БЕЛ Ł РУС

Былы афіцэр ФСБ расказаў, як уцякаў з Расіі ў чэраве здохлай каровы

14.05.2026 / 13:38

Антось Жупран

Брытанскае выданне The Telegraph апублікавала інтэрв’ю з 47‑гадовым Дзмітрыем Сеніным — былым палкоўнікам ФСБ, які на працягу васьмі гадоў хаваецца ад расійскіх спецслужбаў. Сярод іншага мужчына падзяліўся досведам падпольнага жыцця ў Расіі і незвычайным метадам перасячэння мяжы.

Дзмітрый Сенін. Скрын відэа: telegraph / YouTube

Кар’ера Дзмітрыя Сеніна пачалася ў 2001 годзе ў Калмыкіі. 22‑гадовы выпускнік універсітэта прыйшоў у ФСБ на хвалі барацьбы з тэрарызмам. Дзякуючы паспяховай працы на Паўночным Каўказе ён хутка прасунуўся па службе, атрымаўшы медаль Суворава і медаль «За адвагу» (апошні — асабіста з рук Уладзіміра Пуціна). У сярэдзіне 2000‑х яго перавялі ў Маскву, у элітнае ўпраўленне «М», якое займалася барацьбой з карупцыяй у сілавых структурах, а затым у Кантрольнае ўпраўленне ФСБ. Кар’ера ішла ўверх, і ён разлічваў стаць генералам ФСБ.

Паводле Сеніна, праблемы пачаліся ў 2016 годзе, калі на яго стол трапіла аператыўная інфармацыя. Мужчына не расказвае падрабязнасці таго, ад каго і як ён яе атрымаў, але кажа, што яму стала вядома пра падазроную элітную кватэру ў Маскве, звязаную з высокапастаўленым афіцэрам паліцыі. Ён перадаў калегам інфармацыю. Наступны рэйд выявіў у кватэры $120 мільёнаў наяўнымі — адзін з найбуйнейшых грашовых канфіскатаў у сучаснай гісторыі Расіі.

Паведамлялася, што кватэра была зарэгістраваная на сястру намесніка начальніка ўпраўлення эканамічнай бяспекі і супрацьдзеяння карупцыі МУС палкоўніка Дзмітрыя Захарчанкі. Яшчэ больш грошай знайшлі ў яго машыне.

Захарчанка пасля атрымаў 13 гадоў калоніі за хабарніцтва і перашкоду следству. Але Сенін сцвярджае, што пасля гэтага ўнутры ФСБ пачалі шукаць, хто менавіта перадаў інфармацыю пра кватэру.

У лютым 2017 года, паводле слоў мужчыны, ён атрымаў папярэджанне, што яго збіраюцца арыштаваць. У той жа дзень Сенін пакінуў жонку і траіх дзяцей у Маскве і ўцёк у Грузію з падробленым пашпартам. Вечарам таго ж дня калегі прыйшлі з ператрусам у яго дом.

Расійскія ўлады абвінавацілі Сеніна ў стварэнні карумпаванай групы разам з Захарчанкам, якая займалася маштабным крышаваннем бізнэсу, а таксама ў тым, што паміж імі нібыта былі роднасныя сувязі. Сенін усё гэта адмаўляе.

Пазней пракуратура абвінаваціла былога афіцэра ФСБ у тым, што ён дапамог Захарчанку атрымаць высокую пасаду ў МУС і выступаў пасярэднікам паміж Захарчанкам і адным з тых, ад каго той атрымліваў хабар. У 2023 годзе Сенін быў завочна асуджаны да дзевяці гадоў пазбаўлення волі.

Асаблівую небяспеку сітуацыі надавала тое, што Сенін меў найвышэйшы ўзровень допуску да сакрэтнай інфармацыі ў Расіі — доступ да матэрыялаў «асаблівай важнасці» (гэта вышэй за «цалкам сакрэтна»). Такія супрацоўнікі не могуць проста пакінуць краіну, таму яго ўцёкі ў Маскве маглі ўспрыняць як пераход на бок Захаду.

