БЕЛ Ł РУС

Былога вайскоўца з Брэста, які вярнуўся з Польшчы, абвінавацілі ў «тэрарызме» і адправілі ў калонію

12.05.2026 / 14:20

Баляслаў Ліманоўскі

62‑гадовага берасцейца Аляксандра Рудчыка арыштавалі за «тэрарызм» і ўдзел ва ўзброеным канфлікце. У апошнія гады мужчына жыў у Польшчы, але чамусьці вярнуўся на радзіму, дзе і трапіў за краты. Па такіх жа артыкулах судзілі толькі былых ветэранаў Палка Каліноўскага — Васіля Верамейчыка, Васіля Грачыху і Максіма Ралько.

Аляксандр Рудчык. Фота з ягонай старонцы Укантакце

Аляксандр Рудчык нарадзіўся 3 красавіка 1964 года ў расійскім Скаварадзіне ў Амурскай вобласці, недалёка ад мяжы з Кітаем. У 1985 годзе скончыў Вайсковы фінансава-эканамічны інстытут Мінабароны Расіі і пасля служыў лейтэнантам у Тындзе (Амурская вобласць).

Паводле даных BelPol, у Беларусі мужчына пражыў шмат гадоў і з 2003 года працаваў аўдытарам як індывідуальны прадпрымальнік. ІП ён закрыў напрыканцы 2019 года. Вядома, што з пачатку 2021 года мужчына — удавец.

У сацсетках Аляксандр не хаваў сваіх антыпуцінскіх і антылукашэнкаўскіх поглядаў.

З 2022 года мужчына жыў за межамі Беларусі. Яшчэ вясной 2025 года ён публікаваў фотаздымкі з Польшчы. Але пазней Рудчык з невядомых прычын апынуўся ў Беларусі.

Аляксандр Рудчык у Польшчы ў сакавіку 2025 года. Фота з ягонага фэйсбука

Нядаўна Брэсцкі абласны суд вынес Аляксандру прысуд. Яго прызналі вінаватым па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх стварэнне злачыннай арганізацыі (ч. 2 арт. 285), удзел у тэрарыстычнай дзейнасці (арт. 290-3, ч. 2 арт. 290-4) і ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы (ч. 1 арт. 361-3).

Адметна, што па гэтых артыкулах судзілі толькі ветэранаў Палка Каліноўскага — Васіля Верамейчыка, Васіля Грачыху і Максіма Ралько. Ці ваяваў Аляксандр Рудчык, невядома.

Яму пагражала да дваццаці гадоў калоніі.

Дакладна прысуд невядомы, але цяпер мужчына ў калоніі.

Чытайце таксама:

Былога міліцыянера асудзілі за жаданне ваяваць у Палку Каліноўскага. Пагражала да 15 гадоў калоніі

Сталі вядомыя падрабязнасці крымінальнай справы ў дачыненні да Верамейчыка і Грачыхі

«Набліжаецца момант пералому сітуацыі». Вадзім Кабанчук пра план для беларусаў

Каментары да артыкула