзе Лондана, якія належаць расійскаму бізнэсмену Яўгену Чычваркіну. Той з 2008 года пражывае ў Вялікабрытаніі, адкрыта крытыкуе Крэмль і падтрымлівае Украіну. Мужчына неаднаразова асабіста ўзначальваў канвоі з гуманітарнай дапамогай Украіне.
Са слоў Эрла, аплата за выкананне замовы павінна была паступіць з Расіі. Рэстараны неабходна было спаліць, а самога Чычваркіна выкрасці і «вярнуць у Расію, каб ён апынуўся ў турме».
Але замова так і не была здзейснена. 10 красавіка Эрл быў арыштаваны. Пазней былі затрыманы і іншыя саўдзельнікі.
Як піша The Times, пасля вынясення прысудаў кіраўнік упраўлення па барацьбе з тэрарызмам (The Met’s Counter Terrorism Command) Дамінік Мэрфі заявіў, што гэтая справа з'яўляецца яркім сведчанне таго, як структура, звязаная з расійскай дзяржавай, выкарыстоўвае «проксі» — у гэтым выпадку брытанскіх грамадзян — для здзяйснення сур’ёзных злачынстваў на сваёй тэрыторыі.
Ён падкрэсліў, што «кіраўнікі — Эрл і Рыўз — ахвотна выступалі ў ролі варожых агентаў ад імя Расіі. (…) Усе ўдзельнікі праявілі поўную абыякавасць да магчымых наступстваў іх дзеянняў для бяспекі Вялікабрытаніі. Кіруючыся, відаць, абяцаннем грашовай узнагароды, яны былі гатовыя ўчыняць злачынствы ад імя Расіі».
Як паведамляецца, справа Эрла і яго кампан'ёнаў — першы выпадак, калі следчыя ўжылі новы Закон аб нацыянальнай бяспецы, прыняты для барацьбы са шпіянажам і падрыўной дзейнасцю замежных дзяржаў.
Каментары
«Ты можаш дапамагчы мне туды трапіць? І ці прымуць яны мяне, калі я не грамадзянін Расіі?» — пытаецца Эрл.
«Бро, пасля таго, як адслужыш 6 месяцаў, атрымаеш расійскае грамадзянства», — адказвае Minsk KGB.
Дурачек, с твоим резюме надо было сразу просить у Minsk KGB беларусское гражданство. Может стал бы Бабой, может даже Ягой