У інтэрв’ю The Telegraph Сенін настойвае, што гэтага не было. Ён сцвярджае, што не перадаваў сакрэтаў заходнім спецслужбам і не атрымліваў ад іх дапамогі. Наадварот, паводле яго версіі, ён нават вярнуўся ў Расію, каб паказаць: ён не перабежчык накшталт Сяргея Скрыпаля ці Аляксандра Літвіненкі.

The Telegraph піша, што пасля знікнення Сеніна расійскія спецслужбы сапраўды арганізавалі яго пошук у Еўропе. У расследаваннях аўстрыйскіх спецслужбаў згадваецца былы супрацоўнік аўстрыйскай контрразведкі Эгіста От (Egisto Ott), якога абвінавачваюць у працы на расійскую разведку. Паводле матэрыялаў справы, ён шукаў Сеніна ў Харватыі і выкарыстоўваў паліцэйскія базы даных для яго адсочвання.

Вяртанне ў Расію

Паводле слоў Сеніна, знаходзячыся за мяжой, ён разумеў, што на яго палююць і што яго «час заканчваецца». Таму ён вырашыў выкарыстаць логіку ФСБ супраць іх саміх і… вярнуўся ў Расію.

Вяртанне павінна было не толькі збянтэжыць пераследнікаў, якія ніколі б не падумалі шукаць «здрадніка» ўнутры краіны, але і даказаць яго сябрам і кіраўніцтву ў ФСБ, што ён не перабежчык.

Як піша выданне, вяртанне былога афіцэра ФСБ у Расію пацверджана матэрыяламі крымінальнай справы супраць Ота, аднак наступная частка гісторыі Сеніна цяжка паддаецца верыфікацыі. Ён сцвярджае, што гадамі жыў у Маскве пад прыкрыццём, спрабуючы ачысціць сваё імя.

Сенін паказаў рэдакцыі фотаздымак таго часу, на якім яго цяжка пазнаць: ён выглядаў як аматар хэві-металу з лішняй вагой і валасамі да плячэй.

Іншыя спосабы маскіроўкі ўключалі інвалідную каляску, а затым мыліцы і імітацыю кульгання. Каб не раскрыць сябе, ён не мог вярнуцца да жонкі і дзяцей, якія заставаліся ў Маскве.

Сенін сцвярджае, што ў яго былі сябры ў ФСБ, якія ведалі пра яго вяртанне і дапамагалі трымаць сувязь з блізкімі. Да сям’і ён вярнуцца не мог, але таемна назіраў за дзецьмі каля школы і перадаваў ім лісты праз схованкі.

Пазней ён прыйшоў да высновы, што супрацьстаяць сістэме бессэнсоўна. Аналізуючы справу Захарчанкі, Сенін прыйшоў да высновы, што той быў толькі захавальнікам грошай ад гіганцкай карупцыйнай схемы, у якой удзельнічалі самыя магутныя людзі пуцінскай Расіі. Цяпер ён лічыць, што мільёны ў кватэры прызначаліся для перадачы на самы верх краіны ў канцы кожнага года.

Хітры план уцёкаў

Такім чынам, ён пачаў планаваць другія ўцёкі. Але расійскае ўварванне ва Украіну ў лютым 2022 года ўскладніла задачу.

Улады ўзмацнілі ахову межаў. Стэпавая мяжа з Казахстанам, якую ён збіраўся выкарыстаць, цяпер кантралявалася цеплавізарамі. Аднак Сенін прыдумаў незвычайны план.

Паводле яго аповеду, у Расіі існуюць строгія правілы ўтылізацыі загінулай жывёлы — кароў, якія здохлі ад хвароб. Гэта дорага і марудна. Таму многія фермеры каля мяжы з Казахстанам проста выкідваюць тушы на трактарах у «нічыйную зямлю» паміж краінамі. Сенін вырашыў пакінуць краіну ўнутры цела адной з такіх кароў.

Мужчына не ўдакладняе, як ён дабраўся з Масквы да мяжы. Але арганізацыя аперацыі, якая залежала ад сеткі кантрабандыстаў, заняла два месяцы.

Халодным вераснёўскім днём 2022 года ён надзеў процівагаз і гумовы касцюм, каб абараніцца ад пахаў, і залез у тушу каровы. Яго дадаткова абгарнулі фольгай, каб схаваць цяпло цела ад камер памежнікаў. Час быў выбраны ідэальна: восень азначала адсутнасць снегу, але было дастаткова холадна, каб пазбегнуць мух і лічынак.

Мясцовыя кантрабандысты пагрузілі тушу з Сеніным унутр на трактар, перавезлі праз мяжу і скінулі ў яры, які выкарыстоўваўся як могільнік для жывёл. Паводле слоў мужчыны, ён праляжаў у карове гадзіну, чакаючы, пакуль памежнікі страцяць цікавасць да гэтага раёна.

Пасля ён выбраўся з тушкі, прапоўз некалькі соцень метраў па полі і дабраўся да месца сустрэчы, дзе яго чакаў былы супрацоўнік казахстанскага КДБ на матацыкле.

Жыццё ў Еўропе

З Казахстана Сенін вылецеў у Чарнагорыю і папрасіў палітычнага прытулку. Аднак яго арыштавалі па запыце Інтэрпала, выдадзеным Расіяй. Ён правёў у турме пяць месяцаў, пакуль у лютым 2023 года чарнагорскія ўлады не адмовіліся выдаваць яго Маскве, прызнаўшы пераслед палітычным.

У матэрыялах аўстрыйскіх спецслужбаў, з якімі азнаёміліся журналісты The Telegraph, адзначаецца: «Нельга цалкам выключыць, што запыт з Манака таксама служыць для высвятлення месцазнаходжання Дзмітрыя Сеніна ў інтарэсах Расійскай Федэрацыі».

Сенін пасяліўся ў Чарнагорыі разам з сям’ёй, але пагрозы працягваліся. Паводле яго слоў, еўрапейскія спецслужбы двойчы папярэджвалі яго пра небяспеку. На машыне яго жонкі знайшлі GPS-маяк, а ў мясцовай прэсе апублікавалі дадзеныя яго пашпарта.

У 2024 годзе ён зноў пакінуў сям’ю і пераехаў у іншую еўрапейскую краіну, назву якой The Telegraph не раскрывае з меркаванняў бяспекі.

У лістападзе таго ж года, у дзень пасяджэння па справе Ота ў Аўстрыі, у расійскай прэсе з’явіліся чуткі, што Сенін быў забіты ў крымінальнай перастрэлцы ў Чарнагорыі. Паводле слоў мужчыны, гэта было зроблена для таго, каб справакаваць яго выйсці на сувязь і выдаць сваё месцазнаходжанне. Аднак ён не паддаўся на правакацыю, нават дазволіўшы сям’і паверыць у яго смерць.

Амаль адначасова Інтэрпал атрымаў другі запыт на арышт Сеніна. Гэтым разам не ад Расіі, а ад Манака. Былы афіцэр ФСБ упэўнены, што гэты запыт быў ініцыяваны расійскай агентурай у княстве. Як член арганізацыі, Расія мае доступ да баз даных Інтэрпала, што дазволіла б ФСБ знайсці яго ў выпадку затрымання.

Зараз Сенін жыве ў падполлі, вядзе юрыдычную барацьбу і пастаянна азіраецца, баючыся расійскіх груп ліквідацыі. Пры гэтым ён усё яшчэ спадзяецца калісьці вярнуцца ў Расію.

Чытайце таксама:

ФСБ: Падазраваныя ў замаху на генерала ГРУ Аляксеева былі завербаваныя СБУ пры садзейнічанні спецслужб Польшчы

Вялікабрытанія назвала імёны 18‑ці пуцінскіх шпіёнаў

Хрыста Грозеў: ад рамантыка-радыёаматара да чалавека, які выкрыў самыя змрочныя таямніцы ГРУ і ФСБ. Як яго вербавала спецслужба Люксембурга і як ён вымушаны хавацца цяпер

Каментары да артыкула